У рамках правядзення рэгіянальнага агляду-конкурсу народных святаў і абрадаў “Няхай жа людзі ведаюць падчас, якія святы і абрады ёсць у нас…”, арганізаваным ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна”, 28 лютага ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Вязынскага сельскага Дома культуры (а менавіта, вакальны калектыў “Нравіца”, аматарскае аб’яднанне “Калейдаскоп”, клуб маладой сям’і “Продвинутые мамочки”), пад кіраўніцтвам Наталлі Чарток, падрыхтаваны і праведзены абрад гукання вясны “Гучна гукаем, вясну чакаем!”.
Гуканне вясны ў розных рэгіёнах нашай краіны адбывалася па-свойму, асабліва. Беларусь – старажытная краіна, у нас усё настолькі варыятыўна, што нават ў суседніх вёсках могуць быць розныя абрады, таму адзінай формы няма.
Для сёлетняга свята вязынцы адабралі самыя характэрныя абрады і дзеянні, самыя цікавыя па форме і змесце. Дамовіліся гукаць вясну на падворку ля Дома культуры, які сапраўды знаходзіцца на ўзвышшы. Там расклалі вогнішчы, (каб “грэць зямлю”) і вадзіць карагоды. Пяклі яешню, як сонечную старажытную рытуальную страву, і частаваліся разам. Ладзілі танцы, гульні, майстар-класс, упрыгожвалі парк каляровылі стужачкамі і птушкамі, змайстравалі шпакоўні, з якіх атрымаўся інтэрнат на дрэве для веснавых гасцей. Дзеці і моладзь гушкаліся на арэлях, верылі, як і нашы продкі: чым вышэй разгойдвацца на арэлях, тым вышэй парасце лён.
Самыя малыя ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Калейдаскоп” для паважанай публікі прадставілі выступленне “Зенькі-скамароха, які скончыў калегію пры Менскіх манастырах і кляштарах і выўчыў свайго мядзведзя”.
Дзяўчаты-вяснянкі і жавароначкі з цеста – старажытныя абрады і сёння, як даўней, заклікаюць на беларускую зямлю першае веснавое сонейка і цяпло. Менавіта аматарам этнаграфіі і захавальнікам народных традыцый, здаецца, абавязаны мы выдатным надвор’ем: заваражылі, заклікалі, дагукаліся вясны!
Настаўніца ДУА “Вязынскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” Святлана Дзядзюля/Фота прадстаўлены Людмілай Кадольчык