Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Віляйчанка. Вольга Радзевіч вырасла ў горадзе, а справай жыцця выбрала клопаты на ферме

Навіне пра тое, што бягучы год у нашай краіне аб’яўлены Годам жанчыны, прызнаюся шчыра, абрадавалася. Вось гэта, падумала, правільна. Заслугоўваюць такой пашаны і ўвагі нашы жанчыны. І ўжо толькі тым, што выконваюць наканаваную ім прыродай місію  – даюць новае жыццё. А да гэтага ж яны і клапатлівыя жонкі, дочкі ды сёстры; і сумленныя працаўніцы; і адказныя кіраўнікі… Ды што гэта  – жанчынам, у тым ліку і беларускім, пакарыўся нават космас!

Беручыся за гэты матэрыял, яго гераіняй ужо бачыла канкрэтнага чалавека. Няхай прабачаць паважаныя прадстаўніцы іншых сфер (пра многіх з іх раскажам на старонках газеты ў гэтым знамянальным годзе), аднак зноў вырашыла сказаць цёплыя словы пра тую, хто іх асабліва заслугоўвае, – пра сельскую працаўніцу. Менавіта яны, аграрыі, даюць нам хлеб надзённы і да яго, а гэта пачатак усіх пачаткаў. Вось і мая гераіня з такіх.

Перадавога аператара па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры» Вольгу Радзевіч ведаю даўно. З году ў год прозвішча гэтай працаўніцы называецца ў ліку пераможцаў сярод яе калег з іншых гаспадарак раёна. Ды і не толькі раёна, але пра гэта ў канцы матэрыяла. Таму адну з публікацый пра Вольгу я і назвала «Быць перадавіком – ужо традыцыя». Так яно і ёсць.

Адкрытая, усмешлівая, гаваркая, прыгожая, працавітая – гэта ўсё пра яе. Сустрэнешся раз з такім чалавекам, пагутарыш – і здаецца, што ведаеш яго даўно. Такім было і маё ўражанне пасля сустрэчы з Вольгай Радзевіч. Памятаю, як была прыемна здзіўлена некаторымі момантамі з яе біяграфіі. У прыватнасці, тым, што дзяўчына, якая нарадзілася і вырасла ў горадзе, у свой час памяняла яго на вёску, а справай жыцця выбрала клопаты на ферме. І зусім аб гэтым не шкадуе. Ніколі не палохала яе ні нялёгкая праца з «дзеткамі»-цяляткамі, ні шматлікія дамашнія клопаты мнагадзетнай мамы. Вольга Яўгенаўна выгадавала чацвярых дзяцей, якія зараз ужо выбралі свае жыццёвыя дарогі і ўпэўнена ідуць па іх. Вось і самы малодшанькі ў мінулым годзе пакінуў родны дом, паехаў вучыцца ў сталічны ўніверсітэт. Што ж, дзеці становяцца дарослымі, выходзяць у вялікае жыццё. А матуліна сэрца радуецца іх дасягненням, перажывае, калі нешта не атрымліваецца. Такія мы, мамы…

Мінулы год Вользе Радзевіч запомніўся многім. І працоўнымі дасягненнямі таксама. Так, да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці жанчына была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вілейскага раённага выканаўчага камітэта – у чарговы раз так адзначаны яе добрасумленная праца, высокі прафесіяналізм і ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна.

А літаральна ў самым канцы года прыйшла яшчэ адна прыемная навіна: Вольга Радзевіч прызнана пераможцай у абласным спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу ў 2025 годзе ў намінацыі «Лепшыя працаўнікі, занятыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці» сярод аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Ганаровы дыплом за подпісам старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксея Кушнарэнкі быў уручаны ёй на ўрачыстасці ў Мар’інай Горцы. Такая вось яшчэ адна важная прыступка ў працоўным жыцці Вольгі Радзевіч.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 190 queries