Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хто дбае, той і мае

«Прыгажосць выратуе свет» – і ў гэтым неаспрэчны сэнс, бо любы нармальны, свядомы чалавек цягнецца да прыгожага і імкнецца ствараць хараство сваімі рукамі.

Бывае, ідзеш па вуліцы, не-не, ды і зачэпішся позіркам за акуратна дагледжаную сядзібу, патанаючую ў кветках і зеляніне дрэў, з бялюткімі фіранкамі на вокнах і акуратным агародам.
Зайздросны чалавек зняважліва кіне: «Ат, няма ім чаго рабіць, як кветкі пад вокнамі садзіць», – і зноў усядзецца на канапу, злажыўшы рукі і навастрыўшы ядавіты язык у чаканні «добрага дзядзі», які ўсё зробіць за яго, а не зробіць, дык і гары яно гарам – сам палец аб палец нізашто не ўдарыць.
Зусім не такія тыя гаспадары з вёскі Журыхі Любанскага сельсавета, у якіх давялося мне пабываць, бо жывуць яны згодна прынцыпу: хто дбае, той і мае.
Першая сядзіба з краю вёскі вабіць вока сваім кветнікам.
– Жыллё ў нас службовае, адносіцца да райаграсервісу, – расказвае гаспадыня Марына Шабан. – Ужо восем год, як мы жывём тут.
Мы – гэта яна сама з мужам Міхаілам Міхайлавічам і трое дзетак: старэйшы, Мікіта, перайшоў у дзевяты клас, сярэдні, Максім, – у шосты, молодшы ж, Мацвей, наведвае дзіцячы садок у Любані. Марына Аляксандраўна працуе педагогам-арганізатарам у Любанскай школе, муж – вадзіцелем у падсобнай гаспадарцы «Талуць».
– Чацвёра мужчын у сям`і – няпросты клопат, хто ж дапамагае гаспадыні?
– Кожны па здольнасці, кожны па магчымасці, – дорыць усмешку гаспадыня і працягвае: – І муж, і самі дзеці. Напрыклад, у суботу я працую, таму з таго часу, як Мацвею споўнілася два гады, па суботах Мікіта даглядае яго сам.
– Спраўляецца?
– На «выдатна»!
– Хутка ў школу. Выдаткі, вядома, немалыя на такую сям`ю. Ці ёсць якая дапамога?
– Стараста вёскі падказала пра адрасную сацыяльную дапамогу шматдзетным, сабралі неабходныя даведкі, ды не падыходзім па заробках. Збіраемся сваімі сіламі. У нас закладваецца ашчаднае стаўленне да рэчаў, каб нешта засталося ў спадчыну і малодшым.
Гэтым летам старэйшы Мікіта працаваў спачатку ў школьным будаўнічым атрадзе, зараз – на зернетаку. Усё ж падспор`е для сям`і, ды і занятак у хлапца ёсць, і матэрыяльная узнагарода за старанную працу.
Азіраюся навокал: дагледжаныя кветкі паабапал дарожкі, арка з вінаграду, плецены плот, пушка ў кветках як элемент дэкору, басейн з пакрышкі ад вялікага аўтамабіля, акуратныя гаспадарчыя пабудовы – ва ўсім гэтым дбайная праца гаспадароў.
– Калі толькі паспяваеце? – міжволі вырываецца пытанне.
– Так склалася, што мяне з дзяцінства прывучылі да парадку, а ў мамы заўсёды ў двары было шмат кветак. Кветкі ж, як і дзеці, наша жыццё і наша радасць.
– Свой дом, свой агарод, пэўна, ёсць у гаспадарцы і кароўка?
– Ёсць і кароўка, ёсць і куры. Плануем завесці парасят, трэба толькі прыбудоўку да хлеўчука зрабіць.
Для сябе заўважаю, што ў гаспадарцы ёсць і каты, якія з цікавасцю паглядаюць на незнаёмага чалавека з-за вугла.
– Колькі ні працуй, работы меней не становіцца. Ці знаходзіцца час для сумеснага адпачынку?
– Сапраўды, – пагаджаецца са мной гаспадыня, – усю работу не пераробіш, а хочацца і дзецям нешта новае паказаць, і самім цікава свет паглядзець, таму наш любімы від адпачынку – падарожжы. Неабавязкова ехаць за мяжу за незабыўнымі ўражаннямі. У мінулым годзе, напрыклад, мы наведалі Курган Славы, Хатынь, у гэтым аб`ехалі вакол Нарачы па месцах баявой славы, пабывалі на стравусінай ферме ў Пастаўскім раёне. Дзеці нават пяро стравуса прывезлі дадому як сувенір. Традыцыйна любімае месца маіх мужчын – Лінія Сталіна. Колькі б разоў мы там ні былі, іх усё роўна цягне туды як магнітам, пэўна, сказваецца любоў да тэхнікі.
– Марына Аляксандраўна, якія схільнасці вы можаце адзначыць у дзяцей? Кім у будучым іх бачыце?
– Мне здаецца, што старэйшы болей гуманітарый, «сябруе» з камп`ютарам. Сярэдні добра разбіраецца ў любой тэхніцы, майстар на ўсе рукі, разбярэ і збярэ ўсё сам. Ды і малодшы неабыякавы да розных механізмаў.
А ўвогуле, жаданне матулі, каб сыны знайшлі сваё месца ў жыцці, сталі добрымі людзьмі, а выбраная прафесія была ім даспадобы.
Я думаю, што жаданне Марыны Аляксандраўны спраўдзіцца, бо база для гэтага ў сям`і Шабан досыць трывалая, а, як вядома, менавіта з сям`і і пачынаецца чалавек. Якое выхаванне ён атрымае, якія навыкі набудзе, з якімі традыцыямі пазнаёміцца – тое і пранясе праз усё жыццё, перадаючы ў спадчыну ўжо сваім нашчадкам…

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 172 queries