Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята вёскі Рэчкі: цёплая сустрэча землякоў, звонкія песні і дарагія сэрцу ўспаміны

Улетку нашы вёскі, нават самыя аддаленыя і маланаселеныя, ажываюць – да бабуляў і дзядуляў прыязджаюць унукі, на ўвесь сезон вяскоўцамі становяцца дачнікі. І менавіта ў гэтую пару традыцыйна праходзяць святы вёсак, на якія збіраюцца не толькі мясцовыя жыхары і дачнікі, але прыязджаюць і тыя, хто нарадзіўся і вырас у той ці іншай мясцовасці. Пра адно з такіх святаў расказала на днях жыхарка вёскі Рэчкі Крывасельскага сельсавета Раіса Клімовіч.

– Да свята мы рыхтаваліся, загадзя пастараліся звязацца з тымі выхадцамі з Рэчак, хто жыве далёка, і запрасіць, – падзялілася Раіса Мікалаеўна. – І вельмі многія адгукнуліся, знайшлі час на наша агульнае свята. Прыехалі з розных гарадоў нашай краіны. І не толькі з Беларусі, але і з замежжа, што пацвярджае, наколькі важная для кожнага чалавека сувязь з малой радзімай, дзе ўбачыў свет і рос.

Трэба было бачыць, як цёпла і радасна мы віталі адзін аднаго, абдымаліся, як самыя блізкія і родныя людзі, што сустрэліся пасля доўгіх гадоў разлукі. Былі шчырыя, часам са слязьмі на вачах, успаміны пра мінулае, важныя падзеі і нашых аднавяскоўцаў.

Мерапрыемства праходзіла на пляцоўцы, што побач з мясцовым магазінам. Было ўрачыста, хвалююча і весела. Старшыня Крывасельскага сельсавета Алена Жук адзначыла, што вельмі важна шанаваць сваю малую радзіму, рабіць усё для таго, каб наша вёсачка жыла і прыгажэла.

А святочную атмасферу на мерапрыемстве стваралі цудоўныя жанчыны, прафесіяналы сваёй справы Марына Юркевіч, загадчыца Ерхаўскага сельскага клуба, і бібліятэкар Людвіноўскай бібліятэкі Жанна Андрыеўская. Гэта дзякуючы ім, таленавітым і нераўнадушным, сустрэча прайшла, што называецца, на адным дыханні.

Прыемна, што тут, на свяце, без ніякіх рэпетыцый стварыўся шматгалосы хор, песні ў выкананні якога разносіліся далёка па наваколлі. Весяліліся і спявалі Рэчкі!

Раіса Мікалаеўна цёпла расказвала і пра важныя моманты свята: віншаванні юбіляраў, тых, хто адзначыў залатое вяселле, старэйшых жыхароў – мясцовых і ўсіх, для каго вёска стала роднай пазней, хто праслаўляе гэтыя мясціны.

Тым, хто правёў мерапрыемства і стаў яго актыўным удзельнікам, жанчына выказала самыя шчырыя словы падзякі ад імя мясцовых жыхароў.

«Вёсачка мая, мая чараўніца…» – гэта і пра Рэчкі, зазначыла Раіса Мікалаеўна. І песня пра родную вёску льецца і будзе ліцца звонка! Дзеля таго яе жыхары робяць усё.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота прадастаўлена Жаннай АНДРЫЕЎСКАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 234 queries