Такім прынцыпам кіруецца ў жыцці і дзейнасці валанцёрская група з Вязыні, якую ўзначальвае Раіса Філістовіч.
«Святліцы» ўжо шаснаццаць гадоў, і можна ўявіць, колькі дабрыні і святла падаравала яна за гэтыя гады тым, каму цяжка, адзінока і балюча. З дэвізам «Чым болей аддаеш, тым багацейшым становішся сам» ідуць па жыцці нераўнадушныя людзі – валанцёры і ў гэтым бачаць сваю місію.

Сёлета на ўрачыстым падвядзенні вынікаў работы Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі, у якім удзельнічалі і віляйчане, у ліку лепшых валанцёраў вобласці адзначана і Раіса Філістовіч, кіраўнік валанцёрскай групы «Святліца» з Вязыні. Вось што яна расказала пра дзейнасць групы:
– Наша «Святліца» пачала сваю дзейнасць у маі 2009 года. Валанцёрскі рух «Пенсіянер дапамагае пенсіянеру» толькі зараджаўся. У нашу групу з дванаццаці чалавек увайшлі тады актывісты розных прафесій: настаўнікі, бухгалтары, выхавальнік, эканаміст. На працягу шаснаццаці гадоў мяняліся накірункі нашай работы. Спачатку кожны валанцёр быў замацаваны за канкрэтнымі сем’ямі. Дапамагалі ў гаспадарчых справах (прыбіралі ў кватэрах, палілі печкі), дзяліліся навінамі, рэцэптамі страў. У дні нараджэння дарылі падарункі. Былі сярод падапечных і інваліды, ляжачыя людзі. Мы добра ведалі характары кожнага, і гэта дапамагала правільна будаваць з імі адносіны. Цікава праходзілі сустрэчы-святы ў Доме сезоннага пражывання, надомныя наведванні ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Вязыншчыны. Ладзім сапраўдныя міні-канцэрты, бо сярод нас былі свой музыка і добрыя салісты.
Прайшлі гады, многія нашы падапечныя ды і некаторыя валанцёры пайшлі ў свет іншы. Зараз у нашай групе сем чалавек. Змянілася і сістэма работы валанцёраў – галоўны акцэнт цяпер робім на падрастаючае пакаленне. Усю работу групы можна прасачыць па наступных накірунках.
Юбілейныя этнаграфічныя праекты «Жыві і памятай». Завочныя падарожжы па вогненных вёсках Вілейшчыны і Вязыншчыны, сустрэчы са сведкамі тых падзей, дзецьмі вайны, урокі памяці… У выніку з’явіўся першы раздзел кнігі памяці Вязыншчыны «Гэта трэба ведаць».
Год малой радзімы. Актыўна ўключыліся нашы валанцёры ў напісанне гісторый родных вёсак «Гартаючы памяці альбом». У гэтых апавяданнях-споведзях чытаюцца любоў да родных мясцін, бацькоў, блізкіх. Гэта працаёмкая пошукавая работа валанцёраў таксама занесена ў кнігу памяці Вязыншчыны.
З цікавымі матэрыяламі па тэме «Вязыншчына – зямля творцаў» знаёміць кніга памяці «Гэта трэба ведаць». Нашым дзецям і ўнукам такая інфармацыя надзвычайна патрэбна.
Вельмі важны праект па здаровым ладзе жыцця «Школа здароўя» пад дэвізам «Пазнай і адкрый сябе». З дапамогай літаратурных, псіхалагічных і праваслаўных крыніц мы фарміруем у кожнага жаданне пазнаць сябе, разабрацца ў пытаннях паводзін, правільна будаваць узаемаадносіны з іншымі людзьмі, спасцігаць хрысціянскую этыку і мараль. З дзецьмі праведзены мерапрыемствы па вывучэнні хрысціянскіх традыцый і святаў.
Работа «Святліцы» працягваецца. Скандынаўская хадзьба, тэлефонны патранаж, абмен радаснымі навінамі, віншаванні з юбілеямі, удзел у мерапрыемствах царквы, касцёла, нашых населеных пунктаў – усё гэта і не толькі ёсць у нашым паўсядзённым жыцці.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі







