Гэтыя важныя справы вырашылі аб’яднаць старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Супрановіч і аўтар гэтых радкоў, наведаўшы добравіцкую МТФ РСУП «Першы Беларускі»
Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць традыцыйную акцыю «Наш жывёлавод», у рамках якой адзначаюцца працаўнікі вельмі важнай і адказнай галіны ў сельскай гаспадарцы. Ім, жывёлаводам, у гэтыя дні адрасуюцца словы асаблівай падзякі за іх нястомную працу.

У рамках акцыі старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Супрановіч наведвае жывёлагадоўчыя аб’екты гаспадарак Вілейшчыны, каб уручыць людзям падзячныя лісты і падарункі, павіншаваць юбіляраў, выслухаць працаўнікоў, адказаць на іх пытанні. На днях такое выязное мерапрыемства, да якога далучылася і рэдакцыя, прайшло на добравіцкай малочна-таварнай ферме ў «Першым Беларускім».
Часу на доўгія размовы ў жывёлаводаў няма, таму сустрэча была кароткай, але змястоўнай. Ірына Супрановіч выказала шчырыя словы працаўнікам фермы, уручыла лепшым з іх падзячныя лісты, падарункі. Не абышла ўвагай дзвюх працаўніц, якія на днях адзначылі свае юбілеі, уручыўшы ім кветкі. А каб жыццё калектыву было саладзейшым, прафсаюзны лідар прывезла яшчэ і ласункі. Ірына Аляксандраўна спынілася таксама на пытанні аздараўлення працаўнікоў, расказала пра паездкі, якія арганізоўваюцца прафсаюзам, запрасіўшы жывёлаводаў удзельнічаць у іх.

Была хвілінка на сустрэчы, каб нагадаць жывёлаводам пра падпіску на раённую газету, героямі якой былі і некаторыя з прысутных. Хтосьці з калектыву даўно сябруе з раённым выданнем, а нехта, хочацца спадзявацца, стане падпісчыкам, чытачом і, канешне ж, героем газетных матэрыялаў пасля гэтай сустрэчы.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота аўтара








