Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Ужо больш за тысячу рублёў сабралі жыхары Вілейскага раёна на рэстаўрацыю Будслаўскага касцёла

1125 рублёў сабралі падчас чарговай дабрачыннай акцыі, якую падрыхтавалі і правялі ерхаўскія культработнікі. Сродкі накіравалі на аднаўленне Будслаўскага касцёла, які пацярпеў ад пажару.

Нядзельным вечарам у Касцяневіцкім касцёле Божай Маці сабраліся вернікі розных узростаў, каб стаць удзельнікамі высакароднага дзейства, арганізаванага ерхаўскімі культработнікамі пад кіраўніцтвам дырэктара сельскага клуба Марыны Юркевіч. «Маці Будслаўская – апякунка Беларусі» – так называлася канцэртная праграма, і ў гэтай назве заключаны галоўны сэнс мерапрыемства.

Кожная святыня вызначаецца сваім непаўторным абліччам ды інтэр’ерам, але ўсе яны, храмы, маюць галоўнае, што іх яднае, – сваіх адданых парафіян. У святы і ў будні спяшаюцца яны ў храмы, каб памаліцца, стаць непасрэднымі удзельнікамі высокага. Для кожнага чалавека тая святыня, дзе некалі яго хрысцілі, куды ён ходзіць па закліку душы, становіцца роднай, блізкай, неад’емнай. Пра гэта гаварылі падчас духоўнага канцэрта яго вядучыя – прыхажане Марына Юркевіч і яе юныя памочнікі – вучні Людвіноўскай школы Анастасія Грышкевіч, Антон і Сяргей Буйвіды. І гучалі пранікнёныя песні і вершы, якія даходзілі да кожнага сэр­ца, бралі за жывое. «Малюся за цябе, Беларусь», «Край верасовы», «Марыя – апякунка Беларусі», «Алілюя» і іншыя творы не пакінулі раўнадушным анікога з прысутных. Яны прагучалі ў выкананні прыхажан касцёла Марыі Юркевіч, Алы Саўчык, Людмілы Дубаневіч і Марыі Гаранінай, а таксама прыезджых артыстаў Алены Мамай, Яўгеніі Краўчонак, Уладзіміра Аўрэйцэвіча і Уладзіміра Грыба з Шылавічаў, Людмілы Тонкавіч і Вячаслава Альшэўскага з Ільі. Завяршальную песню – «Алілюя» – спявалі ўсе разам – і самадзейныя артысты, і прыхажане. І гэта было асабліва хвалююча…

Важным момантам праграмы быў зварот да прысутных ксяндза Віталія, пробашча касцяневіцкай парафіі, які шчыра ўсім падзякаваў і благаславіў на добрыя справы.

– Падобныя дабрачынныя мерапрыемствы мы арганізоўваем не першы раз, – па­дзялілася пасля ўражаннямі Марына Юркевіч. – У мінулым годзе правялі акцыю ў падтрымку Рэчкаўскай царквы Святога Духа, якая таксама аднаўлялася пасля пажару. У нашым клубе мы прымалі і дабрачынны фестываль «Дзеці супраць рака» і таксама збіралі сродкі для хворых дзяўчынак і хлопчыкаў. Цяпер вось падрыхтавалі новую акцыю і далучыліся да важнай справы аднаўлення Будслаўскага касцёла. Мяркую, што так і павінна быць, бо ўсе мы – людзі і ўчынкі нашы павінны быць толькі добрымі, міласэрнымі. Мы вельмі ўдзячны сваім калегам з Шылавіцкага і Ільянскага дамоў культуры, Сяргею Рудніцкаму з Вілейскага Палаца культуры за тое, што прынялі ўдзел у гэтай праграме. Калі пасля дзяліліся ўражаннямі, явы адзначалі, што «на душы пасля канцэрта стала лёгка і светла». Вялікая па­дзяка і ўсім тым прыхажанам, хто далучыўся да акцыі. Няхай беражэ іх усіх Бог!

Так бывае заўжды, калі судакранаешся з высокім, важным і светлым. І гэта, напэўна, самае важнае, дзеля чаго ладзяцца падобныя мерапрыемствы.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 67 queries