Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Яе жыццёвае крэда: Галоўнае – любіць людзей

Менавіта гэта стала жыццёвым крэда Марыі Гардзей, сацыяльнага работніка з Журых. Яна прадстаўляе кагорту людзей, паслугі якіх у перыяд пандэміі асабліва патрэбны людзям.

У аддзяленні надомнага абслугоўвання Марыя Гардзей пяты год. Да гэтага ж ёй, спецыялісту па тэхналогіі апрацоўкі металаў, давялося даволі працяглы час папрацаваць і ў гандлі, і ў бібліятэцы, а пасля закрыцця сельскай чытальні жыццёвая сцяжынка прывяла Марыю Анатольеўну ў сацработнікі.

– Калі шчыра, я тады не ўяўляла, наколькі сур’ёзная наша работа, – дзеліцца цяпер жанчына. – Працаваць з лю­дзьмі справа няпростая. Мы для іх і памочніцы ва ўсім, і крыху медработнікі, і, што вельмі важна, псіхолагі. Нямоглым людзям, асабліва адзінокім, вельмі важна, каб іх выслухалі, з імі пагаварылі, супакоілі, падказалі. Сярод маіх падапечных ёсць адзінокая бабулька, і я разумею, што для яе патрэбны асаблівыя падыход і ласка. А яшчэ абслугоўваю тры сямейныя пары, якім лёс падараваў доўгае сумеснае жыццё, і гэта вельмі важна. Кожны з гэтых людзей – скарбніца мудрасці, яркі прыклад, як трэба жыць і працаваць.

У перыяд пандэміі ўсё большай колькасці людзей патрабуецца сацыяльная падтрымка. Усе разумеюць, што ў гэты няпросты з-за эпідэміялагічнай сітуацыі час нямоглым людзям рэкамендавана як мага меней кантактаваць з іншымі. І гэта зразумела. Але ж кожнаму чалавеку патрэбны прадукты харчавання і лекі, трэба аплаціць паслугі і тэрмінова наведаць банк ці пошту. У гэтых справах ім на дапамогу прыходзяць сацыяльныя работнікі і валанцёры. Напачатку не ўсе з падапечных, расказала Марыя Анатольеўна, правільна ўспрымалі яе ў масцы. Маўляў, для чаго гэта? Сёння пра важнасць захавання прафілактычных мер ведаюць ўсе і выконваюць належныя патрабаванні.

Больш за трыццаць гадоў сям’я Гардзей жыве ў Журыхах. За гэты час, прызнаецца мая суразмоўца, гэты куточак Вілейшчыны стаў ёй другой маленькай радзімай. Хоць і пра першую – Лепельшчыну – яна нярэдка ўзгадвае. Нагадвае пра дзяцінства і родныя мясціны матуля, якая цяпер жыве ў яе, бо з‘яўляецца інвалідам першай групы, таму клапатлівая дачка яе даглядае. І кожны раз, прыходзячы да сваіх падапечных, міжволі ўяўляе яе, сваю мамачку. Пра яе ёсць каму клапаціцца, а ў некаторых жа нікога з родных побач няма…

– Я вельмі люблю лю­дзей, – прызнаецца Марыя Анатольеўна. – Усіх: і сваіх падапечных, і аднавяскоўцаў, і калег па рабоце, і наша кіраўніцтва, да якога можна звярнуцца з любой праблемай і ведаць, што зразумеюць і дапамогуць. Такія загадчыца нашага аддзялення Данута Раманоўская, наш інспектар Вольга Радзевіч, мае калегі Марына Акуньковіч і Алена Крот…

Добры чалавек заўважае вакол сябе толькі добрае – гэта адзначана не мной. Вось і Марыі Анатольеўне, добразычлівай, спагадлівай, клапатлівай, шанцуе на такіх жа людзей. Дарэчы, і ў асабістым жыцці – таксама. Марыя Анатольеўна з мужам Мікалаем Мікалаевічам выгадавалі двух дастойных сыноў, якія парадавалі бацькоў ча­тыр­ма ўнукамі. А яны, дзеткі, – гэта кветкі жыцця…

Дарэчы, пра кветкі. Мая суразмоўца ўжо даўно захапляецца і прысвячае іх развядзенню і вырошчванню шмат часу. Улетку ў яе кветніку толькі адных лілей было каля трохсот штук. Душа радуецца, прызнаецца жанчына, калі глядзіш на такую прыгажосць, і самы пахмурны дзень здаецца вясёлкава-святочным.

А яшчэ Марыя Анатольеўна любіць кулінарную справу. Пірагі, булкі, ватрушкі атрымліваюцца ў яе надзвычайна смачнымі. Сваёй выпечкай жанчына частуе не толькі родных, але і сваіх падапечных. Урэшце, і яны для яе таксама родныя.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена ДУ «ВТЦСАН»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 35 queries