Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У трэцяй школе рыхтуюцца да навучальнага года

На школьным двары трэцяй гарадской школы нязвыкла ціха. Яно і зразумела – канікулы. Толькі некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак з палівачкамі завіхаюцца ля клумбаў. Трэба ж ратаваць кветкі ад спякоты.
У калідоры, як і звычайна ў час летніх канікулаў, стаіць пах фарбы, новай мэблі. У аўдыторыях чуецца стук інструментаў, перагаворваюцца паміж сабой майстры.
– Жнівень, напэўна, самы гарачы месяц у годзе для сістэмы адукацыі, – гаворыць, праводзячы мяне па ўжо адрамантаваных аўдыторыях, дырэктар школы Мікалай Гіро. – Вось і ў нашай школе, як бачыце, кіпіць работа, рыхтуемся да новага навучальнага года. У гэты час актыўна працуюць усе службы, усе пераключаюцца ў прыемна хвалюючы рэжым чакання сваіх любімых вучняў. А для таго, каб вучоба давала не толькі веды, але і прыносіла эстэтычнае задавальненне, у школе рамантуюцца класныя пакоі, спартыўныя залы, калідоры. Дзякуючы сумесным намаганням падрыхтоўка ўстановы адукацыі да новага навучальнага года будзе ў тэрмін завершана. І цяпер, калі пра эстэтыку навучання паклапаціліся, новыя веды нашы выхаванцы змогуць атрымліваць з камфортам.
Адчыняем дзверы аўдыторыі №106, дзе дзяўчынак і хлопчыкаў 3 «Б» будзе вучыць іх настаўніца Таццяна Сабалеўская. Мора сонечнага святла, а ў ім – новенькія сталы, шафы, столь, падлога…
– Гэту і яшчэ пяць аўдыторый адрамантавалі дзякуючы гаспадарчаму спосабу, – расказаў дырэктар установы. – Тут пафарбаваны сцены, заменены падлога і вокны, зроблена новае асвятленне, устаноўлены рукамыйніцы. Зразумела, што на ўсё гэта спатрэбіліся сродкі. Так, рамонт адной аўдыторыі абышоўся прыкладна ў 22-24 мільёны рублёў, а ўвогуле затрачана 149 мільёнаў (гэта на будаўнічыя матэрыялы) і яшчэ каля 133 мільёнаў на зарплату тым, хто выконваў работы. Рамонтам і мы, і, мяркую, нашы вучні задаволены, таму выказваем удзячнасць абласному выканаўчаму камітэту, упраўленню адукацыі,спорту і турызму райвыканкама, раённаму выканаўчаму камітэту і аддзелу адукацыі за дапамогу. Ды і цэнтру занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама таксама шчыры дзякуй – члены рамонтнай брыгады пафарбавалі сцены на калідорах, было набыта матэрыялаў на 11 мільёнаў 783 тысячы рублёў. Не засталіся ў баку ад патрэбнай справы і бацькі. Яшчэ ў маі бацькоўскія камітэты набылі фарбу на сем мільёнаў рублёў і мэблю. Прыемныя такія добразычлівыя адносіны і падтрымка, школе яны вельмі патрэбны.
У самым разгары яшчэ рамонт сталовай, пакоя для прыгатавання ежы і складскіх памяшканняў. Выходзячы са школы, зазірнула і ў сталовую, дзе спрытна завіхаліся маладыя майстры. «Работы нямала, але ўправімся ў адведзены час», – запэўнілі яны. І паабяцалі: будуць тут і сцены прыгожыя, і падлога новая, і іншае. Карацей, усё будзе прыгожа і сучасна. І гэта правільна, бо, як адзначыў у гутарцы Мікалай Гіро, каб установа магла забяспечыць сваё развіццё на доўгатэрміновую перспектыву, яна павінна быць прывабнай у вачах спажыўца адукацыйных паслуг. Так яно і будзе.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: у адрамантаванай гаспадарчым спосабам аўдыторыі.
Фота аўтара

Visited 9 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 231 queries