Так устроена наша жыццё, што кожны новы дзень прыносіць нам нейкія ўражанні, якімі хочацца падзяліцца з іншымі; пытанні, на якія трэбы знайсці адказы; праблемы, што патрабуюць вырашэння. Вось і сённяшняя рэдакцыйная пошта – яскравае таму пацвярджэнне.
Як змагаемся з «зеллем»?
Гэтае пытанне задала па тэлефоне жыхарка раёна Марыя Сяргееўна (так прадставілася жанчына).
– Не толькі ад свайго імя звяртаюся, але і ад мноства жанчын, якія пакутуюць ад п’яніц, – сказала наша чытачка. – Крыўдна і балюча глядзець, як маладыя і дужыя людзі, якім бы працаваць, зарабляць грошы ды гадаваць дзетак, п’юць, нічога не робяць ды яшчэ і тэрарызіруюць іншых. З самага ранку – ужо на «кропках» , дзе іх заўсёды чакаюць. Як змагацца з самагоншчыкамі? Што робіцца нашай міліцыяй у гэтым накірунку?
Пытанні Марыі Сяргееўны я адрасавала начальніку аддзялення грамадскага парадку і прафілактыкі раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрыю Тарговічу. Вось што ён расказаў:
– Работа па выяўленні і барацьбе з самагонаварэннем і рэалізацыяй гэтага «зелля» праводзіцца сур’ёзная. Так, на 15 мая бягучага года ў раёне было зарэгістравана 96 вышэйназваных парушэнняў. Намі знішчана 13 міні-заводаў і самагонных апаратаў, адабрана больш за 472 літры самагону.
Зразумела, што прыведзеныя Дзмітрыем Люцыянавічам лічбы – далёка не рэальная карціна маштабаў злачыннай вытворчасці самагону. І наўрад ці будзе выкаранена гэтае зло, пакуль змагацца з ім будзе толькі міліцыя. А дзе ж грамадскасць, дзе ўсе мы? Задумаемся над гэтым.
Вучням – граматы, школе – падпіску
У свой час часопіс «Планета – сям’я» аб’явіў віктарыну, прысвечаную сумнай даце – 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Першымі, хто адгукнуўся на яе, былі вучні трэцяй гарадской школы. Іх адказы на пытанні віктарыны былі не толькі аператыўнымі, але і правільнымі.
Нядаўна былі падведзены вынікі віктарыны. Грамадскі рэдакцыйны савет часопіса «Планета – сям’я» ўзнагародзіў Дыпломам дзевяцікласніка трэцяй гарадской школы Аляксея Курбатава, адзінаццацікласніцу Ангеліну Панарад, Кацярыну Лукша і Анастасію Чачуліну, а падарункам школе стала падпіска на часопіс.
Галоўнае – ад сэрца
Цёплыя словы ў адрас калектыву кардыялагічнага аддзялення бальніцы выказалі пацыенты, якія папраўлялі тут сваё здароўе.
– Нас многа, таму прозвішчы ўсе і не назавеш, – сказала жанчына на другім канцы провада. – Ды і навошта тыя прозвішчы? Яшчэ падумаюць, што хочам такім чынам, што называецца, наперад кінуць… Таму і не называемся. Проста хочам падзякаваць і ўрачам, і медыцынскім сёстрам, і санітаркам, і паварам за іх цудоўныя адносіны да людзей і прафесіяналізм. Пры такіх чалавечных адносінах і на папраўку ідзеш хутчэй…
Такія вось простыя і шчырыя словы. Глоўнае, што яны ад сэрца.
Ірына БУДЗЬКО







