14 жніўня ў аграгарадку Селішча адбылося яркае і душэўнае свята, якое аб’яднала жыхароў і гасцей, людзей, якія любяць сваю малую радзіму.

Асаблівай часткай свята стала ўзнагароджанне лепшых жанчын, якія сваімі справамі, працай і талентам уносяць значны ўклад у жыццё аграгарадка. Ганаровыя ўзнагароды ўручыў старшыня Вязынскага сельскага выканаўчага камітэта Ігар Судніковіч.

Неад’емнай часткай свята стаў кірмаш, дзе кожны змог знайсці нешта для сябе: цікавыя вырабы, падарункі і карысныя рэчы. Атмасферу сапраўднага народнага гуляння дапоўнілі сустрэчы, усмешкі і добры настрой.
Яркую канцэртную праграму і арганізацыю свята забяспечылі філіял «Вязынскі сельскі Дом культуры» і сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ГУК «Вілейскі раённы Цэнтр культуры».

Свята ў Селішчы стала яшчэ адной добрай нагодай сабрацца разам, адзначыць людзей, якімі ганарыцца аграгарадок, і проста падарыць адзін аднаму цёплыя эмоцыі і святочны настрой.
Падрыхтавала Таццяна ШАРШНЁВА/ Фота прадастаўлена Наталляй ЧАРТОК







