Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Няхай збудзецца ў новым годзе!

Прапановы і пажаданні нашых чытачоў, якія паступілі ў рэдакцыю ў апошні час, хочацца назваць адным словам – пераднавагодняе. З надзеяй на галоўнае: усё, што непакоіць людзей, будзе пачута і ўвасобіцца ў жыццё ў новым годзе.

А пачнём з падзякі добраму чалавеку. Пастаянная чытачка нашай газеты Вера Іванаўна Герко з вёскі Куляшы Куранецкага сельсавета расказала вось што:
– У адзін з выхадных я, як звычайна, была на службе ў касцяневіцкім касцёле. Калі яна закончылася, накіравалася дамоў. З Касцяневіч да Куляшоў шлях для чалавека з хворымі нагамі вельмі няпросты. Тым больш, калі пераадольваць яго пешшу. Выйшла я на дарогу, а тут спыняецца ля мяне легкавая машына. Высветлілася, гэта ехаў жыхар вёскі Карэкаўцы Пётр Максімавіч Саковіч са сваёй жонкай. Гэтыя неабыякавыя людзі давезлі мяне не толькі да прыпынку, а амаль што дадому. Не за плату, а проста так, па сваёй дабрыні. Ну як мне аддзякаваць гэтым чулым людзям? Памалюся за іх, як і за ўсіх тых чалавечных і спагадлівых, з якімі мяне зводзіла жыццё.
Неяк надзвычай цёпла і светла стала на душы пасля размовы з Верай Іванаўнай.
Жыхарка вёскі Стайкі Марыя Іванаўна Жалняровіч звярнулася ў рэдакцыю з пажаданнем гандлёвым работнікам:
– Чамусьці так атрымліваецца, што ў наш магазін прывозяць хлеб перад самым закрыццём, не заўсёды паспееш купіць свежага. Мы, вяскоўцы, хочам звярнуцца да тых, хто адказвае за работу гандлёвай кропкі: пастарайцеся зрабіць так, каб хлеб прывозілі крышку раней.
Што ж, упаўне зямное жаданне, якое, думаецца, рэальна ўвасобіць у жыццё.
Ад імя жыхароў вёсак Суцькі, Людвінова, Кастыкі Касцяневіцкага сельсавета ў рэдакцыю звярнулася Валянціна Аляксандраўна Чараповіч. У пенсіянераў гэтых населеных пунктаў такое пажаданне: каб аўтобус «Вілейка-Бубны» заходзіў у Людвінова, што было б зручна сталым людзям, а то аўтобусны прыпынак вельмі ўжо далёка.
Цікавыя думкі выказаў віляйчанін (на жаль, ён не назваўся), які нядаўна пазваніў у рэдакцыю:
– Зіма, мноства рыбакоў адусюль едуць на вадасховішча. Што ж, справа добрая. Але ці глядзеў хто, што застаецца пасля іх? Смецце, бутэлькі… А гэта ж некалі трапіць і ў ваду. Чаму такія спажывецкія адносіны да прыроды? Толькі і чуеш, як рыбакі хваляцца, хто колькі «ўзяў» рыбы. А што аддалі ўзамен? Пра гэта не думаюць,іх, відаць, не хвалюе, што застанецца дзецям і ўнукам. Лічу, што ў справе рыбнай лоўлі патрэбен кантроль. Няхай набываюць ахвотнікі пасядзець з вудамі на лёдзе членскія білеты, хоць нейкі мізер збярэцца, які можна будзе выкарыстоўваць на добраўпарадкаванне.
Згодна, пытанне важнае, над ім трэба падумаць – сур’ёзна і ўсім. А ўвогуле, верыцца, што ўсё тое, што хвалюе нашых чытачоў, абавязкова ажыццявіцца,бо, як вядома, пра што пад Новы год марыш, тое абавязкова збудзецца…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries