Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вялікі клопат з-за дробнай істоты

Хто з вас не быў гэтым летам у лесе? Адзінкі адкажуць адмоўна. Заўзятыя ягаднікі і грыбнікі ведаюць: верагоднасць вярнуцца дадому не толькі з дарамі лесу, але і з няпрошаным госцем на целе — кляшчом — вельмі высокая. Між тым, укус маленькага кляшча можа мець вельмі небяспечныя наступствы для чалавечага арганізма.

Наша чытачка Русаковіч, што патэлефанавала ў рэдакцыю, расказала, як і ёй давялося трапіць у такую сітуацыю. Аднойчы ў выхадныя, вярнуўшыся з лесу, жанчына знайшла на сабе кляшча. Як рэкамендуюць у інфармацыйных матэрыялах адпаведныя службы (пра гэта гаварылася і на старонках нашай газеты), гадаваць яго не стала — самастойна зняла, што называецца, з месца пасадкі. А пасля выхадных звярнулася ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб правесці спецыяльнае даследаванне і даведацца, ці быў клешч заражаны вірусам лайм-барэліёзу. Ёй прапанавалі самастойна звярнуцца ў Маладзечанскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб правесці такое даследаванне там на платнай аснове. Праблема не ў тым, што паслуга платная, а ў тым, што чалавеку трэба ехаць у іншы горад.
На просьбу рэдакцыі пракаменціраваць сітуацыю ў Вілейскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адказалі наступным чынам. Маўляў, у Вілейцы няма ў наяўнасці неабходнага абсталявання, а ў першую чаргу на бясплатнай аснове «даследуюцца кляшчы, знятыя з наступных катэгорый грамадзян: дзяцей ва ўзросце да 18 год; асоб, якія адносяцца да кантынгенту прафесійнай рызыкі заражэння лайм-барэліёзам (работнікі леспрамгасаў, асобы, занятыя на лесанарыхтоўках, будаўнікі, што працуюць ва ўмовах лясных масіваў, егеры і іншыя); асобы, якія маюць супрацьпаказанні да прафілактычнага лячэння лайм-барэліёзу (цяжарныя, кормячыя маці, асобы, якія пакутуюць непераноснасцю антыбіётыкаў)». Да гэтага пераліку жанчына не адносіцца. Згодна пісьму Маладзечанскага занальнага ЦГЭ ад 19.04.2011 г. №03/1-150/1098, дзе сказана, што «даследаванні, якія не ўваходзяць ў абавязковы і дадатковы пералік дыягнастычных даследаванняў па назалагічных формах захворванняў (Загад Міністэрства аховы здароўя РБ «Аб зацвярджэнні клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння хворых”) ад 13.06.2006 г., №484), а менавіта даследаванне кляшчэй на заражаннасць барэліямі ад іншых катэгорый грамадзян, ажыццяўляюцца ў ДУ «Маладзечанскі занальны ЦГЭ» на платнай аснове. Прыкладны кошт даследавання — 16350.
Акрамя таго, аказваецца, самастойна здымаць кляшча нельга, для гэтага трэба звярнуцца да тэрапеўта або хірурга. І пасля выдалення кляшча і апрацоўкі месца ўкусу, збору эпідэміялагічнага анамнезу, з удакладненнем тэрыторыі верагоднага заражэння, пацярпеламу правядуць хіміяпрафілактыку адпаведнымі прэпаратамі або накіруюць яго ў Маладзечанскі занальны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя на правядзенне бактэрыялагічнага і вірусалагічнага даследавання знятага кляшча. А за пацярпелым будуць назіраць на працягу двух месяцаў…
Супярэчнасць атрымліваецца: з аднаго боку — парады спецыялістаў, з другога — інструкцыя. Каго слухаць? Прызнацца, няма ўпэўненасці, што кожны, хто «прынёс» з лесу кляшча, паедзе ў Маладзечна. Застаецца спадзявацца, што пагроза абміне. Ці не?
Падрыхтавала  Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries