Нашы мудрыя продкі вельмі правільна некалі заўважылі: жыццё пражыць – не поле перайсці. Пэўна, няма таго чалавека, якому не выпадаюць выпрабаванні. Дастойна іх вытрымліваць, пераадольваць перашкоды лёсу і жыць далей – вось галоўнае, што трэба чалавеку.
Галіне Дзевяцень з Даўгінава, пра якую хочацца расказаць, на жыццёвым шляху выпадала рознае, і з усім яна дастойна спраўлялася. Самым страшным ударам лёсу была трагічная смерць сына ад якой, як сказала сама жанчына, яна не магла прыйсці ў сябе ці не дзясятак гадоў. Жыла, працавала, але ўсё праходзіла нібы ў сне. І толькі праз доўгі час Галіна Аляксандраўна паціху пачала прыходзіць у сябе. «У той час у старэйшага сына была маленькая дачушка, – падзялілася жанчына. – У многім дзякуючы ёй, маленькай тады ўнучцы, мне захацелася жыць, бачыць прыгожае, светлае…»
Яшчэ праз нейкі час Галіну Аляксандраўну мясцовыя культработнікі запрасілі ў клуб, дзе праходзіла сустрэча з супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У той час пачаў развівацца валанцёрскі рух, таму і ў Даўгінаве стваралася такая група, членам якой стала і Галіна Дзевяцень. Гэта быў канец 2009 года.
– Спачатку ў нас было дзевяць валанцёраў, пазней пачалі далучацца і іншыя людзі, –
прыгадвае яна. – Збіраліся ў клубе, абмяркоўвалі розныя пытанні, планавалі. Галоўнай нашай мэтай была і застаецца актывізацыя жыцця пенсіянераў. Не сакрэт, што людзі, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, спачатку адчуваюць сябе нібыта непатрэбнымі, часам не могуць знайсці прымяненне сваім ведам, сілам… І той, хто прыйшоў у валанцёрскую групу, сапраўды ўбачыў свет у іншых фарбах, адчуў, наколькі гэта важна – дапамагаць іншым, адчуваць важнасць цёплых чалавечых зносін, імкнуцца пазнаць нешта новае.
Сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-класы, святы вёсак, «агеньчыкі», надомныя віншаванні юбіляраў, канцэртныя праграмы ў клубе, літаратурныя чытанні, проста цёплыя сустрэчы, гутаркі – усё гэта і многае іншае для даўгінаўскіх валанцёраў сумесна з іншымі службамі і арганізацыямі стала часткай жыцця. І расказваць пра мерапрыемствы, якія ладзяцца, Галіна Аляксандраўна можа доўга.
– Да Дня пажылых людзей у нас яшчэ была вельмі цікавая сустрэча, а затым усё – каронавірус, – у голасе жанчыны чуецца сум. – Што ж зробіш, усе разумеем, што трэба берагчыся ад гэтай страшнай інфекцыі. Зараз усе мы, як кажуць, на «ўдалёнцы», пытанні вырашаем па тэлефоне. Што ж, і так можна працаваць. У асноўным людзям патрэбны простыя зносіны – цёплае слова, падтрымка, парада ў нейкай жыццёвай сітуацыі і іншае. Дзелімся навінамі, рэцэптамі, абмяркоўваем фільмы, перадачы. Трымаем цесную сувязь з цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, асабіста дырэктарам Людмілай Сляпцовай, з нашым кіраўніком Марынай Макаравай. І ўсё ж усе чакаем, калі зможам сабрацца ў нашым утульным пакоі ў клубе, убачыцца, пагутарыць, сустрэцца з цікавым чалавекам, з’ездзіць на экскурсію з Марыяй Легуш, якая столькі многа ведае! Спадзяёмся, што ўсё гэта хутка будзе. А пакуль… Вось у кастрычніку адзначала 90-годдзе Ала Дзмітрыеўна Кучынская, і мы, валанцёры, яе віншавалі. Канешне ж, як і належыць, у масках, захоўваючы ўсе меры прафілактыкі.
Актыўнымі валанцёрамі ў Даўгінаве, акрамя маёй суразмоўцы, кіраўніка групы, з’яўляюцца Тамара Аляксандраўна Брыцько, Кацярына Пятроўна Валуева, вышэйназваная Ала Дзмітрыеўна Кучынская, Алена Мікалаеўна Міцько, мясцовая паэтэса, якая піша добрыя вершы да розных нагод. Ды і мужа свайго, Віктара Баляслававіча, Галіна Аляксандраўна прыцягвае да патрэбнай грамадству дзейнасці. Не толькі мясцовыя жыхары ў складзе валанцёрскай групы, але і дачнікі. Так, Соф’я Уладзіміраўна Катцова, якая зімою жыве ў сталіцы, не можа дачакацца сакавіка, каб зноў прыехаць у роднае Даўгінава, дзе яе таксама з нецярпеннем чакаюць.
– Надзвычайна важна, што нас падтрымліваюць і ладзяць з намі цудоўныя сумесныя мерапрыемствы нашы культработнікі. Яны – таленавітыя, лёгкія на пад’ём – умеюць ствараць людзям свята, падарыць добры настрой, – расказвае Галіна Аляксандраўна. – Ні адно мерапрыемства, ні адна сустрэча не ўяўляюцца без удзелу дырэктара клуба Алены Гойлік, яе калег Ірыны Сыракваш, Валерыя Анішкевіча і іншых. Ды і са старшынёй сельвыканкама Аляксандрам Маліноўскім мы падтрымліваем цесную сувязь, разам вырашаем надзённыя пытанні. Прыемна, што на свяце аграгарадка Даўгінава Алякасандр Мікалаевіч цёпла адгукаўся пра нашу дзейнасць, узнагародзіў групу граматай і падарыў патрэбны падарунак – электрачайнік. Каб цяплейшымі былі нашы сустрэчы…
У жыцці кожнага чалавека павінна быць справа для душы – тая, якую называюць аддушынай, своеасаблівым лякарствам ад непрыемнасцяў і дрэннага настрою.
Адны – спяваюць, другія – танцуюць, трэція – нешта майструюць, і тым шчаслівыя. А нехта адчувае патрэбу дапамагаць іншым. Дапамагаць добраахвотна, не патрабуючы нічога ўзамен. І гэта надзвычайна важна ў наш няпросты час.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва Галіны ДЗЕВЯЦЕНЬ