Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сезон святаў вёсак адкрыўся на Іжаншчыне: гучалі песні і ўспаміны пра дзяцінства

У мінулую суботу на Іжаншчыне адкрыўся сезон святаў вёсак: мясцовыя культработнікі – філіял «Лыцавіцкі сельскі Дом культуры», сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва і Чурлёнская бібліятэка – сумесна з Іжскім сельвыканкамам правялі душэўныя мерапрыемствы ў Мулярах і Баравых.

Сустрэчы праходзілі пад адкрытым небам, проста перад дамамі. Надвор’е спрыяла, і на мерапрыемства людзі ішлі ахвотна.

Слова – дэвіз сустрэч

Як кажуць сярод людзей,
Без песні няма надзей.
Народ без песні – не ўмее,
Народ без песні – нямее.
Без песень свайго народа
Нямее нават прырода…

Гэтыя цудоўныя радкі Анатоля Грачанікава сталі своеасаблівым дэвізам сустрэч, яскравым пацвярджэннем важнасці цеснай сувязі кожнага чалавека з малой радзімай, сваім народам і духоўным развіццём нашай нацыі.

Атмасфера свята і лёгкі смутак

Святы вёсак, як гэта і заўсёды бывае, атрымаліся цікавымі, вясёлымі і, разам з тым, крышку сумнымі. Не такія зараз людныя нашы вёсачкі, як гэта было некалі, а так хочацца, каб тут, у дарагіх сэрцу мясцінах, гучалі дзіцячыя галасы, кіпела жыццё…

Песні, танцы, віншаванні старэйшых жыхароў, юбіляраў, падзячныя словы і падарункі ад сельвыканкама – усё гэта было на святах і, безумоўна, стварыла людзям адпаведны настрой.

Напамін пра карані

І, магчыма, у душы некага з гарадскіх жыхароў, што былі ўдзельнікамі святаў, абудзіліся ўспаміны пра далёкае дзяцінства – выразна пачуліся стук дзвярной клямкі ў сенцах, мычанне каровы на лузе, клёкат бусла на высокай ліпе, ранішні шоргат касы па раснай траве… І так захацелася сюды вярнуцца! Не на выхадны – назаўсёды.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота прадастаўлена Марынай ПАШКЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 235 queries