У гэтым упэўнены жыхары гэтага аграгарадка Ірына і Дзмітрый Кізікі, якія тут нарадзіліся, тут жывуць і працуюць, тут звілі сваё сямейнае гняздо, якое звініць дзіцячымі галасамі.
Жаданне напісаць пра гэту маладую і працавітую мнагадзетную сям’ю ўзнікла значна раней, калі даведалася, што Ірына і Дзмітрый гадуюць чатырох дзетак. Што Кізікі дастойныя ўвагі і пашаны, пераканалася і тады, калі падчас ушанавання перадавікоў народнай гаспадаркі Вілейшчыны па выніках работы за мінулы год трактарыст-машыніст ААТ «Новая Любанія» Дзмітрый Кізік быў адзначаны сярод лепшых у намінацыі «Лепшы работнік сельскай гаспадаркі». Такую адзнаку трэба заслужыць сумленнай працай, адказнымі адносінамі да таго, што табе даручана. Значыць, Дзмітрый Міхайлавіч – з такіх людзей. А яшчэ яны з жонкай Ірынай Сяргееўнай і шчаслівыя бацькі чатырох дзетак – трох дачушак і сыночка. Удала сумяшчаць вытворчае і асабістае ў гэтых людзей атрымліваецца, а так бывае далёка не ва ўсіх.
Ірына і Дзмітрый нарадзіліся і выраслі ў Любані. Ведалі адно аднаго з дзяцінства, хадзілі ў адну школу, аднак і не здагадваліся, што некалі будуць разам. А лёс распарадзіўся па-свойму, за што маладыя людзі яму ўдзячны. Яны шчаслівыя, што жывуць і працуюць на бацькоўскай зямлі, што іх дом поўніцца дзіцячымі галасамі.
– Нашай сям’і больш за адзінаццаць гадоў, а, здаецца, зусім нядаўна пажаніліся, – расказвае Ірына Сяргееўна. – Нам, працаўнікам гаспадаркі, выдзелілі дом, у якім мы і жывём. Як і ўсе вяскоўцы, трымаем на падворку жыўнасць. Цяпер гэта куры, трусы, кабанчыкі, а раней была і карова. Праўда, са з’яўленнем чацвёртага дзіцяці стала з ёй цяжкавата, таму і збылі. Агароды, «соткі» – гэта таксама ў нас ёсць. А як жа іначай жыць у сельскай мясцовасці? Канешне ж, нялёгка, але ж так жылі і жывуць усе вяскоўцы. Дарэчы, і нашы з Дзімам бацькі, якія заўсёды дапамагалі і дапамагаюць і добрай парадай, і канкрэтнай справай.
Раненька пачынаецца кожны дзень мнагадзетнай мамы. Адправіўшы на працу мужа, які раней за ўсіх выходзіць з дому, жанчына праводзіць у школу дачушак Марыю, Дашу і Наташу. А тут ужо падае свой голас, патрабуе да сябе ўвагі і сынок-пестунок Ваня… І ўсё гэта робіцца паралельна са звыклымі гаспадарчымі справамі – дагледзець, накарміць жывёлу, пакорпацца ў агародзе, навесці парадак, зварыць ды памыць. І так штодня.
– Канешне ж, адной з гэтым не справіцца, – разважае Ірына Сяргееўна, – але ж мы з мужам удваіх, і ён ва ўсім мне дапамагае, самае цяжкае бярэ на свае плечы. Ды і старэйшыя дочкі вунь якія ўжо памочніцы: і прыбяруцца, і па гаспадарцы нешта зробяць, і з малым брацікам пазабаўляюцца. Глядзіш, нам ужо лягчэй.
І не толькі ў працы дапамагаюць дзеці. Марыя ў свой час адкрыла маме цікавы, невядомы раней свет – інтэрнэт, і цяпер Ірына – актыўны карыстальнік сацыяльных сетак. У гэтым жанчына бачыць пэўныя «плюсы». Так, не вельмі любяць (ды, калі шчыра, і не маюць пакуль магчымасці) яны з Дзмітрыем падарожнічаць, таму адкрываць нязведанае дапамагае інтэрнэт. Паглядзелі, прачыталі – і ўжо ёсць пэўныя ўражанні пра новае і невядомае. Ды і адказы на многія пытанні ў інтэрнэце знойдзеш.
З павагай і клопатам гаворыць жанчына пра мужа-механізатара. Гарачая пара пачалася ў яго, як і ва ўсіх аграрыяў. Разгортваецца касавіца, і магутны «Беларус-3525» Дзмітрыя Кізіка будзе выконваць адказную работу. За гады працы ў гаспадарцы палюбіў ён яе, усёй душой прыкіпеў да таго, што ведае і шануе з дзяцінства. Гэту любоў перадаюць яны з жонкай і сваім дзеткам – юным любанцам, якія, як і іх бацькі, любяць гэту зямлю.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбом сямі КІЗІК