Вось і прыйшло яно, доўгачаканае цяпло, па якім мы ўсе ўжо засумавалі. Нехта з нас першымі сонечнымі днямі пайшоў у адпачынак, а для працаўнікоў сельскай гаспадаркі разгарнулася адна з важнейшых кампаній – касавіца. І загула на сенажацях тэхніка – касілкі ды падборшчыкі, ад якіх раз-пораз ад’язджаюць загружаныя травяной масай машыны ды трактары, што бяруць курс да сянажных траншэй.
Такую звыклую для гэтага часу дзею «зялёнага жніва» мы на днях назіралі ў ААТ «Новая Любанія» на сенажаці ля Цынцавіч. Тут актыўна ўзяліся за нарыхтоўку кармоў з першых сонечных дзён.
– З мінулага чацвярга косім, – расказаў кіраўнік гаспадаркі Юрый Дуброўскі, з якім мы праехалі па сенажацях гаспадаркі. – Травы ў нас займаюць плошчу ў крыху болей за тысячу гектараў. Сёння (на панядзелак, 8 чэрвеня, – аўт.) ужо будзе закладзена першая тысяча тон сенажу, а ўсяго па плану трэба закласці 14 тысяч тон. Фронт работ вялікі, толькі паспявай усюды… Вось і стараемся. Кожны ведае сваю справу і робіць яе так, як належыць.
Мы пад’ехалі да поля ля Цынцавіч у той момант, калі перадавы механізатар гаспадаркі Юрый Русак, заняты на падборшчыку, якраз пад’ехаў да дарогі і ўжо збіраўся развярнуцца і ісці па чарговай паласе. Юрый Дуброўскі на хвіліну прыпыніў тэхніку, каб даць працаўнікам чарговае заданне. Да нас падышлі і механізатары Сяргей Аўгусціновіч і Дзмітрый Кіжло, занятыя на адвозцы. Аператыўна абмеркаваўшы з імі вытворчыя пытанні, Юрый Дуброўскі даў зразумець, што цяпер не час для доўгіх размоў. А вось фотаздымак руплівых працаўнікоў, зазначыў ён, не будзе лішнім, бо людзі дастойныя добрых слоў і павагі.
– Той жа Сяргей Аўгусціновіч учора перавёз за дзень больш за 60 тон травяной масы, – сказаў кіраўнік гаспадаркі. – А ўсяго ўчора за дзень заклалі 480 тон сенажу. Прыемна працаваць, калі справы ладзяцца ды надвор’е спрыяе…
Аграном па прафесіі і вопытны спецыяліст з больш чым дваццацігадовым стажам, Юрый Дуброўскі да драбніц ведае сваю справу. Нялёгкую, але такую любімую. Асабліва любіць ён сезоны нарыхтоўкі кармоў і жніва. Не лічачыся з уласным часам, Юрый Станіслававіч стараецца ўсюды пабываць асабіста, усё ўбачыць на свае вочы, нешта падкарэкціраваць і зрабіць вывады. Душа радуецца, прызнаўся шчыра, калі спорыцца работа ды не падводзіць тэхніка, а любая непаладка, кожная чыясьці недапрацоўка ўспрымаюцца ў такі час як асабістая непрыемнасць. З дзяцінства бачыў ён, як працуюць земляробы, жыў іх клопатамі і рана зведаў іх сам, таму і не можа быць раўнадушным да любой дробязі, якая перашкаджае працаваць.
– А вунь на тым трактары з граблямі, яшчэ адзін наш перадавік – Ігар Герасімовіч, – паказаў на «Беларус» удалечыні Юрый Дуброўскі. – Таксама старанны працаўнік. У суботу, дарэчы, павіншавалі яго з 51-годдзем…
Цёпла так, як пра блізкага чалавека, сказаў гэта кіраўнік. І стала зразумелым галоўнае: у калектыве, як у вялікай сям’і, ведаюць адзін пра аднаго усё. Так, напэўна, і павінна быць.
Праязджаючы ля Цынцавіч, мы звярнулі да сянажнай траншэі, на якой трамбаваў масу на новенькім «Амкадоры» Іван Сухарэўскі. Ураджэнец Мядзельшчыны, ён гадоў дзесяць таму па волі лёсу прыехаў працаваць у «Новую Любанію». Тут атрымаў ад гаспадаркі дом, дзе і жыве зараз з сям’ёй. Тэхніка новая, надвор’е спрыяльнае – працуй і радуйся, весела зазначыў Іван Іванавіч на нашы пытанні пра настрой і спрытна заскочыў у кабіну. Магутны «Амкадор» крануўся і пачаў узбірацца на травяную «гару», шчыльна ўтрамбоўваючы яе да належнага стану.
Добрым настроем падзяліўся з намі і механізатар Дзмітрый Сялюн, якога мы сустрэлі на сенажаці ля Жаўткоў. У гарачую пару нарыхтоўкі кармоў яго «Беларус-3022» таксама заняты важнай і адказнай справай. Больш за дзясятак гадоў шчыруе механізатар у гаспадарцы на бацькоўскай зямлі, пацвярджаючы народную мудрасць пра «нарадзіўся і прыгадзіўся».
Мы пакідалі гаспадарку апоўдні. Ведалі, што хутка працаўнікам прывязуць на поле абед (пачынаючы з пасяўной, іх тут кормяць двойчы: у абед і пад вечар), механізатарам трэба будзе добра падсілкавацца і крышку адпачыць, бо наперадзе ў іх – напружаная праца. Хіба ж будзеш у такія хвіліны перашкаджаць людзям! Ідучы да дарогі і ўдыхаючы непаўторны водар скошанай травы, у думках згадзілася з Юрыем Дуброўскім, што касавіца – дзея ў сельскай гаспадарцы, бадай, самая прыгожая, непаўторная і надзвычай важная. Як і залатое жніво.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА