Перада мною пажаўцелы ад часу трыццаць пяты нумар газеты “За совецкую Радзіму” (так некалі называлася наша газета) за 3 ліпеня 1946 года. Увагу прыцягнуў невялічкі допіс Л. Хадзінскай “На адбудову роднага Мінска”, у якім расказвалася пра актыўных хлопцаў і дзяўчат Вілейшчыны, што ўключыліся ў працу па аднаўленні Мінска. Тады ў сталіцы разгарнулася вялікае будаўніцтва – пачалі ўзводзіцца аўтамабільны і трактарны заводы. Забягаючы наперад, скажу, што агульнымі сіламі важныя будоўлі хутка былі завершаны: серыйная вытворчасць аўтамабіляў пачалася ўжо ў 1948 годзе, а трактарны завод выпусціў першыя трактары ў 1953-м. Ды гэта было потым, а пакуль што ў краіне разгарнулася вялікая пасляваенная будоўля…

“Яны жадаюць хутчэй аднавіць і адбудаваць нашу прамысловасць, – напісана ў газетным матэрыяле васьмідзясяцігадовай даўнасці, – каб наша рэспубліка стала багацейшай і квітнеючай, а жыццё народа заможным і багатым”.
Аўтар пісала пра хлопцаў і дзяўчат з Вілейшчыны, якія паехалі ў Мінск на ўзвядзенне важных аб’ектаў. Там моладзь атрымала прафесіі электраманцёраў, муляраў, токараў, слесараў, і пачаліся новыя працоўныя будні – ужо не ў сельскай гаспадарцы, а на вытворчасці. Адна з дзяўчат даслала дадому ліст, у якім напісала:
“Зараз у мяне пачалося новае жыццё. Я выбрала сабе прафесію электраманцёра. Вельмі рада, што ў далейшым буду ўдзельнічаць у адбудове нашай роднай сталіцы – Мінска. Прыкладу ўсе свае сілы для таго, каб поўнасцю авалодаць новай прафесіяй, каб быць актыўным будаўніком новага шчаслівага жыцця”.
Не проста так мяне зацікавіў гэты невялічкі матэрыял невядомай Л. Хадзінскай, напісаны восем дзясяткаў гадоў таму. Пра тое, як нават сяльчане Вілейшчыны працавалі на будаўніцтве важных для краіны заводаў у сталіцы, неаднаразова чула ад сваёй матулі. Яна, на той час яшчэ чатырнаццацігадовая дзяўчынка, таксама хадзіла на “шараварку” – так тады называлі сяльчане кампанію па зборы камення, якое затым вагонамі адпраўлялі ў сталіцу. Дзяржаве патрэбен быў танны будаўнічы матэрыял, таму вяскоўцы збіралі каменне, якое там, у Мінску, выкарыстоўвалася для пракладкі пад’язных шляхоў, заводскіх пляцовак, жылых мікрараёнаў для рабочых і для іншых мэтаў.
– Нялёгкая гэта была праца, – прыгадвае матуля. – Пальцы былі падзёрты да крыві. Бывала, як возьмешся за камень, на ім застаецца крывавы след. Пальчатак, якія нам выдавалі, хапала на дзень—для працы. Але ж усе разумелі, што важную справу робім, патрэбную для краіны, а значыць, для кожнага з нас. Цяжкая праца, але аплочвалася добра. Памятаю, з якой радасцю бегла дадому з зарплатай я, чатырнаццацігадовая дзяўчынка, усведамляючы, што за месяц маёй працы на “шараварцы” на той час нясу добрую суму грошай.
Па маладзёжным закліку тады многія сельскія хлопцы і дзяўчаты паехалі ў Мінск, каб там атрымаць новыя прафесіі і працаваць ужо непасрэдна на важных будоўлях. “Можа, паехала б і я, – разважае матуля, – ды хто ж возьме – непаўнагадовая. Вунь колькі часу прайшло, а як чую што пра МАЗ і МТЗ, адразу прыгадваю канец саракавых гадоў, “шараварку”, падзёртыя рукі, заробленыя нялёгкай працай грошы і машыны, гружаныя сабраным намі каменнем. Мы ведалі: яно вельмі патрэбна на будоўлях, і гэта натхняла, давала сілы”.
Маленькі матэрыял у старой газеце, а столькі ўспамінаў абудзіў пра тое, што некалі перажылі нашы бацькі і дзяды ў няпростыя пасляваенныя гады.
Ірына БУДЗЬКО







