Так называлася мерапрыемства, якое для нас, былых жыхароў зніклай вёскі Вузляны, наладзілі мясцовыя валанцёры, а дапамаглі ім работнікі Даўгінаўскага СДК і бібліятэкі. Матэрыяльную падтрымку аказаў цэнтр тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
А лёс нашай вёскі такі. У 1934-1936 гадах яе рассялілі па хутарах, а ў 1956 годзе пачалося перасяленне з хутароў. Некалькі сем’яў пасялілася ў вёсцы Апенькі, некалькі – у Даўгінаве, а большасць жыхароў пераехала ў былы маёнтак пана Дубашчынскага – Сасноўшчыну. Свята нашай вёскі зноў сабрала ўсіх нас разам.
Пачалося яно з ускладання кветак на месцы былых сядзіб. На камні, які застаўся ад былых падмуркаў, яшчэ напярэдадні быў зроблены надпіс аб тым, што на гэтым месцы да 1958 года была вёска Вузляны. У цянёчку некалі пасаджаных Зінаідай Максімовіч дубкоў былі зроблены лаўкі, каб людзі, у сваёй большасці ўжо немаладыя, змаглі пасядзець. Аб гэтым паклапаціўся сын Зінаіды Сцяпанаўны, стараста вёскі Сасноўшчына Ігар Максімовіч.
Загучалі словы вядучай:
«Мы роднай зямліцы прыйшлі пакланіцца,
Нібы з чыстай крыніцы напіцца.
Песняй сваёй мы абудзілі палеткі,
На месцы сядзіб ускладаем мы кветкі.
Няма тут даўно аніводнай хацінкі,
Ды тут засталася нашых сэрцаў часцінка».
Палеткі і сапраўды абудзіліся. Загучалі песні ў выкананні валанцёраў з Вілейкі ў музычным суправаджэнні Леаніда Гайчука, загучалі хораша, кранальна. Нібы кожная з гэтых жанчын у думках апынулася на сваёй маленькай радзіме. Заспявалі і мы, былыя жыхары, сваю любімую песню «Деревня моя». Лёгка ўявіць стан нашай душы ў гэты момант – на вачах у кожнага былі слёзы.
Свята прадоўжылася ў памяшканні клуба Сасноўшчына. Ён даўно не працуе, але жыхары падтрымліваюць будынак у належным стане. Напярэдадні свята мы падрыхтаваліся да сустрэчы гасцей, дапамаглі нам памыць вокны і падмесці тэрыторыю даўгінаўскія валанцёры.
Тут, у клубе, усе змаглі размясціцца за накрытымі столікамі, а таксама змаглі азнаёміцца з выставай вышыванак Таццяны Місевіч, былой жыхаркі Вузлян.
Старшыня Даўгінаўскага сельсавета Аляксандр Маліноўскі павіншаваў жыхароў са святам іх вёскі і пажадаў надалей захоўваць памяць аб ёй. Дырэктар УП «Даўгінава» Ян Мінчык уручыў вузлянцам каравай у знак удзячнасці за былую працу на саўгасных палетках. Каравай прымала старэйшая жыхарка Вузлян, былы саўгасны брыгадзір Алена Каляга. Песню «Віншавальная» падарылі гасцям валанцёры Дзевяцель Галіна і Брыцько Тамара.
Цікава было пачуць жыхарам Вузлян аб першых гістарычных звестках пра іх вёску, аб лёсе іншых зніклых вёсак, аб кнізе «Памяць. Вілейскі раён». Аб гэтым яны даведаліся з выступлення старшага навуковага супрацоўніка краязнаўчага музея Вольгі Коласавай. Кнігу «Памяць» яна падаравала старасце вёскі Сасноўшчына.
Не засталіся абдзеленыя ўвагай і юбіляры: Каляга А. І., Аўгусціновіч Н. Ф., Шкель Л. І., Корсак А. С., Стукін Г. А., Лазавік Л. І., Лазавік Я. Б. Ім былі ўручаны падарункі ад Вілейскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прагучалі песні ў выкананні работнікаў Даўгінаўскага СДК.
Потым сваімі ўспамінамі падзяліліся Максімовіч Зінаіда Сцяпанаўна і Лазаненка Разалія Фёдараўна.
Мы, былыя жыхары зніклай вёскі Вузляны, вельмі рады, што адбылося гэта свята і ўдзячны ўсім арганізатарам і гасцям гэтага мерапрыемства. А ідэя, ініцыятыва сабраць нас, ушанаваць памяць нашай вёскі належыць бібліятэкару Даўгінаўскай бібліятэкі Валуевай Кацярыне, кіраўніку групы валанцёраў. Яна цікавілася ў жыхароў лёсам вёскі Вузляны і вузлянцаў, запісвала нашы ўспаміны, збірала фотаздымкі. Абяцала, што праз некаторы час будзе выдадзена кніжка пра нашу вёску і мы зможам набыць для сваіх дзецей і ўнукаў.
Мы чыталі на старонках газеты «Шлях перамогі» пра лёс іншых зніклых вёсак. Асабліва нас крануў лёс вёскі Рыбчына, затопленай вадой Вілейска-Мінскага мора, кранула вернасць яе жыхароў памяці сваёй вёскі. Штогод яны збіраюцца, наведваюць родныя мясціны. Мы думаем, што і наша сустрэча на вузлянскай зямлі стане традыцыйнай, што будуць прыязджаць сюды штогод з розных куткоў свету.
Свой расказ пра наша свята мы хочам закончыць радкамі, якія прагучалі на свяце:
Зноў мы разам: суседзі, сябры,
А наша вёска ў вечным спакоі.
Няхай птушкі пяюць, няхай тут кветкі цвітуць,
Мы яе не забудзем ніколі.
Ад імя ўсіх: Каляга А. І., Місевіч Т. І.,
Каляга А. П., Гапановіч Т. І.



