Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чалавек на сваім месцы : цялятніца Іна Мандрык працуе ў «Алай зары» 17 год

Падчас рэспубліканскага суботніку ў «Алай зары» на добраўпарадкаванні сельскагаспадарчага аб’екта працавалі супрацоўнікі райвыканкама на чале са старшынёю Анатолем Завацкім. І пакуль працоўны дэсант фарбаваў, рамантаваў, разбіраў старыя будынкі, рыхтаваў сенажную траншэю і наводзіў парадак на тэрыторыі, на ферме працягваліся звыклыя клопаты.

Няпростая і адказная праца ў сельскай гаспадарцы, але цялятніцы Іны Мандрык, якая ў «Алай зары» працуе 17 год, яна па душы. «Маё гэта, – сцвярджае яна. – Цяляты – яны як дзеці, патрабуюць пільнага догляду і клопату, увагі. Мінулай зімой на мяне адну было 80 галоў – але справілася, нягледзячы на напружанасць і складаныя умовы надвор’я: каб трапіць да клетак з цялятамі, прыходзілася ўручную чысціць снег».

Пакуль цяляты маленькія, да 2 месяцаў іх гадуе Іна Міхайлаўна, а потым цяляты пераходзяць да яе напарніка Андрэя Анасовіча. Каб зразумець, які чалавек Іна Мандрык, дастаткова паназіраць, як «дзеткі» ў спецыяльных доміках сочаць за ёю, цягнуцца, ніколькі не палохаючыся.

«Не ўсе будуць цялятнікамі, – адзначае Іна Мандрык. – Цялят трэба любіць. Нарадзілася цялё – яго трэба дзён пяць выпаіць малозівам з соскі, тыдні два – проста з соскі малаком, а потым перасаджваеш на вядзёрка. А пакуль перасадзіш яго, і рукі пакусае, і пальцы, пакуль зразумее, што яму трэба. У сярэднім пры нараджэнні вага цялят 28-30 кілаграм. Здаралася, былі ў мяне цяляткі невялікія, па 11 кілаграм – я іх таксама выгадоўвала».

Ганарыцца Іна Міхайлаўна не толькі працоўнымі вынікамі. Галоўнае ў яе жыцці – дзеці. Старэйшая дачка Дзіяна дызайнер, падарыла бабулі дзвюх унучак, якім ужо 15 і 8 год. Вярнуўся з арміі сын Юрый, які жыве разам з маці ў Крывым сяле. Іна Мандрык – чалавек, пра якіх кажуць, «ад зямлі». Яе праца незаўважна шырокаму колу людзей, але менавіта на такіх, як яна, трымаецца беларуская вёска.

Таццяна ШАРШНЁВА/ Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 192 queries