Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Узорны ансамбль гітарыстаў Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў «Адэліта» ўжо 30 год радуе прыхільнікаў сваёй творчасці

Узорны ансамбль гітарыстаў Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў ужо 30 год радуе прыхільнікаў сваёй творчасці непаўторным гучаннем шасціструннай класічнай гітары.

 

Няўлоўным дотыкам кранаюць пальцы далікатныя струны. Яны адгукаюцца своеасаблівымі пералівамі, рэха якіх, здаецца, пранікае ў глыбіню душы, уздымаючы на паверхню мноства самых розных пачуццяў. Так гучыць гітара…

“Адэліта” – такую мілагучную назву мае ўзорны ансамбль гітарыстаў Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, гісторыя якога пішацца ўжо на працягу трох дзясяткаў год.
Пра тое, як адбывалася станаўленне калектыву, і чаму менавіта “Адэліта” – невялічкая п’еса іспанскага кампазітара і гітарыста Франсіска Таррэга – дала яму назву, гутарым з яго заснавальнікам і мастацкім кіраўніком – Уладзімірам Лапцікам.

– Першым гітарным акордам мяне навучыла старэйшая сястра Людміла – яна займалася ў музычнай школе на скрыпцы. У той час многія захапляліся гітарай. Але ў музычнай школе тады не было класа гітары. Я для сябе ўжо вызначыўся, што менавіта яна – мой інструмент, і я да яго прыйду, а вучыцца пайшоў на баян. Скончыў музычную школу па класу баяна, а пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча, два гады займаўся па класу баяна. Тады, акрамя баяна, я ўзяў сабе дадатковы інструмент – гітару – у Карла Пагоцкага, які вучыў яшчэ знакамітага Юрыя Антонава. Мне ўдалося падрыхтаваць праграму – і я перавёўся на клас гітары да Яўгена Грыдзюшкі. А праз год перавёўся ў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, стаў займацца ва Уладзіміра Белышава – аднаго з першых выкладчыкаў па класічнай гітары. Ён першым сыграў сольны канцэрт на класічнай гітары ў зале сталічнай філармоніі. Легендарны чалавек, з якім пашчасціла пазнаёміцца. А Яўген Грыдзюшка, у якога я займаўся ў Маладзечна – яго вучань…
Вопыт педагогаў Уладзіміру Лапціку спатрэбіўся.

– Пачыналі мы з трыа гітарыстаў, – успамінае Уладзімір Анатольевіч. – Тады, у 90-х гадах, былі ў мяне тры добрыя вучні, тры Сашы – Аляксандр Кісель, Аляксандр Гур і Аляксандр Храмцоў. У 2012 годзе паўстала пытанне аб тым, каб прэтэндаваць на званне ўзорнага ансамбля – тады задумаліся пра назву. У той час у яго складзе былі Захар Чачулін, Ілля Ражко, Святлана Прылепская, Павел Чарапан, Андрэй Бараноўскі, Уладзіслаў Лемяшонак. Вырашылі, што калектыў будзе называцца “Адэліта” – гэта назва невялічкай, усяго на тры нотныя радкі, п’есы вядомага іспанскага гітарыста и кампазітара Франсіска Таррэга. Адэліта – імя дзяўчыны, якой некалі прысвяціў ён гэтую прыемную мелодыю. Яшчэ яна вельмі знакамітая – гітарысты ва ўсім свеце яе ведаюць і выконваюць…

У кастрычніку 2012 года ансамбль гітарыстаў “Адэліта” паспяхова пацвердзіў званне “Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. І не спыніўся на гэтым – у творчай скарбонцы “Адэліты” яшчэ шмат узнагарод і дасягненняў на розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах. “Адэліта” супрацоўнічае з іншымі калектывамі – народным калектывам аўтарскай песні “Элегія” (кіраўнік Таццяна Захарыч), ансамблем танца “Карагод” (кіраўнік Ірына Новік). У маі 2014 года “Адэліта” сумесна з “Элегіяй” брала ўдзел у святочнай праграме зоны гасціннасці чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску каля аднаго з Лядовых Палацаў. У кастрычніку 2014-га калектыў выступіў на выставе, прысвечанай жыццю і творчасці Янкі Купалы ў гады Першай сусветнай вайны, і прымаў удзел у адкрыцці выставы “Дзяды” мастака Эдуарда Мацюшонка ў зале выстаў імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея. У снежні 2014 года калектыў выступіў на імпрэзе, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння мастака Льва Альпяровіча, і на вечары памяці мастака Нікадзіма Сілівановіча, прысвечаным 180-годдзю са дня яго нараджэння. У лютым 2015-га калектыў прымаў удзел у творчым вечары скрыпачкі Аксаны Жук “Мая душа, як скрыпка, то плача, то пяе” ў Вілейскай дзіцячай школе мастацтваў. У красавіку 2015 года вілейскія гітарысты выступалі на прэзентацыі кнігі-альбома “Скульптура” Уладзіміра Слабодчыкава ў зале выстаў імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея.

Май 2015 года запомніўся калектыву выступленнем на адкрыцці выставы народнага мастака Рэспублікі Беларусь Васіля Шаранговіча ў зале Цэнтра эстэтычнага выхавання. А ў студзені 2016 года ў Вілейскай школе мастацтваў адбыўся канцэрт-прысвячэнне гітарысту Уладзіміру Белышаву – па ініцыятыве яго ўдзячнага вучня, Уладзіміра Лапціка… 2017 год у гісторыі калектыва быў адзначаны перамогай у абласным конкурсе, у складзе “Адэліты” тады выступалі Аляксей Зубель, Аляксандр Лапцік, Валерыя Сопрых, Аляксей Кірый, Кірыл Шарафановіч, Ягор Каханоўскі. У 2019 годзе да гэтага саставу дадаліся новыя ўдзельнікі – Уладзіслаў Пакусаеў, Ілля Курыловіч і Міхаіл Стражнікаў, год запомніўся трэцім месцам на рэспубліцы…

– Усе нашы вучні спачатку вучаць партыі на індывідуальных занятках, а на калектыўных ансамблевых занятках мы ўжо спрабуем іх партыі аб’яднаць, – расказвае Уладзімір Лапцік пра асаблівасці творчага працэсу. – Самыя складаныя і адказныя партыі даём тым вучням, якім гэта па сілах, тым жа, каму гэта даецца цяжэй, дастаюцца больш лёгкія. Мы ўвесь час працуем над рэпертуарам: знаходзім п’есы, падбіраем ноты, спрабуем, як кампазіцыя будзе гучаць, што падыходзіць пад рэпертуар менавіта гэтых выканаўцаў, а што – не. Падтрымкай сёння служыць інтэрнет – там лёгка можна знайсці самыя розныя ноты. Зараз у мільён раз больш магчымасцяў, чым гэта было ў 90-я гады, калі ноты перапісвалі ад рукі, адзін аднаму перадавалі, шукалі, дзе зрабіць копіі на ксераксах, якія толькі ўваходзілі ва ўжытак… У нас у школе вельмі дружны калектыў – ніхто з педагогаў і вучняў ніколі не адмаўляе, калі просіш выканаць якую-небудзь сольную партыю ці падрыхтаваць вучня з партыяй на другім інструменце. І з акардэонам, і з флейтай, і з ударнымі інструментамі, і нават з валторнамі мы ігралі. Вялікая ўдзячнасць тым настаўнікам, якія дапамагалі нам, і гітарыстам “Адэліты”.
Ці лечыць музыка душу?

– Канешне, – адказвае Уладзімір Лапцік на маё пытанне. – Калі з ранняга дзяцінства чалавек будзе мець дадатковае захапленне, у якім пазней ён пачне разбірацца, любіць яго, музыка застанецца з ім назаўсёды. Нават мае вучні, якія сталі праграмістамі, сёння ствараюць ансамблі, іграюць на гітары ў вольны час – і кажуць, што музыка для іх – занятак для душы. Мне хочацца, каб віляйчане прыводзілі сваіх дзетак да нас, у школу мастацтваў, – на гітару або іншыя інструменты. Развіццё асобы павінна быць рознабаковым. Вашы дзеці будуць вам удзячныя за тое, што аднойчы вы прывялі іх у гэты храм мастацтва.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота з асабістага архіва Уладзіміра ЛАПЦІКА

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 149 queries