Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Па слядах маці: як Аксана Карніловіч знайшла сябе ў прафесіі і сям’і

Гераіня сённяшняй жаночай старонкі – з разраду тых, хто, на першы погляд, нічым не вылучаецца сярод іншых. Звычайная жанчына, шматдзетная мама, адна з лепшых працаўніц у калектыве… А можа, гэта і ёсць тое важнае, за што яна заслугоўвае ўвагі і людской павагі? На маю думку, так яно і ёсць.

Пра аператара машыннага даення малочна-таварнай фермы «Добравічы» РСУП «Першы Беларускі» Аксану Карніловіч я ўпершыню пачула, калі сёлета мы пабывалі на ферме ў рамках прафсаюзнай акцыі «Жывёлавод». Характарызуючы лепшых працаўнікоў, брыгадзір фермы Алена Сяліцкая ўзгадала і Аксану Эдвінаўну. І ўжо тады мне чамусьці захацелася напісаць пра гэту звычайную і, разам з тым, незвычайную жанчыну.

Па слядах маці
Аксана нарадзілася ў невялічкай вёсачцы Заблошчына Людвіноўскага сельсавета. Бацькі – сельскія працаўнікі – заўсёды мелі на падворку жывёлу, упраўляцца з якой ім дапамагалі і дзеці.
– Даіць і даглядаць карову для мяне было звыклай справай, – прыгадала дзіцячыя гады Аксана Эдвінаўна. – Ды і мама да таго ж працавала даяркай, а я заўсёды ёй дапамагала. Таму працоўны шлях быў ужо прадвызначаны з дзяцінства.

У маладосці жыццёвая дарога прывяла Аксану ў Мядзельскі раён, куды яна выйшла замуж. Аднак так склалася, што праз пэўны час жанчына з трыма дзецьмі вярнулася на малую радзіму, пайшла працаваць на добравіцкую ферму. Мясцовая гаспадарка выдзеліла даярцы кватэру, дзе заўсёды пануюць згода і парадак.

Мацярынскае шчасце
Галоўным у жыцці Аксана Эдвінаўна лічыць сваіх траіх дзяцей. Яны і гонар, і шчасце, і дапамога, і надзея матулі. Дачка Наталля скончыла Ваенную акадэмію і ўжо працуе ў Валожынскім раёне. Сыны – адзінаццацікласнік Аляксей і сямікласнік Канстанцін – пакуль што дома і яшчэ вызначаюцца з выбарам прафесій. Кім бы яны ні сталі, галоўнае – каб былі добрымі людзьмі. Так лічыць іх матуля і стараецца, каб так і атрымалася ў жыцці. Бо любая праца, нават самая непрыкметная, упрыгожвае, робіць чалавека чалавекам.

«Другая сям’я»
Так мы звычайна называем калектыў, дзе працуем. Для Аксаны Эдвінаўны гэта тыя людзі, побач з якімі яна працуе на ферме. Ці з усімі атрымліваецца знаходзіць агульную мову?
– З людзьмі трэба па-людску, – мудра зазначае сціплая жанчына. – А як жа іначай? Працуем разам, адну справу робім.

Пра сябе яна доўга расказваць не стала, маўляў, раблю сваю справу і ўсё. Затое ў брыгадзіра фермы Алены Сяліцкай знайшлося што сказаць пра Аксану.
– Працаваць можна па-рознаму, – зазначыла Алена Пятроўна. – Можна, што называецца, абы з рук, а можна – старанна, адказна, з душой. Так, як робіць Аксана Карніловіч. Пра такіх, мне здаецца, і трэба пісаць.

Такая вось яна, звычайная і, разам з тым, незвычайная жанчына – Аксана Карніловіч. Клапатлівая матуля, дбайная працаўніца і чулая жанчына.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота з сямейнага архіва гераіні матэрыяла

Проект создан за счёт средств целевого сбора на производство национального контента при поддержке Министерства информации

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 230 queries