Дынастыя Садоўскіх
Чуткамі, кажуць зямля поўніцца. Прыемна, калі яны станоўчага плану. Ну, накшталт той падзеі, якая мелася адбыцца на палетках «Нарачанскіх зораў». Што менавіта ў гэтым СВК з’явіўся адзін з першых у раёне камбайнавы экіпаж з тысячным намалотам, здзіўляцца не прыходзіцца. Ужо колькі год калектыў лідзіруе і па ўраджайнасці, і па важкасці хлебнага караваю. А Мікалай Гарэлік і Віктар Ганчарык на сваім «Лексіёне» (назва замежнай маркі ў нашай транскрыпцыі) паказваюць узоры хлебаробскага
старання. Хоць, бывае, не-не ды і пазайздросціць нехта: вунь на якой высокапрадукцыйнай тэхніцы працуюць. Ну што ж, тэхніка сапраўды адменная. Але, як і кожны далікатны механізм, увагі да сябе неаслабнай патрабуе. Не паважае ён недагледжаных, засмечаных пустазеллем і каменнем палеткаў. Не ўсё ад камбайнераў тут залежыць. У СВК традыцыйна клапоцяцца аб якасці збожжавага палетку. А пільнасці экіпажу не займаць. Так здарылася, што другую палову рабочага дня выязной рэдакцыі «ШП» выпала правесці са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Яўгенам Сінілам і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ігарам Шавялёвым, якія меліся ўручыць ўзнагароды лідэрам раённага спаборніцтва на жніўным полі. Наш маршрут: «СВК Нарачанскія зоры», унітарныя прадпрыемствы «Вілія-агра», «Даўгінава».
Віталій Бандарык, ідэолаг «Нарачанскіх зораў», знаёміць з іншымі экіпажамі, якія сёння таксама вырашаюць лёс жніўнага поля. Да што там знаёміць? Усе, як кажуць «старыя знаёмыя». У сям’і Садоўскіх, напрыклад, падчас гэтага жніва сфарміравалася цэлая «камбайнавая» дынастыя.
Андрэй Садоўскі сёлета працуе на новым «Палессі». Камбайн «Ліда-1300», які спраўна служыў яму дзесяць год на хлебнай ніве, перадаў у спадчыну сыну Руслану. Хлопец вучыцца ў агратэхнічным універсітэце.
– Будзе інжынерам, – не без гонару вымаўляе Андрэй. – Напэўна, ёсць у бацькі запаветная мара: бачыць у сваіх сынах пераемнікаў. Меньшага, Паўла, ён сабе ў памочнікі ўзяў. А са старэйшым, Русланам, у складзе маладзёжнага экіпажа, працуе малодшы сын – Аляксей. Толькі ўжо хросны. Павел яшчэ школьнік, заканчвае мясцовую сярэднюю школу. Кароткую затрымку на жніве выкарыстоўвае, каб заняцца камбайнам.
– Такая спёка не перашкаджае?
– Я вынослівы, як тата. Хутка адапціруюся да асяроддзя. – Падлетак не ўхіляецца ад дыялога. А рукі сноўдаюць уздоўж жняяркі, падбіраючы пажніўныя рэшткі.
– А за штурвал спрабаваў садзіцца?
– Не без гэтага. Тата абедае, а я жну. Не хочацца адставаць.
Садоўскія і не адстаюць, таксама падбіраюцца спакваля да тысячнага намалоту, трывала замацаваўшыся на другім месцы.
– Летась, калі ўраджай быў большым, пры вызначэнні лідэра мы за адпраўную кропку бралі тысячны намалот, – каменціруе намеснік старшыні СВК па ідэалагічнай рабоце. – Сёлета арыенціруемся на 500. Усім экіпажам, хто дасягнуў такога намалоту, гаспадарка ўручыла каштоўныя падарункі. Мы са старшынёй, галоўным аграномам паціснулі ўсім рукі, падзякавалі: трымайцеся, маўляў, хлопцы. І ўдачы вам!
Руслан запэўнівае, што камбайн ад бацькі атрымаў у добрым стане. Пакуль ніводнай сур’ёзнай паломкі не мелі. Калі што – дык па дробязі.
– Ну, і лепшае поле вам, як маладзёжнаму экіпажу далі, – з хітрынкаю у вачах зазначае Віталій Бандарык.
– Ага, лепшае… А тое азімае жыта, што з валкоў падымалі, успамінае Руслан… – І ўжо разам, удакладняючы адзін аднаго, хлопцы расказваюць, якім складаным быў той жытні палетак.
– Справіліся. Паказалі, на што здольныя. Вось і далі вам магчымасць сябе праявіць, – рэзюміруе Віталій Анатольевіч.
…Не абысці ўвагай характэрную дэталь жнівеньскага пейзажу «Нарачанскіх зораў»: выцягнутыя ўздоўж прысад скірды пажніўнай саломы. Зваяныя нечай спрытнай рукой, яны нагадваюць архітэктурна завершаную кампазіцыю з прыроднага матэрыялу.
– Вось гэтыя Фёдар Тумаш складваў, а тыя, што далей, – Пётр Радзевіч. – Па почырку вызначае творцаў адказная за ход жніва ад СВК Ірына Рогач.
Да ўрачыстага моманту ўшанавання першых тысячнікаў камбайны падцягнуліся да ўскрайку поля. У экіпажаў – бадзёры, не такі ўжо стамлёны, для сённяшняй гарачыні, выгляд. – Гэта як на «Ніве» працаваў, дык кашулю можна было ад поту выкручваць, – смяецца Мікалай Гарэлік. – А цяпер і на замежнай, і на нашай айчыннай тэхніцы – кандыцыянеры. На якую тэмпературу наладзім – такая і будзе…
Усім прыемна слухаць цёплыя словы віншавання. І яны гучаць. І ў адрас лідэраў, і ўсіх, хто шчыруе сёння на жніўным палетку.
Колькі хвілін па расплаўленым ад гарачыні асфальце – і старшыня райвыканкама Яўген Сініла звяртаецца да сямейнага экіпажа Батураў з «Віліі-агра». Прозвішча таксама ў раёне вядомае. Уладзімір стаў пераможцам мінулагодняга абласнога спаборніцтва на жніве. І ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Пальму першынства, як бачна, вопытны камбайнер уступаць не збіраецца. Сёння ў яго памочніках – сын Васіль. З выпадку ўборачнай пары жонка Таццяна, загадчыца жывёлагадоўчай фермы «Камена», узяла водпуск, забяспечыўшы тым самым надзейны тыл мужу. Як-ніяк, яго рабочы дзень пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы. А заканчваецца…
– Калі заканчваецца, Васіль?
– Калі аграном з поля пагоніць…
Як бачна, у малодшага Батуры з гумарам усё ў парадку.
Сонечная сцяжынка збягае за кромку лесу. А «Джон-Дзір» заходзіць на новы круг.
Жніўны палетак унітарнага прадпрыемства «Даўгінава» парадаваў сустрэчай з мінулагоднім уладальнікам спецыяльнага прыза «За адданасць полю» – Станіславам Калягам. Экіпаж і сёння у тым жа саставе: бацька і сын.
– Станіслаў і цяпер не адмаўляецца ад складаных участкаў. Вось і на гэтым, глядзіце, якая палегліца, – дырэктар унітарнага прадпрыемства Ян Мінчык канстатуе бачнае. Ураджайнасць трыцікале на гэтым участку чакалася лепшай. Але надвор’е ўнесла свае карэктывы. І камбайн Станіслава настойліва, хоць і марудна, задзейнічаўшы пад’ёмны механізм, паўзе на жніўным палетку, пакідаючы за сабой бухматую сцяжынку абмалочанага сцерня.
Пажадаўшы поспеху рупнаму і адказнаму хлебаробу, мы накіроўваемся да лідэра. Ужо больш тысячы тон збожжа перавёз ад камбайна Павел Місевіч. Яго новы «МАЗ» з прычэпам, як і сам вадзіцель, не ведае стомы.
На палетках унітарнага прадпрыемства працуюць 8 камбайнаў. Два з іх гаспадарка набыла да сёлетняга жніва. На першы погляд, тэхнікі многа. Але ж і плошчы прадстаіць убраць немалыя: 1735 гектараў.
– У экіпажы мы стараліся не прыцягваць трактарыстаў, – раскрывае тактычныя захады жніва Ян Мінчык. Менавіта цяпер работы на палях павінны вясціся комплексна: уборка лёну, ворыва, зноў сяўба (маюцца на ўвазе азімыя культуры – М.К.). Таму на адным з новых камбайнаў у нас працуе дарожнік з будаўнічага ўпраўлення №162, мясцовы жыхар. Яшчэ на адзін узялі работніка Язненскай школы. Пра ўраджайнасць у Аляксандра Акушэвіча, галоўнага агранома прадпрыемства, лепш не пытацца. На твары і так занатавана расчараванне. Памятаю, як цешыўся ён у тэрмін і якасна праведзенай пасяўной, як трымаў у сэрцы надзею на добры ўраджай. Хлебароб па прызванню, ён з горыччу канстатуе, што надзеі не збыліся. Карэктывы ў планы людзей, як гэта часта і бывае, унесла прырода. А вось кукуруза…. Яна даўгінаўскіх хлебаробаў радуе. Так пайшла ў рост, што памочнік брыгадзіра Таццяна Дубаневіч, сярэдняга росту жанчына, з цяжкасцю дацягваецца да яе квітнеючых суквеццяў. Каралеве паспрыяла, лічыць Таццяна, надвор’е. Сяўба прыйшлася на пачатак мая, на ўсходы не ўпалі замаразкі. Ролю сваю адыграла захаванне ўсіх патрабаванняў тэхналогіі. Пры спрыяльным збегу абставін будзе і зялёная маса, і зерне.
Працоўны дзень, мяркуючы па гадзінніку, ужо завершаны. Але не сціхае, агалошаны шумам рухавікоў, палетак. Не за лідэрства, а за хлеб ідзе сёння барацьба на збожжавай ніве.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара







