Сярод тых дастойных людзей, якіх па выніках працы за мінулы год прынята рашэнне занесці на Дошку гонару нашага раёна, ёсць і кандыдатура Пятра Седага, які названы ў ліку лідараў у намінацыі «Лепшы работнік сельскай і лясной гаспадаркі, меліярацыі». Што тут скажаш, такога высокага прызнання яго шматгадовай працы Пётр Вячаслававіч заслужвае спаўна.

Міжволі прыгадваюцца летнія сюжэты, калі мы, журналісты, разам з кіраўніцтвам раёна і самадзейнымі артыстамі выязджалі ў гаспадаркі, каб павіншаваць перадавых удзельнікаў жніва. Прыязджаючы ў адкрытае акцыянернае таварыства «Новая Вілія», не раз сустракаліся з перадавым сямейным экіпажам Седых. Бацька Пётр Вячаслававіч і сын Яўген аднымі з першых прымацоўвалі таблічкі з запаветнымі лічбамі на кабіну свайго камбайна і тут жа пачыналі адлік да новай тысячы тон намалочанай збажыны…
Здаецца, зусім нядаўна было гэта ўсё, і ўспаміны пра мінулагодняе жніво яшчэ зусім свежыя. А на дварэ ўжо, лічы, май, і гэта значыць, што не так далёка і да новага жніва. Чым заняты сямейны экіпаж цяпер? Якія планы на сёлетнюю ўборку? На гэтыя пытанні Пётр Вячаслававіч адказаў без роздумаў:
– Пакуль што заняты звыклай вадзіцельскай справай. Сын таксама працуе тут, у гаспадарцы. Па выніках мінулагодняга жніва мы з ім намалацілі каля трох тысяч тон збожжавых. Планы на гэта лета? Канешне ж, будзем і сёлета працаваць разам. Пра канкрэтныя лічбы ды планы, думаю, гаварыць рана. А што будзем старацца, то гэта бясспрэчна.
Урэшце, па-іншаму яны, бацька з сынам, проста не ўмеюць.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота з архіва рэдакцыі







