«Берагіні палявога тылу» — так можна назваць тых жанчын, якія ў гэтую гарачую жніўную пару кормяць аграрыяў. Пра адну з іх размова.
Ірына Нарэйка — повар адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Любанія», больш за дзесяць гадоў яна корміць хлебаробаў. За плячыма жанчыны шматгадовая праца ў грамадскім харчаванні. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Ірына Генадзьеўна не стала сядзець без справы і згадзілася выконваць важную і адказную справу — карміць аграрыяў. Вось і цяпер ідзе чарговая ўборачная, і жанчына, як і заўсёды, на сваім пасту.

Клопаты повара ў аграпрамысловым комплексе істотна адрозніваюцца ад тых, якімі жывуць, дапусцім, рэстаранныя калегі (у Ірыны Генадзьеўны ёсць і такі багаты вопыт). Тут, ў сельскай сталоўцы, не да рэстаранных далікатэсаў. «Вяскоўцы працуюць у гэту адказную пару вельмі напружана, таму і сіл ім трэба многа», — так разважае наконт гэтага жанчына. — «І ад таго, як яны працуюць, залежыць лёс будучага ўраджаю. У народзе кажуць: як пад’ясі, так і папрацуеш. Вось з улікам гэтага і складаем нашы штодзённыя меню, у якіх — наварыстыя першыя стравы, на другое — абавязкова катлеты, адбіўныя, смажаніна ці рыба, сытны гарнір. Стараемся, каб абеды былі не проста смачнымі і каларыйнымі, але і разнастайнымі».
Спрактыкаваны спецыяліст, Ірына Генадзьеўна ўмее працаваць хутка, не губляючы часу на лішняе. Кожнае дзеянне, кожны рух повара вывераны дзясяткамі гадоў працы. І вось ужо, глядзіш, падымаецца пара над бакамі, шквірчаць патэльні — кіпіць работа на кухні. А пах такі, што, як кажуць, і сыты не адмовіцца паспрабаваць смачных страў.
Прыкладна паўсотні абедаў рыхтуе штодзённа жанчына. Харчуюцца аграрыі і ў сталовай, і на палях, куды абеды дастаўляюцца ў азначаны час. На свежым паветры яны, як дзеляцца самі аграрыі, спажываюцца з апетытам, бо па-дамашняму смачныя і каларыйныя.
Падсілкуюцца хлебаробы — і з новымі сіламі за справу. «Дзякуй, гаспадыня!» — гэта Ірына Генадзьеўна заўсёды чуе ад тых, каго смачна корміць, і адказ яе — ад шчырага сэрца: «Смачна есці!». І яно сапраўды смачна.
Ірына БУДЗЬКО







