Ролік у ЦікТоку, у якім маці другакласніка скардзілася на зусім незразумелы малому верш Уладзіміра Карызны «Самая лепшая», мне, прызнаюся шчыра, напачатку падаўся пастановачным. Задалі дзеткам вывучыць верш якраз цяпер, у гэтыя сакавіцкія дні, калі адзначаецца свята жанчын. Ды вось незадача – для некаторых пачаткоўцаў справа гэта аказалася непад’ёмнай. Дакладней, не столькі для дзяцей, колькі для іх бацькоў. Вось і мучаецца, ламае язык і галаву маці, водзячы пальцам па кнізе і выдаючы зусім ёй незразумелае: “ВеснЯй заранАчкай свеціць, лашчЫць, як звон ручая…” Пра што ідзе размова, жанчына не разумее. А як тады зразумець сэнс яе сыну-другакласніку? «Это трэш какой-то» – такое заключэнне робіць у канцы жанчына…
І сапраўды, трэш. Толькі не ў тым, што напісана (радкі ж такія па-беларуску напеўныя і цёплыя!), а ў «адукаванасці» жанчыны. Дзе яна нарадзілася і дзе вучылася? Калі сям’я жыла недзе ў іншай краіне і ў Беларусь пераехала нядаўна, то гэта адна справа. Ды і ў гэтым выпадку вывучаць мову краіны, дзе жывеш, трэба. Калі ж відэа запісала і вынесла на ўсеагульнае абмеркаванне ўчарашняя выпускніца беларускай школы, то зразумець яе цяжка. Гэта, паўтару яе словы, і сапраўды трэш.
Родная мова. Для кожнага народа яна з’яўляецца асновай культурнай ідэнтычнасці, сродкам перадачы з пакалення ў пакаленне сваіх традыцый, гісторыі. Берагчы мову – значыць, падтрымліваць унікальную духоўную спадчыну, разнастайнасць і багацце грамадства. Менавіта яна, мова, захоўвае арыгінальнасць свайго народа ў сучасным свеце. Пакуль будзем яе ведаць і размаўляць на ёй, датуль будуць ведаць у свеце пра нас, беларусаў – працавітых, самадастатковых, таленавітых людзей.
У снежні мінулага года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю запусціла праект «Кожная пятніца – роднае, сваё», які заклікае беларусаў аддаваць перавагу свайму: насіць адзенне беларускіх вытворцаў, ужываць нашы прадукты, цікавіцца культурай сваёй Радзімы, чытаць і размаўляць на роднай мове. Інфармацыйная работа вядзецца актыўна, і да праекта далучаюцца грамадскія арганізацыі, аб’екты культуры, установы адукацыі. І гэта здорава, што роднае аб’ядноўвае ўсё больш людзей.
Але ж вернемся да таго, з чаго пачыналі. Трэба прызнаць, што сваю мову мы і сапраўды ведаем слаба. «Июнь – это как на белорусском?» Выпадкова пачула на днях, як адказ на гэта пытанне шукала ў сяброўкі студэнтка вышэйшай навучальнай установы. Прытым, гуманітарнай. Што сказаць? Усё той жа трэш…
Ірына БУДЗЬКО








