Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Памылка маладосці

Дзеці. Яны не просяць сваіх бацькоў даць ім жыццё – гэта рашэнне бацькі ў свой час прымаюць самі. Толькі вось не ўсе з іх усведамляюць сваю адказнасць за лёс дзяцей.

Свайго сына-першынца Галіна нарадзіла зусім юнай. Пазней, гаворачы пра той час, яна называла з’яўленне дзіцяці памылкай маладосці і для доказу гэтага заўсёды ўдакладняла: расла ў забяспечанай сям’і, добра вучылася і ўжо была ў кроку ад паступлення ў інстытут (нават на падрыхтоўчых курсах займалася!), сябравала з добрым хлопцам, які ўжо вучыўся ў медыцынскім. Што і казаць, перспектывы былі вясёлкавыя… А тут – выпадковае знаёмства з «прахадзімцам» (менавіта так называла жанчына бацьку свайго старэйшага сына), які да таго ж аказаўся жанатым, і некалькі сустрэч, падчас якіх падзеі разгортваліся вельмі хутка…

Неўзабаве «каханы» гэтак жа хутка знік, як і з’явіўся, а дзяўчына хутка зразумела, што чакае дзіця…. Не варта расказваць, якім стрэсам стала гэта і для яе, і для бацькоў, колькі нерваў спатрэбілася ім, каб прыняць сітуацыю. І ўсё ж яе прынялі і вырашылі не губіць дзіця. Так у маладой мамы-­адзіночкі нарадзіўся Андрэйка.

Адносіны да малога ў юнай мамы з самага пачатку не былі цёплымі. Гледзячы на чырвоны тварык нованароджанага, Галіна ўжо тады бачыла ў ім рысы таго, хто разрушыў яе планы і ўсё жыццё, і са слязьмі паўтарала: «Каб не ты, усё было б зусім па-іншаму…» Мудрая маці Галіны, чуючы такія словы, толькі дакорліва ківала галавой, маўляў, што з яе хацець – сама яшчэ дзіця.

Ішоў час, Андрэйка падрастаў, а мацярынскія пачуцці Галіны ўсё не прачыналіся. А вось бабуля з дзядулем, наадварот, агортвалі малога сваімі любоўю і клопатам і ўжо не ўяўлялі, што гэтага бойкага хлапчука ў іх жыцці магло не быць. Так і рос Андрэйка пры бабулі і дзядулі, якіх вельмі любіў, а маці, якую, як сястру, называў Галяй, бачыў у яе нячастыя прыезды. Таму і адносіны іх былі даволі халодныя. Маладая жанчына тым часам уладкоўвала сваё жыццё: працавала і завочна вучылася, выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок.

Прайшлі гады. Андрэйка вырас, закончыў каледж і пайшоў працаваць на завод. Як і раней, ён жыве з бабуляй (дзядуля гадоў некалькі назад памёр). Спрабаваў хлопец стварыць сям’ю, ды нешта не склалася – зноў вярнуўся ў дом, дзе вырас. Вырашыўшы крыху палепшыць фінансавае становішча, па­ездзіў Андрэй па свеце, але разбагацець так і не атрымалася. «Такі ўжо лёс у яго нешчаслівы, з самага нараджэння хлопцу не шанцуе, – заўсёды з жалем кажа бабуля. – Нікому не быў патрэбны, акрамя нас з дзедам…» І за гэтым «нікому» жанчына спрабуе схаваць крыўдныя словы пра дачку.

А ў яе, у Галіны, усё ў жыцці склалася добра. Спагадлівы муж, паслухмяныя дочкі, дастатак, любімая работа – ёсць усё. Не знайшлося месца ў гэтым пераліку толькі сыну, пра якога яна і зараз нячаста гаворыць. Ды і што гаварыць – памылка маладосці, прыняць якую яна так і не змагла. Ці не хацела?

Дзеці. Яны не просяць сваіх бацькоў даць ім жыццё – гэта рашэнне бацькі ў свой час прымаюць самі. Толькі вось не ўсе з іх усведамляюць сваю адказнасць за лёс дзяцей. А так важна – дапамагчы ім, дочкам і сынам, у жыцці, даць тыя арыенціры, да якіх трэба імкнуцца і да якіх абавязкова трэба вяртацца. І яшчэ – даць любоў і цяпло, якія дарослыя дзеці абавязкова ў свой час вернуць сваім бацькам. Так устроена жыццё.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries