Надзіва цёплы і хвалюючы ліст даслала ў рэдакцыю Раіса Філістовіч з Вязыні. У ім – пра яе малую радзіму, якой ужо няма на карце раёна, але памяць пра якую жыве ў сэрцах тых, хто тут нарадзіўся.

Штогод на Сёмуху збіраюцца рыбчане разам, каб убачыцца, узгадаць пра перажытае, падзяліцца планамі на будучыню. Было гэта мерапрыемства і сёлета, і Раіса Канстанцінаўна пранікнёна і падрабязна расказала пра яго ў сваім допісе.
Пройдземся па вуліцах Рыбчына

Назва вёскі паходзіць ад назвы ракі Рыбчанка. Людзі пасяліліся тут здаўна, лавілі рыбу, палявалі на звяроў, збіралі грыбы і ягады, займаліся земляробствам. У 1840 годзе ў вёсцы мелася ўсяго 8 двароў, а праз 57 гадоў першы агульны перапіс насельніцтва Расійскай імперыі (1897) налічваў тут ужо 29 двароў, у якіх жылі 79 сем’яў з 242 мужчынамі і 304 жанчынамі. У пачатку ссялення ў 1973 годзе ў 117 хатах пражывалі 504 яе жыхары.
І вось цяпер ад некалі працавітай і вясёлай вёскі з уласцівымі толькі рыбчанам характарам, звычаямі і традыцыямі не засталося нават і следу. Толькі засталося ад яе імя. Большая частка тэрыторыі вёскі, затопленай морам, жыве ў сэрцах рыбчан. З 1987 года жыхары былой вёскі збіраюцца на ўцалелым куточку на беразе вадасховішча.
Наступіў доўгачаканы дзень Святой Троіцы – традыцыйны дзень сустрэчы рыбчан. Прыгадваем з жыхаркай Рыбчына Аленай Мароз пра вялікае свята. Сёмуха ў рыбчан была жаданым фэстам. Усе чакалі гэтага дня і рыхтаваліся да яго: вышкрабалі падлогу, мылі вокны, наводзілі парадак ў хаце, падмяталі двор. У хату неслі бярозавыя галінкі, утыркалі іх каля абразоў, над дзвярыма. Падлогу ўсцілалі яварам, які напаўняў хату прыемным водарам. А раніцай садзіліся за сытны стол, над якім яшчэ з вечара шчыравалі нашы мамы: варылі, пяклі, смажылі, парылі. Запрашалі за стол гасцей, суседзяў, налівалі, частавалі, што Бог даў. А вечарам было вялікае гулянне, вечарынка, песні, танцы, заляцанні. Моладзі было шмат: прыгожыя хлопцы, працавітыя ўвішныя дзяўчаты. Любілі спяваць, ідучы па вуліцы, старэйшыя сядзелі на лавачках.
Вось чаму рыбчане выбралі Сёмуху традыцыйным днём сустрэч.
Сёлета сабралася больш за 40 чалавек. Многіх ужо няма сярод нас, адышлі ў вечнасць. Іх мы памянулі мінутай маўчання.
Як і заўсёды, месца сустрэчы было падрыхтавана: скошана і прыбрана трава. Нахілены помнік-валун з прымацаванай да яго гранітнай плітой заняў стойкае месца, быў упрыгожаны бярозавымі галінкамі, палявымі кветкамі. Хтосьці павязаў новы ручнічок на ўстаноўлены Валерыем Яцуковічам крыж, паклалі кветкі. З любоўю папрацавала тут Таіса Журыха (Туровіч) са сваім мужам Шурам.
Святочнае месца чакала прыезду гасцей. І хутка адзін за другім сталі паяўляцца рыбчане. Клімёнак Іван, выхадзец з мнагадзетнай сям’і Клімёнка Сымона, з’явіўся ненадоўга – адпрасіўся з бальніцы. Іншыя замянілі дзяжурства. Забыліся пра хваробы – з кійкамі, у калясцы, пры падтрымцы дзяцей, унукаў, зяця, мужа прыехалі 96-гадовая Ніна Клімёнак з Маладзечна, Марыя Яцуковіч з Абадоўцаў. Ёсць рыбчанскія старажылы: Марыі Баслык, якая пражывае ў Маладзечне, у гэтым годзе споўнілася 100 год.
Перад пачаткам сустрэчы ўспомнілі пра дзень Святой Троіцы, гаварылі аб тым, што трэба часцей узірацца ў неба, з якога сышоў Святы Дух, які дае ўсяму жывому сілу.
Трэба адзначыць, што сёлетні год сустрэчы юбілейны. 50 год назад, 16 студзеня 1976 года, пачалося будаўніцтва Вілейска — Мінскай воднай сістэмы. Аб гэтым гаварылі на нядаўняй сустрэчы ў Вілейскім краязнаўчым музеі. Наша раённая газета «Шлях Перамогі» паведамляла аб гэтай дзяржаўнай справе , аб людзях, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве.

Сёлетні дзень сустрэчы незвычайна адметны. Важкі ўклад у захаванне памяці вёскі ўнёс Уладзімір Піліпавіч Гаўрылік. Ён, як сам прызнаецца, нарадзіўся на Сёмуху. Усе шчыра віншуюць яго, жадаюць усяго самага лепшага. Справа ў тым, што ён падрыхтаваў рэкламны шчыт, на якім адлюстраваў схему размяшчэння вуліц вёскі і яе жыхароў паімённа, адкарэкціраваў звесткі аб колькасці жыхароў паводле ранейшых дадзеных Раісы Пятроўны Яцуковіч (Соніч). (Дарэчы, па ініцыятыве Раісы Соніч з 1986 года і па сёня доўжыцца такая цікавая традыцыя – сустрэча рыбчан на малой радзіме). Да ўстаноўленага для разгляду шчыта падыходзілі прыбыўшыя вяскоўцы, кімсьці ўносіліся нязначныя папраўкі, дапаўненні. Для гэтага і быў падрыхтаваны чарнавы варыянт.
Здзіўляюся, як і ўсе рыбчане, такой працаёмкай, настойлівай рабоце Уладзіміра Піліпавіча. Колькі спатрэбілася сіл, энергіі, часу, любові, беражлівасці да справы! Ён сустракаўся з рыбчанамі, якія пражываюць у Вязыні, Шчуках, Маладзечне, Вілейцы і іншых населенных пунктах, збіраў патрэбны матэрыял, крапатліва над ім працаваў. У многім дапамагала яму зямлячка Ніна Піліпаўна Яцуковіч (Самаль). З усмешкай успамінае, як на падлозе рассцяліла шпалеры, зрабіла схему вёскі, пералічыла, колькі змагла, яе жыхароў і паклікала на паказ у Маладзечна Уладзіміра, бо ведала, што ён ужо сур’ёзна займаецца гэтым даследаваннем. Так нарадзіўся першы дуэт у зборы матэрыялу пра Рыбчына. Гэта прыклад таго, што сапраўдная любоў да справы праяўляецца не на словах, а ў канкрэтных учынках. Рыбчане бясконца ўдзячны Уладзіміру Піліпавічу за актыўную жыццёвую пазіцыю, які ўдала спалучае грамадскую работу са службай у воінскай часці. Пытаюся ў Уладзіміра (дарэчы, майго вучня): «Што натхніла цябе на такую адказную, важную работу?» Задуменна адказвае: «Я вельмі люблю сваю малую радзіму, сваю вёску і яе людзей. Я тут вырас, чэрпаў сілы, вучыўся працаваць, не баяўся ніякай работы, хоць быў і меншы сярод чатырох сыноў у сям’і, стараўся не адставаць у працы па гаспадарцы. Ад бацькоў – Піліпа Адамавіча і мамы Марыі вучыўся быць добрым чалавекам, пазнаваць хрысціянскую этыку. Я, як і мой тата калісьці, наведваю Вязынскую царкву, служыў у ёй панамаром, прымаў удзел у рэстаўрацыі святыні». Уладзімір сам спраекціраваў і пабудаваў дом у Вязыні, у якім спраўна гаспадарыць яго верная спадарожні жыцця Людміла. Яны выхавалі дастойных сыноў, якія пайшлі па слядах бацькі. Палкоўнік Іван і падпалкоўнік Віталій закончылі ваенныя акадэміі і служаць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. З жалем у сэрцы расказвае Уладзімір пра бацьку, які, як і шэсць маладых рыбчан, быў вывезены на Нямеччыну ў рабства ў гады вайны. Унук Сяргей, удзельнічаючы ў конкурсе «Мой радавод», расказаў, што прыйшлося перажыць дзядулю, працуючы на гаспадароў у Германіі.Успаміны рыбчанскіх вязняў занесены ў кнігу Памяці Вязыншчыны «Гэта трэба ведаць». Няма ўжо сярод нас тых, хто зведаў вайну. 15 землякоў не вярнуліся з вайны. Іх імёны свята ўшаноўваюцца на мемарыяльнай пліце ў парку імя Гагарына аг. Вязынь.
Прыехаўшыя на сустрэчу дзеляцца ўспамінамі, што запалі ў душу. Сын Васіля Жаўняровіча Пеця прывёз на паказ у чорна-белым фармаце даўнія фотаздымкі. Фатограф бываў рэдка ў вёсцы, і не кожнаму ўдавалася сфатаграфавацца на памяць. З якой любоўю ён расказвае пра землякоў, што на фотаздымках. Кожны хоча зазірнуць у іх і пазнаць даўніх суседзяў, аднавяскоўцаў. А іх ўжо няма сярод нас. Добры вырас сын у бацькі Васіля Жаўняровіча. Гэты прыгажун прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве дамоў для перасяленцаў. Побач з Пятром сядзіць цікавы чалавек, пагранічнік Мікалай Шавейка. Служыў на пагранзаставе з Літвой. Дзесяць год як на пенсіі. Цёпла адзываецца аб сваіх бацьках, сястры Ларысе. На твары – добрая ўсмешка. Вырваліся словы: «Ты мне вельмі падабаешся!» Усе віншуюць Мікалая з днем пагранічніка, які супаў з сёняшнім святам. Такія ж словы былі сказаны і ў адрас прыгожай жанчыны Вольгі Журыха (дачка Томы Журыхі. У 34 гады яна стала ўдавой, адна выгадавала траіх дзяцей, якія закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Зараз жыве ў Забалацці ў бацькавай хаце. Якія марынаваныя баравічкі і грыбную салянку прыгатавала яна! Падзялілася рэцэптам. Пятро Гаўрылік таксама частаваў усіх рыбчан вэнджанай рыбай. Усе ўспомнілі, як у Рыбчанцы лавілі рыбу – хто рукамі пад карчамі, хто хусткамі, хто кашамі.
Кожны год на такую сустрэчу прыязджаюць Буслаўскія. Сям’я Кацярыны і Сцяпана Буслаўскіх адметная. Бацькі выгадавалі знатных людзей. Усім вядомыя Буслаўскі Міхаіл Сцяпанавіч і Трухан Ніна Сцяпанаўна, выдатныя ўрачы Вілейкі, былі адказныя ў рабоце на сваіх пасадах. Іх брат Леанід жыў у Маскве. Ён быў выдатным авіяканструктарам, распрацаваў тэхналогію запраўкі самалётаў у паветры. Міхаіл Сцяпанавіч добра ведае сем’і рыбчан: «Жаніліся ў асноўным на сваіх, мясцовых. Мая мама да замужжа мела прозвішча Клімёнак. Роднасныя сем’і разрасталіся. Вось чаму ў Рыбчыне многа Клімёнкаў. А самымі карэннымі жыхарамі былі Дуровічы. Потым паявіліся Гаўрылікі, Філістовічы, Жаўняровічы, Журыхі, Яцуковічы…» Ніна Яцуковіч дапаўняе: «Мы с Буслаўскімі былі суседзямі. Мішу помню толькі за працай. Касіў, сушыў траву цэлымі днямі. Толькі ў спёку бегаў на рэчку пакупацца. Дурнотай, як іншыя хлопцы, бывала, не займаўся. З сястрой Нінай, гумарной хахатушкай, дзяліўся сакрэтамі. Талковыя яны былі. І дзеці іх выйшлі ў людзі. У Ніны і Пятра Трухан тры сыны сталі выдатнымі ўрачамі. Адзін з іх – прафесар медыцыны. У Міхаіла ў сям’і ёсць таксама медык».
Падлічваем з Нінай Самаль колькасць людзей, якія абралі прафесію медыка. Налічылі больш за 27 і спыніліся, бо ўпэўнены, што ўсіх не можам назваць. Радаводныя дрэвы разрасліся. Многія рыбчане абралі пачэсную прафесію афіцэра. Аб некаторых мы ўжо гаварылі. Палкоўнікамі сталі і сыны Пеці Журыхі. Жывуць у Маскве. Як я рада за сваіх былых вучняў! Валерый Філістовіч, палкоўнік, быў начальнікам ДАІ г. Масква. Яго сусед Мікалай таксама стаў афіцэрам. На любові і патрыятызме жылі рыбчане. Многа працавалі. Інакш нельга было. Мы стараліся аздобіць вёску. Была пасаджана ліпавая алея ля танцпляцоўкі, якую пабудавалі самі. Цэнтрам выхавання была наша чатырохгадовая школа. Рудась Канстанцін Аляксандравіч , дырэктар школы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Маскаленка Вера Савельеўна праводзілі цікавыя святы – сустрэчы з бацькамі, жыхарамі вёскі. На патрыятычных песнях вучыліся любіць сваю Радзіму: «Там вдали за рекой», «Наш парово,з вперёд лети», «Гей, по дороге», «Ох, тачанка-ростовчанка» і іншыя. Душой любілі Радзіму. Помню спявала на школьным канцэрце песню «Дрались по-геройски , по-русски два друга в пехоте морской…» і на словах «И бережно поднял он друга, но сам застонал и упал» залілася слязьмі і не змагла спяваць далей. Гучныя апладысменты падтрымалі мяне, супакоілі. Такая любоў да Радзімы выхоўвалася з сям’і. Дзед Ніны Жаўняровіч Іосіф Кандратьевіч (1896 г.н.) – перы камуніст. У гады вайны быў вывезены на Урал (як і Петр Яцуковіч), узначаліў партыйную работу на ваенным заводзе. Пасля вайны працаваў старшынёй Рэдзькавіцкага сельскага савета.
Многа слаўных падзей адбылося ў Рыбчыне. Успомнілі провады ў армію. За гонар лічылі службу. Калі салдат прыходзіў у водпуск, запрашалі ў хату расказаць аб службе, якая наша армія, ці моцная яна.
Падзяліліся ўспамінамі пра свае вяселлі, пра нараджэнне немаўлят, хрэсьбіны. Кожная вуліца нарадзіла сваіх цікавых людзей. Адметнымі былі 6 вуліц Рыбчына: Вёска, ці цэнтр мясціны, Карчма, Лужок, Лазоўня, Палянкі і Канец – ускраіна. На іх жылі добрыя сем’і.
Успаміны, успаміны… Яны нагадалі нам аб незабыўных малюнках дзяцінства, сталення, дружбе, сваіх бацьках, мясціне, адкуль і сёння праз успаміны чэрпаем сілы, радасць жыцця, любові. Абяцаем сястрычкам Ані, Тані, брату Сяргею Філістовічам, што пабываем у зоне іх адпачынку, якую адкрыў сын Таццяны. Дай Бог!
Не кожная вёска можа пахваліцца так сваімі людзьмі. Сцверджаннем гэтага з’яўляюцца словы Тамары Яцуковіч: «Я не з Рыбчына, але я кожны год са сваім мужам Валерыем сустракаюся з рыбчанамі. Такіх добрых людзей, як тут, не ў кожнай вёсцы сустрэнеш. Яны, як адна сям’я, паважаюць адзін аднаго, не паказушна. Простыя, добрыя людзі».
Ну, што ж, рыбчане, да сустрэчы ў наступным годзе! Будзем жыць!

Peramoga.by







