Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Для ўсіх іх я мама…»: гісторыя прыёмнай маці Галіны Пенталь

Дом, дзе адаграваюцца дзіцячыя сэрцы. Такім у ідэале павінен быць кожны дом, дзе выхоўваюцца прыёмныя дзеткі. Пра адзін з такіх і пойдзе размова. У Галіны Пенталь, якая жыве ў Макаўі па II Нарачанскім завулку, ён такі і ёсць. Больш за дваццаць пяць дзяцей у свой час знайшлі тут не толькі цяпло і дах над галавой, але і мацярынскія любоў, клопат і ласку за два дзясяткі гадоў працы Галіны Францаўны прыёмнай маці.

 

 

Дом, дзе жывуць дзеці

Зараз у Галіны Францаўны жывуць чацвёра дзяцей: браты Улад і Іван (старэйшаму шаснаццаць гадоў, малодшаму – чатырнаццаць), Руслана, якой таксама чатырнаццаць, і дзесяцігадовы Ягор. Усе яны, акрамя Улада, былі дома ў дзень майго наведвання сям’і.

 

Ва ўтульным пакоі, дзе мы размаўлялі, усё без слоў гаворыць пра тое, што тут гаспадараць дзеці. Кніжкі, цацкі, шматлікія дзіцячыя альбомы на паліцы – гэта ўсё з жыцця прыёмных хлопчыкаў і дзяўчынкі, якія тут зараз жывуць. Ды і жылі раней, бо Галіна Францаўна беражліва захоўвае фотаздымкі і альбомы ўсіх сваіх выхаванцаў.

Як усё пачыналася

Галіна нарадзілася і вырасла ў Вілейцы таксама ў мнагадзетнай сям’і – у бацькоў іх было трое. Яна заўсёды любіла бавіць час з малышнёй, таму і пайшла пасля школы вучыцца на выхавальніцу, працавала ў дзіцячым садку. Выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей. Жылося няпроста, таму ўладкавалася на завод буддэталяў – у вялікай сям’і не лішнім быў кожны дадатковы рубель. Аднак да дзяцей вельмі цягнула, і праз восем гадоў жанчына зноў вярнулася ў садок.

– Памятаю, па тэлебачанні тады паказвалі рэкламу пра дзяцей, якія па нейкіх прычынах засталіся без сям’і, – прыгадала Галіна Францаўна. – «Мама, я шукаю цябе!» – гэтыя іх словы ўсхвалявалі, запалі ў душу. А чаму б, падумалася, мне не стаць прыёмнай мамай? Абмеркавалі гэта з мужам і прынялі цвёрдае рашэнне. Звярнуліся ў райвыканкам, прайшлі ўсе неабходныя службы, і праз пэўны час наша сям’я пачала папаўняцца.

У асноўным, адзначыла жанчына, да іх паступалі дзеткі з дыягназам, таму трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб не толькі стварыць ім камфортныя ўмовы для жыцця і вучобы, але і лячыць малых. Сярод дзетак былі і зусім маленькія, груднічкі, якія, як вядома, і здаровенькія патрабуюць асаблівых увагі і клопату. З усім справілася жанчына, яка вельмі рана засталася без мужа. Было рознае, аднак успамінаць пра цяжкасці не ў характары Галіны Пенталь.

«Для ўсіх іх я мама…»

Так ужо атрымліваецца, што ўсе прыёмныя дзеці пачынаюць так называць Галіну Францаўну вельмі лёгка і хутка. Значыць, адчуваюць яе непадробныя цеплыню і клопат. Вось і ў час нашай размовы Руслана з Ягорам не раз падыходзілі, туліліся да матулі, якая з любоўю гладзіла іх па галовах.

– Гэта і ёсць найвялікшая радасць – бачыць іх шчаслівыя вочкі, – з любоўю глядзела яна на дзяцей.

Дапамога і клопат

І яны, прыёмныя сыны і дачушка, стараюцца аддзячыць матулі за ўсё, што яна для іх зрабіла і робіць. Улад, які сёлета паступіў вучыцца ў каледж на повара, з задавальненнем дапамагае на кухні, гатуе смачныя стравы; Іван па-гаспадарску сочыць за парадкам на падворку; Руслана, як і належыць дзяўчынцы, прыбіраецца дома, даглядае за кветкамі і хатнімі гадаванцамі.

«Мы не дзелім работу на мужчынскую і жаночую, стараемся ўсё рабіць разам, – расказала Галіна Францаўна. – І святкуем таксама разам. Дні нараджэння дзяцей – абавязкова. Улетку любім адпачываць у двары, дзе для дзяцей ёсць і батут, і басейн, і арэлі. Ёсць і турнік, на якім займаецца Іван – ён хоча стаць выратавальнікам, зараз наведвае заняткі ў клубе юных выратавальнікаў-пажарных. Хочацца, каб усё ў іх, маіх дзетак, добра склалася ў жыцці, каб яны былі шчаслівымі».

Так, дзеці, якім яшчэ ў маленстве выпала многае перажыць, як ніхто іншы, заслугоўваюць быць шчаслівымі. Пра гэта клапоціцца і іх прыёмная мама, дзякуючы якой сэрцы некалі вострых, пакрыўджаных лёсам і дарослымі дзяцей адтаялі, адагрэліся і адкрыліся свету і людзям.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота аўтара і з сямейнага архіву Галіны ПЕНТАЛЬ.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 238 queries