Сядзіба Алены Мікалаеўны і Міхаіла Іванавіча Пятровічаў адразу захапляе мноствам буяючых кветак. Нават пачынаеш сумнявацца, што ты ў Беларусі, бо ў кветніку шмат раслін, нехарактэрных, здавалася б, для нашай кліматычнай паласы. Пералік іх назваў нічога не дасць чытачу, бо гэта той выпадак, калі трэба адзін раз убачыць.
Ногі самі нясуць у двор, каб падрабязней разгледзець такое хараство.
Услых дзіўлюся, як толькі гаспадарам хапае часу, на што стараста вёскі Анжаліка Кезік, якая мяне суправаджае, тлумачыць:
– А яны, як рупныя пчолкі, з ранку і да вечара ў клопатах і рабоце, у пастаянным руху. Здаецца, што ніколі і не адпачываюць, хоць і работа ў іх адказная: Алена Мікалаеўна – бухгалтар у Любанскай сельскагаспадарчай кампаніі, а Міхаіл Іванавіч там жа працуе майстрам.
Анжаліка Францысаўна звяртае маю ўвагу на суседні дом:
– Ён ужо гадоў сем стаіць пакінуты, жылі часовыя людзі. Участак быў заросшы, засмечаны. Па іх просьбе калгас дазволіў Пятровічам пасадзіць тут агарод, яны вывезлі назбіранае за шмат гадоў смецце, і выгляд цяпер зусім іншы.
З адкрытай усмешкай нас сустракае старэйшая дачка гаспадароў, Вольга. Яна тлумачыць, што бацькі зараз на працы, а яны з мужам прыехалі ў госці. Дарэчы, замужам яна нядаўна, усяго тыдні тры. Муж – былы аднакласнік. Маладыя муж і жонка жывуць і працуюць у Мінску. У Вольгі ёсць малодшая сястра – Ірына, якая таксама працуе ў Мінску, пакуль не замужам. Дзеці – галоўныя памочнікі бацькоў, і ў тым парадку, які пануе на падворку, ёсць і іх заслуга, бо вочы Вольгі свецяцца, калі яна расказвае пра кветкі.
– Адкуль столькі разнастайных раслін? – пытаюся ў Вольгі.
– Штосьці купляем на рынку ў Маладзечна, з некаторых самі збіраем насенне, потым высаджваем, некаторыя кветкі прывозім дамоў з Мінску.
Сярод расліннасці знайшлося месца і невялічкай сажалцы з рыбкамі. Асобна, як і належыць каралевам кветак, растуць ружы.
Са слоў Вольгі даведваемся, што бацькі трымаюць яшчэ тры кароўкі, гэта няпроста, і дзеці стараюцца заўсёды прыехаць дапамагчы.
… Прыгожы чалавек – прыгожы ва ўсім. Застаецца толькі парадавацца, што ёсць такія «чараўнікі», якія і свет вакол сябе робяць чароўным.
Таццяна ШАРШНЁВА







