Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Тэма тыдня: прыватнікі павінны быць, але не дзеля прыватызацыі; павялічэнне будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай на 100 тыс. м2 штогод і пераход ад строгіх абмежаванняў да пошуку новых рашэнняў у барацьбе з пандэміяй

У Беларусі не будзе прыватызацыі, каб дагадзіць «шарлатанам з-за мяжы». Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, узгадняючы назначэнне Сяргея Нікіфаровіча генеральным дырэктарам ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць гэта прадпрыемства, паколькі гэта беларускі брэнд і здабытак, як і многія іншыя заводы. Ён заявіў, што, каб дагадзіць каму-небудзь з-за мяжы, у Беларусі не будуць прыватызаваць усё і ўся.
«Чаму я з такім хваляваннем стаўлюся да прадпрыемстваў? Не таму, што я не разумею, што прыватная ўласнасць павінна і можа існаваць, – сказаў Прэзідэнт. – Мы выпрацавалі стойкі імунітэт да несправядлівасці. Нідзе, ні ў якой краіне не было справядлівай прыватызацыі. Калі мы хочам у гэты вір акунуць нашу краіну і 10 мільёнаў насельніцтва і потым хадзіць ахкаць і вохкаць, зразумеўшы, што не туды зай­шлі, – гэта ўжо без мяне і, упэўнены, без вас». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нельга забраць у грамадзян тое, што стваралася мільёнамі людзей, і аддаць аднаму інвестару. «Таму вельмі хацелася б, каб БЕЛАЗ у нас працаваў надзейна, – дадаў Аляксандр Лукашэнка. – Наша тэхніка па якасці і цане пераўзыходзіць замежныя аналагі. Гэта наша перавага, і мы павінны яе ўтрымліваць на міжнародных рынках».
Паводле слоў Прэзідэнта, ён вельмі ўважліва вывучаў кандыдатуру Сяргея Нікіфаровіча, паколькі Беларускі аўтамабільны завод – унікальнае прадпрыемства. Ён адзначыў, што ўнутры краіны кар’ерныя самазвалы практычна не выкарыстоўваюцца, а на сусветных рынках канкурэнцыя вельмі жорсткая. «Вы сярод трох-чатырох прадпрыемстваў у свеце, і трэба аддаць належнае – БЕЛАЗ да гэтага часу трымае ўзровень і аб’ёмы рынку. І трэба разумець, што за вамі горад. Няма БЕЛАЗа – няма Жодзіна», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
«З пачатку 2021 года запланавана штогод павялічваць будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай на 100 тыс. кв.м. Мы плануем выйсці на практычна 1,5 млн кв.м жылля з дзяржпадтрымкай у 2025 годзе – прычым удзельная вага будаўніцтва такога жылля вырасце з 26 працэнтаў у 2021 годзе да 33 працэнтаў у агульным аб’ёме», – расказаў Руслан Пархамовіч, міністр архітэктуры і будаўніцтва.
У 2020 годзе да ўводу прадугледжана ў цэлым 4 млн кв.м жылля, паводле ацэнкі міністра, гэты паказчык будзе выкананы. «У далейшым мы плануем нарошчваць будаў­ніцтва жылля на 100 тыс. кв.м штогод, – адзначыў Руслан Пархамовіч. – Плануем выйсці да 2025 года на 4,5 млн кв.м жылля». Паводле слоў міністра, у Мінску будзе будавацца не больш як 600 тыс. кв.м жылля ў год. «Уся ўвага будзе пераведзена на гарады-спадарожнікі, якіх у Мінска пяць, таму асноўнае жыллё будзе будавацца там», – растлумачыў міністр.
Па выніках 2020 года ў гарадах-спадарожніках прадугледжаны ўвод каля 50 тыс. кв.м жылля, у наступным годзе – 280 тыс. кв.м, да 2025 года – 1 млн кв.м. Найбольш актыўна будуць узводзіць жыллё ў Смалявічах.
СOVID-19 зноў на ўздыме ў Еўропе, і краінам трэба вырашыць, якія меры прыняць, каб спыніць другую хвалю пандэміі. На думку дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханса Клюге. У палове краін рэгіёна за апошнія два тыдні колькасць інфіцыраваных павялічылася больш як на 10 працэнтаў, а ў сямі краінах гэты паказчык падвоіўся. «Вясной і ў пачатку лета мы ўбачылі вынік строгіх каранцінных мер. Нашы намаганні, нашы ахвяры былі не дарэмнымі – у чэрвені была зарэгістравана самая нізкая колькасць новых выпадкаў, – нагадаў Ганс Клюге. – Але вераснёвыя лічбы сталі для ўсіх нас сігналам трывогі».
Клюге прызнаў, што ў нейкай ступені гэтыя паказчыкі адлюстроўваюць пашырэнне маштабаў тэсціравання, але яны таксама сведчаць аб выклікаючым трывогу ўзроўні перадачы віруса ў Еўропе. У першы тыдзень верасня рост новых выпадкаў назіраўся ў групе людзей старэйшага ўзросту – ад 50 да 79 гадоў, найбольшая доля заражаных – гэта людзі ад 25 да 49 гадоў. «У які бок паверне пандэмія цяпер, залежыць ад нас. Нам ужо ўдалося пераадоліць яе аднойчы і мы можам зрабіць гэта зноў», – падкрэсліў Ханс Клюге. Ён выступіў за тое, каб краіны рэгіёна прымалі рашэнні на аснове зменлівай сітуацыі і эпідэміялагічных даных.

БелТА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 66 queries