Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Адказны за залаты груз і насенне

Захаванне сабранага ўраджаю перад рэалізацыяй – завяршальны этап уборачнай. І справа гэта вельмі адказная. А поспех залежыць не толькі ад умоў, пры якіх збожжа зможа захоўвацца працяглы час, але і ад чалавека.

Загадчык зернескладам – гэта не толькі той, хто атрымлівае залаты груз на прыход і проста адказвае за яго захаванне. Сушка, дапрацоўка, засыпка, ачышчэнне і пратраўліванне яравых і азімых, падрыхтоўка насенневага матэрыялу, наладка сушыльнай і зернеачышчальнай тэхнікі, пратравачных машын – абавязкаў шмат. Аляксандр Вяжэвіч, які загадвае зернескладам у СУП “Усходні-агра” з 1996 года, вывучыў іх дасканала.

Аляксандр Міхайлавіч нарадзіўся ў Малмыгах – вёсцы, якая трапіла пад рассяленне ў сувязі з будаўніцтвам Вілейскага вадасховішча.Так другой маленькай радзімай для яго стала Крывое Сяло. Скончыўшы школу, вучыўся ў 48-м тэхнічным вучылішчы ў Вілейцы, а пасля арміі спачатку працаваў у гаспадарцы вадзіцелем, а потым яго назначылі загадчыкам зернесклада. Аляксандру Вяжэвіч лічыць, што яму пашанцавала на настаўнікаў – пачынаў працаваць ён з вопытнымі аграномамі Міхаілам Касяком і Георгіем Сяляўкам, усяму, што павінен ведаць загадчык зернесклада, вучыўся на практыцы. Жонка Аляксандра Вяжэвіча, Таццяна Сямёнаўна, таксама працуе ва “Усходнім-агра”. Як кажуць, “на робатах” – загадчыцай малочна-таварнай фермы ў Крывым Сяле, куды таксама ўжо прыйшлі сучасныя тэхналогіі. У бацькоўскі дом не толькі ў госці, але і дапамагчы па гаспадарцы прыязджаюць дзеці Вяжэвічаў: дочкі Юлія і Наталля – з Вілейкі, сын Аляксей – з Мар’інай Горкі.

Сёлета ўборачную ва “Усходнім-агра” распачалі рана і скончылі першымі ў раёне, усё намалочанае – а гэта больш за 3500 тон – паступіла на зернесклад. І, канечне, прайшло праз сушылку “КАМТ-34”, на якой бездакорна адпрацавалі сезон аператары Мікалай Шаблыка і Аляксей Дзятлік. Першая задача была выканана – да патрэбнай кандыцыі зерне высушылі своечасова. Цяпер на парадку дня ў загадчыка зернесклада іншыя клопаты – ачыстка і падрыхтоўка насення для вясенняй сяўбы. Пасля пасяўны матэрыял будзе правярацца па розных параметрах у інспекцыі па насенневодству, каранціну і ахове раслін. Калі спецыялісты дадуць дабро, у спрыяльны час зярняты трапяць у падрыхтаваную глебу, каб дружна прарасці для новага ўраджаю.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries