Чалавек на сваім месцы. Так звычайна кажуць пра тых, хто сумленна і плённа працуе па абранай прафесіі на працягу многіх гадоў.

Вадзіцель грузавога аўтамабіля філіяла «Аўтобусны парк №5» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінаблаўтатранс» Уладзімір Грынкевіч, які за рулём амаль паўвека, якраз з такіх. З дзяцінства марыў стаць шафёрам і зрабіў усё для таго, каб мара гэта ажыццявілася.
– Грузавы і аўтобусны парк былі тады, калі я прыйшоў працаваць, адной арганізацыяй, – прыгадаў даўняе Уладзімір Іванавіч. – Вадзіцельскія правы атрымаў у школе, а ў арганізацыі на свой першы «газон» сеў, калі споўнілася васямнаццаць. Затым была армейская служба, пасля якой вярнуўся на ранейшае месца. Вось і кручу баранку да гэтага часу…
ГАЗ, ЗІЛ, МАЗ – гэта маркі машын, на якіх за доўгі час Уладзіміру Іванавічу давялося папрацаваць. Нярэдка, адзначыў, выпадалі і далёкія камандзіроўкі. З самых вядомых аб’ектаў прыгадвае будаўніцтва дзвюх Мінскіх кальцавых, рэканструкцыю Гомельскай і Магілёўскай дарог. Дастаўляў грузы і на рэканструкцыю Віцебскай. Шмат дзе пабываў, папрацаваў, і аб усім захоўвае добрыя ўспаміны.
Вопытнага вадзіцеля ў аўтобусным парку цэняць, у яго вучацца маладыя калегі. Сумленная праца Уладзіміра Грынкевіча не раз адзначалася граматамі ды падзякамі розных узроўняў. Аднак самая, бадай, дарагая сэрцу адзнака яго працы – нагрудны знак Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь «Ганаровы транспартнік», якім яго ўзнагародзілі ў 2024 годзе. Так высока адзначаны яго асабісты ўклад у работу транспартнай галіны нашай краіны, дасягненне высокіх вынікаў у працы і заслугі ў прафесіянальнай дзейнасці.
У вольны ад работы час Уладзімір Іванавіч, як і кожны гаспадар прыватнага дома, завіхаецца на сваім падворку.
– З вясны да восені без справы не сяджу», – адзначае ён.
А калі ўсё ж выпадае вольная хвілінка, то яе звычайна праводзіць… таксама з аўтамабілем – рамантуе-падладжвае свой уласны. І гэта, кажучы сучаснай мовай, яго хобі.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена героем публікацыі








