Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Нашы — у Варшаве

– Памолімся за нашу моладзь, якая зараз удзельнічае ў Міжнароднай Парафіядзе ў Варшаве – падчас святой імшы неаднойчы гучалі ў вілейскім касцёле Узвышэння святога Крыжа гэтыя словы. Мерапрыемства праходзіла ў Варшаве. І для ўдзелу ў ім была вылучана каманда нашай парафіі.
Ёй выпаў гонар, як пераможцы рэгіянальнай Парафіяды, прадстаўляць Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Аб гэтым мне расказвае Кацярына Дурко, студэнтка філалагічнага факультэта БДУ, што ў якасці апякункі суправаджала ў замежнай паездцы вілейскую каманду. – Я, лічыце, вырасла пры касцёле, – дзеліцца Кацярына. – Наведвала ўрокі катэхізацыі, удзельнічала і ўдзельнічаю ў самых розных парафіяльных мерапрыемствах. Міжнародная Парафіяда – адно з іх.
Групу вілейскіх падлеткаў суправаджалі ў Польшу Ганна Аўсейчык, кіраўнік касцёльнага хору, і сяброўка Кацярыны – Марына Васькевіч.
Невялікі гістарычны ракурс. Ідэя Парафіяды належыць айцу Юзафу Ёнецу, члену Ордэна піяраў. Праграма была сфармулявана ў 1988 годзе і праз год ажыццёўлена ў Кракаве. Сутнасць ідэі – ва ўсебаковым развіцці чалавека, пачынаючы з самых яго юных гадоў.
У пропаведзі падчас святой імшы з выпадку адкрыцця мерапрыемства Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што вызначаючай думкай комплекснага развіцця моладзі з’яўляюцца храм, стадыён і тэатр.
– Гэта рух, які развіваецца ў інтэлектуальным, духоўным і фізічным напрамках, – дзеліцца сваёй дасведчанасцю Кацярына.
Менавіта ў такім плане была складзена праграма саперніцтва юных католікаў, якія прадстаўлялі Польшу, Беларусь, Украіну, Расію, Казахстан, Латвію, Літву, Узбекістан і Германію. Кантакты паміж маладымі ладзіліся ў рэчышчы міжнацыянальнага дыялогу.
– Мы імкнуліся паказаць сябе – і ўбачыць багацце іншых культур, – расказвае Кацярына. – Дэманстравалі свае нацыянальныя строі, танцы, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах і конкурсах эрудытаў. Безумоўна, прэтэндаваць на першынство было цяжка. Там былі і прафесійныя школы. Але ў рэйтынгу папулярнасці наша каманда была заўсёды ў першай палове.
Мерапрыемства мела і пазнавальны ракурс. Яго ўдзельнікі наведалі музеі, славутыя мясціны Варшавы.
А яшчэ – быў проста адпачынак у гарах. Калі можна было паблукаць сярод маляўнічага ландшафту, апусціцца ў пячоры і спасцігнуць, што кожнаму месцу зямлі ўласцівы свая адметнасць і непаўторнасць.
Вялікае ўражанне пакінула ў падлеткаў наведанне Асвенцыма, былога фашысцкага лагера смерці, дзе пакуты прынялі людзі самых розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Яны дачасна пайшлі з гэтага свету, пакінуўшы за сабой трывогу за яго лёс. Ёю сёння жывуць іх нашчадкі і пераемнікі. Пабывалі падлеткі і ў Выдовіцы, дзе нарадзіўся Папа Іаан Павел II. Гэта таксама была хвалюючая і пазнавальная экскурсія.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з сайта catholic.by

Visited 8 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries