Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейшчына на абласных «Дажынках» у Дзяржынску

У мінулую суботу Дзяржынск быў сталіцай абласнога свята хлебаробаў – яго часткай былі і прадстаўнікі Вілейшчыны. Нашу дэлегацыю сустрэлі гасцінна, па традыцыі – з духмяным караваем, што сімвалізуе ўраджай і дабрабыт у кожнай хаце і ў краіне ў цэлым.

І нават «Міншчына ў мініяцюры»

Горад, які актыўна рыхтаваўся да абласнога свята, сустрэў адноўленым, прыгожым. Госці маглі наведаць пляцоўкі арганізацый і прадпрыемстваў Міншчыны, азнаёміцца з прамысловым і культурным патэнцыялам цэнтральнага рэгіёна, ацаніць таленты рамеснікаў і самім дакрануцца да вытокаў рамёстваў. Агульнай тэмай – любоўю да радзімы – былі прасякнуты экспазіцыі раёнаў на агульнай тэматычнай пляцоўцы «Міншчына ў мініяцюры». А каб знайсці каравайную пляцоўку, дастаткова было ісці на водар – кожны раён прадставіў свой прыгожы і апетытны сімвал ураджаю. І дарэчы, вілейскі каравай заслужыў нямала кампліментаў.

У горада з’явілася «берагіня»

Да абласных «Дажынак» у Дзяржынску з’явілася свая «берагіня» – чатырохмятровая скульптура жанчыны са снапом. Вобраз зборны і ўвасабляе ролі захавальніцы сям’і і жанчыны-працаўніцы. Скульптуру перад раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці ўсталявалі ў Год беларускай жанчыны – і гэта сімвалічна.

Беларускім працаўніцам прысвячалася таксама вулічная фотавыстава. Землякам было прыемна ўбачыць на ёй Раісу Лазовік, галоўнага заатэхніка філіяла «Юнік-агра» ААТ «Мінскі малочны завод №1».

Прастора для творчасці

Падчас «Дажынак» была падстава зайсці ў госці да калег-журналістаў і шчыра парадавацца: дзяржынская рэдакцыя да свята атрымала адноўлены офіс. Адрас застаўся папярэднім, але змены – кардынальныя. Цяпер гэта не проста будынак з кабінетамі і рабочымі месцамі, а сучасная прастора для творчасці, дзе крэатыўныя супрацоўнікі «Узвышша» з агеньчыкам у вачах будуць рабіць цікавыя рэпартажы і здымаць відэасюжэты.

Галоўная сцэна – для галоўных людзей

На хлебаробах у краіне трымаецца харчовая бяспека. Таму штогод на высокім узроўні адзначаюцца заслугі тых, хто шчыруе на палях і зернетаках, хто заняты на адвозцы зерня, хто, кожны на сваім месцы, суправаджае ўсе сельскагаспадарчыя працэсы. Урачыстая цырымонія адзначыла лепшых працаўнікоў сяла Мінскай вобласці.

Сярод іх – прадстаўнікі Вілейшчыны. Вадзіцель раённай ветстанцыі Сяргей Яўгель штогод удзельнічае ва ўборачнай кампаніі, сёлета ён адзначыў свой юбілейны – 20-ты – сезон у «Першым Беларускім». Сяргей Іванавіч адзначаны Ганаровай граматай абласнога прафсаюза АПК – узнагарода высокая і прыемная.

Абласны конкурс па добраўпарадкаванні таксама назваў імёны пераможцаў, сярод якіх дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея» (ІІІ месца) і вёска Касцяневічы (Людвіноўскі сельвыканкам) – ІІ месца.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка высокай узнагародай адзначыў кіраўніка ААТ «Новая Вілія» Сяргея Цітова. Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання – у трактарыста-машыніста ААТ «Новая Вілія» Станіслава Калягі. А ўзорнае прадпрыемства раёна «Нарачанскія зоры» – сярод пераможцаў рэспубліканскага агляду-конкурса «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, фермаў і комплексаў» сярод сельскагаспадарчых арганізацый. Ганаровую ўзнагароду ўручылі дырэктару ААТ «Нарачанскія зоры» Аляксею Раманюку.

На наступныя «Дажынкі» – у Любань!

І размова не пра наш аграгарадок Любань, дзе ў суботу адбудзецца раённае свята хлебаробаў, а пра горад на поўдні Мінскай вобласці. Менавіта там будуць падведзены вынікі чарговага сельскагаспадарчага года і названы імёны лепшых, на адданай працы якіх трымаецца краіна.

Таццяна ШАРШНЁВА/ Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 200 queries