Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тут усё ад слова «люба»

Да сваіх сарака чатырох гадоў жыхарка Любані Ірына Пыск паспела папрацаваць у сельскай гаспадарцы па многіх прафесіях, пачынаючы ад даяркі і заканчваючы бухгалтарам, пасаду якога зараз займае ў ААТ «Новая Любанія».

– Ды і гэта не ўсё, – усміхаецца, расказваючы аб прафесіях, Ірына Іванаўна, – яшчэ дзяўчынкай дапамагала маме на авечкагадоўчай ферме, пасвіла авечак. Ужо тады пачала зарабляць свае першыя грошы, як кажуць, на кішэнныя расходы. І буракі разам з маці палола, як і ўсе сельскія дзеці, і са сваёй скацінай дапамагала ўпраўляцца. Карацей, з дзяцінства не баялася сялянскай працы. Цяпер іншы раз паглядзіш, як бесклапотна бавяць час некаторыя падлеткі, і міжволі прыгадаеш сваё дзяцінства. Дапамагалі дарослым, працавалі, і, ведаеце, было цікава, а не цяжка…

Так склалася, што пасля заканчэня школы Ірына пайшла працаваць у родную гаспадарку даяркай, а крыху пазней перайшла на свінаферму. У хуткім часе ў асабістым жыцці дзяўчыны адбыліся змены – яна выйшла замуж у вёску Більцавічы. Маладыя крыху пажылі ў бацькоўскай хаце мужа, разам са свекрывёй. У маладой сям’і ўжо нарадзіўся першынец – сын Антон, калі Ірына вырашыла вучыцца. Паступіла ў сельгаскаледж, выбраўшы накірункам фермерскую гаспадарку. Вучоба, адз­начае цяпер Ірына Іванаўна, дала ёй многае і ўсяму навучыла. Так маладая жанчына стала дыпламаваным спецыялістам і ў хуткім часе пачала працаваць у гаспадарцы бухгалтарам.

– У гарачую пару жніва ці падчас пасяўной мне даручалі яшчэ і быць адказнай за гэта, – падзялілася Ірына Іванаўна. – Была я ў свой час брыгадзірам, пасля – аграномам. Вось і сёлета на ўборачнай выконвала абавязкі агранома. Справа, канешне ж, надзвычайна адказная. З шасці раніцы, а то і раней была ўжо на працы і практычна да цямна. Не ведаю, як было б, калі б мела сваю гаспадарку… Раней, калі жылі яшчэ ў Більцавічах, трымалі на падворку скаціну, а калі атрымалі ад гаспадаркі добраўпарадкаваную кватэру ў Любані, то магчымасці такой не стала – жывём на другім паверсе, як кажуць, па-гарадскому.

Некалькі гадоў назад Ірына Іванаўна аўдавела – муж загінуў у дарожна-транспартнай аварыі, пакінуўшы яе з дваімі дзецьмі. Было нялёгка, але ж, як кажуць, час найлепшы лекар, які паступова прытупляе любы боль. Ды і трэба ж было парадкаваць дзяцей, выво­дзіць іх у самастойнае жыццё.

– Антон некалькі сезонаў працаваў на ўборачнай памочнікам камбайнера, нават у газеце пра яго пісалі, – расказвае пра сына Ірына Іванаўна. – А сёлета на жніве ён быў заняты на сушылцы. А ўвогуле працуе ў гаспадарцы слесарам. У Антона ўжо свая сям’я. Прыемна, што і Аня, яго жонка, працуе ў «Навай Любаніі» брыгадзірам, завочна вучыцца ў каледжы на агранома. Як калісьці, дарэчы, і я сама.. Маладыя жывуць разам са мной, таму не адчуваю сябе адзінока. Ды і дзевятнаццацігадовая дачка Даша, якая вучыцца ў каледжы на тэхнолага хлебапякарскай вытворчасці, у выхадныя спяшаецца дамоў. Збіраемся, дзелімся навінамі, нешта ўспамінаем, плануем – і нам добра, камфортна разам. Наведваемся і да мамы, якая жыве ў роднай Тураўшчыне. Там ды на бацькаўшчыне мужа ў Більцавічах праводзім многа часу, бо і агароды садзім на прысядзібных участках, і бульбы больш за пяцьдзясят «сотак». Карацей, гародніны хапае ўсім, а лішкі бульбы іншы раз нават і прадаём. Хоць і невялічкае, а ўсё ж папаўненне сямейнага бюджэта…

Некалі раней, прыгадала Ірына Іванаўна, калі ў яе выпадала вольная хвілінка, яна з задавальненнем вязала, а цяпер робіць гэта значна ра­дзей – не заўсёды ёсць вольны час, асабліва ўлетку.

– Як, напэўна, усе жанчыны, люблю кветкі і з задавальненнем вырошчваю іх, стараюся знайсці час, каб збегаць у сезон у лес, каб сабраць ягад ды грыбоў. Ды гэтым, думаю, жывуць усе вясковыя жанчыны…

Цёпла і з удзячнасцю гаварыла Ірына Іванаўна пра калектыў, у якім ёй пашчасціла працаваць. Тут заўсёды зразумеюць, падкажуць, дапамогуць, і гэта надзвычайна важна.

Прыемна і тое, што яе працу ў гаспадарцы цэняць. Як доказ гэтага – уручэнне да прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – Ірыне Пыск падзячнага ліста за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта Алега Бегунца і падарунка. Так адзначана яе шматгадовая сумленная праца ў роднай гаспадарцы.

Уручылі ўзнагароды на месцы, няхай сабе і не ў шматлюднай (не дазваляе цяпер гэтага складанае эпідэміялагічнае становішча), але ва ўрачыстай абстаноўцы.

Загаварылі з Ірынай Іванаўнай пра жыццё. Ці не шкадуе яна, што ў свой час выбрала вёску? А што, калі б паехала жыць у горад?

– Калі шчыра, дык пра гэта асабліва і не задумвалася, – без роздуму адказала жанчына. – Ды і не гарадскі я чалавек зусім. А вось вёска – гэта маё. Тут мая бацькаўшчына, мае дзеці, калегі – усе тое, што так блізка, дорага сэрцу і люба. Любаншчына ж якраз ад гэта слова…

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries