Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Жыві, вёска, і расцвітай!»: як Язні сустракалі гасцей і ўспаміналі мінулае

Жыхары Язняў чакалі даўно гэтага дня, таму хваляваліся і рыхтаваліся вельмі старанна. У поўдзень 16 жніўня пляцоўка каля клуба ажыла і напоўнілася гукамі музыкі, як у старыя добрыя часы, калі тут працаваў Язненскі СДК. І свята пачалося…

Яно пайшло па звыклым сцэнарыі, але ўсё роўна стала адметным, таму што чалавечы фактар у кожнай вёсцы свой, і людзі ўносяць у свята непаўторны каларыт. А жыхары Язняў менавіта такія: вясёлыя, працавітыя, таленавітыя і гасцінныя.

Вядучыя – артысты Даўгінаўскага СДК – віталі самых старэйшых жыхароў Станіславу Кузьміч і Канстанціна Сяліцкага і самага малодшага – Данііла Канопскага, а таксама адзіную першакласніцу Ксенію Канэцкую, якая адправіцца ў верасні ў Даўгінаўскую школу.

Госці свята, прадстаўнікі ААТ «Новая Вілія», павіншавалі са святам сваіх работнікаў з Язняў і ўручылі ім падарункі ад гаспадаркі. А спецыялісты Даўгінаўскага сельвыканкама прыехалі са сваімі віншаваннямі і сертыфікатамі ўладальнікам лепшых сядзіб, якімі сталі Станіслава Кузьміч, Святлана Гайбута і Аляксандр Язневіч, і многім заслужаным людзям у Язнях.

У гэты дзень са сцэны гучалі імёны лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, сувязі, культуры, бібліятэкі, гандлю, сацыяльнай службы ў розныя часы. Сяліцкі Людвіг прыгадаў гісторыю вёскі з даўніх часоў да сучаснасці. Успаміналіся вясковыя юбіляры 2026 года і ўсё тое, што адбывалася ў Язнях на працягу дзясяткаў гадоў.

Безліч усмешак, кветак, падарункаў, цёплых слоў, а галоўнае – прыгожых песень-віншаванняў ад артыстаў з Даўгінава, Вілейкі і нават са сталіцы, пад якія самыя энергічныя гледачы з першых нот кінуліся ў скокі.

Вялікі дзякуй усім арганізатарам свята: работнікам і самадзейным артыстам Даўгінаўскага СДК, старасце вёскі Язні Іне Лісіцы, сектару нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Вілейскага Цэнтра культуры, уладальнікам гандлёвых кропак і сферы забаў, язненскім актывістам, якія зрабілі гэты дзень памятным на доўгія гады.

У канцэртнай праграме прагучала песня «Язненскі калейдаскоп», якая была створана ў Язненскім Доме культуры 20 гадоў таму пры падрыхтоўцы да агляду самадзейнасці. Прайшлі гады, але словы песні засталіся актуальнымі, бо вёска жыве, тут гучаць галасы розных пакаленняў, падрастаюць дзеці і радуюцца жыццю на прыродзе шматлікія гараджане-дачнікі:

У Язні да нас запрашаем,
Заўсёды мы рады сябрам.
Ты нам астравок Беларусі,
Жыві, вёска, і расцвітай!
Язненскі калейдаскоп: турботы, спатканні, расстанні,
Язненскі калейдаскоп кружыць з раніцы да змяркання.

Таццяна ЗУБЕЛЬ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 234 queries