Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сцены для будучыні

Класці кладку, скажу я вам, справа не простая. Не кожны мужчына зможа гэта зрабіць. Але ў будаўнічым упраўленні №195 горада Вілейкі з гэтай нялёгкай справай спраўляюцца на выдатна тры прыгожыя жанчыны- муляры: Крот Людміла Станіславаўна, Станкевіч Галіна Міхайлаўна і Кароль Ніна Канстанцінаўна.
Прараб упраўлення, Сяргей Шакуля, характарызуе іх адным словам – талковыя. Нарадзіўшыся ў вёсцы, яны з маленства не цураліся цяжкой работы. Горад прывабліваў іх сваёй таямніцай і навізной. Ім хацелася рамантыкі. Так і прыехалі яны ў Вілейку, атрымалі будаўнічую спецыяльнасць і засталіся працаваць ва ўпраўленні. Тут знайшлі яны сваіх другіх палавінак, пабудавалі сем’і. На сённяшні дзень іх стаж па спецыяльнасці складае больш за 25 гадоў. Амаль што ўсе будаўнічыя аб’екты ў горадзе ўзводзіліся з іх удзелам. Гэта пятая школа, Вілейская паліклініка, Дом быту і многа іншых. Дапамагалі яны і калегам з суседніх раёнаў. Ідучы па вуліцы і паказваючы вынікі сваёй працы дзецям, звычайна чуюць пытанне: «Ці ёсць у горадзе дамы, якія ты не будавала?».
мулярыУспамінаючы пра мінулае, жанчыны прызнаюцца, што тады было весела,бо ўсе былі маладыя. Ды і калектыў падабраўся што трэба. Усе разам удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ездзілі на сельскагаспадарчыя работы ў калгас. З усмешкай на твары ўспамінаюць жанчыны, як спяшаліся з работы ў кніжны кіёск, каб набыць новую цікавую кнігу. Каб вярнуць час назад, кажуць яны, усё роўна пайшлі б працаваць на будоўлю. Тут і на салярый не трэба траціць грошы. Яны паспявалі ўсё: працаваць, прыгатаваць смачную страву, забраць дзетак з дзіцячага сада. Не адказваюцца яны папрацаваць і ў выхадны дзень, бо разумеюць, што на іх ускладваюць надзеі тыя, хто марыць пераехаць у новую кватэру. Глядзіш на гэтых цудоўных жанчын і думаецца: колькі прайшло гадоў, а яны засталіся такімі ж прыветлівымі, простымі і адданымі сваёй справе.
Ужо даўно выраслі іх дзеці. Не могуць нарадавацца жанчыны сваімі ўнукамі, якія часта наведваюцца да бабуль. У вольны час яны займаюцца вырошчваннем кветак. Доўгімі зімовымі вечарамі любяць узяць у рукі спіцы і сваімі рукамі зрабіць падарунак блізкім. Таксама падабаецца ім займацца вышыўкай.
Галіна Станіславаўна, калі пойдзе на заслужаны адпачынак, марыць перабрацца на дачу, якую яна, дарэчы, будуе сваімі рукамі. З захапленнем расказвае, як будуць упрыгожваць яе двор кошыкі з кветкамі, размаляваныя колы.
Асабліва любяць яны жаночае свята, таму што у калектыве пануе атмасфера ўзнёслага настрою . Не забывае павіншаваць са святам сваіх жанчын і адміністрацыя прадпрыемства. Калегі – мужчыны таксама не застаюцца ў баку і заўсёды знойдуць цёплыя словы для сваіх прыгажунь. А 8 сакавіка яны збяруцца за сямейным сталом усе разам. І прагучаць віншаванні для сваіх любімых мамуль і бабуль.
У народзе кажуць – чалавек на сваім месцы. Гэтыя словы поўнасцю можна аднесці да нашых гераінь. Сапраўдныя майстры сваёй справы, цікавыя субяседніцы, шчырыя, адкрытыя жанчыны.
Дзмітрый КАРОЛЬ
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 54 queries