Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У кожнай сям’і столькі дзетак, колькі іх і павінна быць

Ёсць такое грамадскае аб’яднанне шматдзетных бацькоў «Зямля. Лёс. Дзеці». А ёсць і наша, раённая, асацыяцыя шматдзетных бацькоў. «Я лічу, што голасна заклікаць нараджаць дзяцей — няправільна, — з гэтага пачалася наша размова з Джульетай Балвака, старшынёю асацыяцыі, якая тут жа працягнула сваю думку: — Як няправільна і планаваць нараджэнне дзетак, іх колькасць у адпаведнасці з матэрыяльным становішчам, а тым больш з надзеяй на ільготы ці іншыя выгоды. У нас такога не было. Ведаю шмат такіх сем’яў, што ўжо пабудавалі жыллё на агульных умовах, а потым нарадзілі трэцяе, чацвёртае дзіця… У кожнай сям’і столькі дзетак, колькі іх і павінна быць».

У іх сям’і таксама не было мэты — стаць шматдзетнымі або не. Спачатку на свет з’явілася Дар’я, праз пэўны час — Віталік, а потым — і малодшы, Вадзім. Толькі калі ў сям’і стала пяць «Я», яны з мужам Ігарам правялі паралель — той таксама рос у шматдзетнай сям’і, дзе старэйшай была дзяўчынка, а малодшымі — два хлопчыкі. Падтрымлівалі родныя людзі, і, трэба сказаць, ніхто з іх не спытаў: «Навошта вам такі клопат?» Зараз дванаццацігадовая Дар’я — галоўная маміна памочніца, а клопат пра малодшага, шасцігадовага Вадзіма, у іх з дзесяцігадовым Віталікам адзін на дваіх.
На пасадзе старшыні асацыяцыі Джульета Андрэеўна не так даўно, але прызнаецца, што ідэй у яе шмат — было б з кім ажыццяўляць. Ёсць такія сем’і, расказала яна, што самі «рвуцца ў бой», а ёсць такія, што яшчэ не ведаюць пра асацыяцыю. Іншыя не супраць атрымліваць дапамогу, але не гараць жаданнем якім-небудзь чынам удзельнічаць у жыцці аб’яднання. Хаця ў сярэднім па раёне налічваецца 419 шматдзетных сем’яў, толькі ў горадзе іх 133. Якія б не толькі маглі атрымліваць дабрачынную дапамогу, але і самі дапамагаць таму, каму гэта патрэбна. Якія мэты ставіць перад сабой асацыяцыя? Джульета Андрэеўна адказвае, што на першым плане не матэрыяльная — маральная, юрыдычная дапамога шматдзетным сем’ям. Бывае, расказала яна, што некаторыя і не ведаюць пра пэўныя ільготы, напрыклад, пра тое, што да 1 верасня, калі ў сям’і тры і больш школьнікаў, яны маюць права на атрыманне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі — па 200 тысяч на кожнае дзіця. Хтосьці заблытаўся ў нюансах жыллёвага будаўніцтва… Пытанні, упэўнена яна, будуць. Як і адказы на іх. Яшчэ б хацелася згуртаваць актыўных людзей, і не толькі жыхароў горада, якія б маглі кантактаваць паміж сабой, сумесна арганізоўваць вольны час (паездкі, экскурсіі), дзяліцца праблемамі і сваімі спосабамі іх пераадолення, падтрымліваць адзін аднаго. Бывае ж, што ў копосьці дзеці выраслі, засталіся ў добрым стане іх рэчы, абутак — чаму б не падзяліцца? Ды і паведаміць адзін аднаму жыцейскую інфармацыю — напрыклад, дзе праводзіцца распродаж тых ці іншых тавараў для дзяцей або ёсць вольная вакансія — уладкавацца шматдзетнай маці на работу таксама даволі праблематычна. Ды і проста жывыя чалавечыя зносіны даюць душэўны адпачынак ад паўсядзённага клопату, магчымасць зрабіць перадышку. Канечне, дапамагаюць шматдзетным многія працоўныя арганізацыі (як, напрыклад, лясгас, дзе Джульета Балвака працуе юрысконсультам), Дзіцячы фонд, Чырвоны Крыж, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Супрацоўнікі апошняга, расказала Джульета Андрэеўна, прапанавалі стварыць клуб шматдзетнай сям’і, абяцаюць забяспечыць памяшканнем, даць кіраўніка — спецыяліста цэнтра. Трэба толькі сабрацца ўсім зацікаўленым і вызначыць — мае права ідэя на жыццё ці не. А таксама акрэсліць кола заняткаў. Каб абмеркаваць гэтыя і іншыя пытанні, усе актыўныя і нераўнадушныя могуць збірацца ў наступную сераду, 29 жніўня, у фае Палаца культуры а шостай гадзіне вечара. Можна таксама патэлефанаваць па нумары 8(029)264-16-53 (МТС) непасрэдна Джульеце Балвака.
Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries