Думаю, ніводны з нашых чытачоў пры словах «апошні званок» не застанецца абыякавым. І на хвіліну нібы прыслухаецца да яго развітальнага звону, згадваючы моманты свайго школьнага жыцця, якое такое простае на думку нас, старэйшых, і такое насычанае на падзеі і пэўныя цяжкасці – на думку сённяшніх навучэнцаў. Усе мы выйшлі са школы… Ісціна не новая, але ў жыцці ўсё складваецца менавіта так. Падмурак нас, будучых дарослых, закладваецца толькі ў школе. Упэўнены крок у будучае мы робім са школьнага ганка. Першая настаўніца, школьныя сябры, школьны вальс… – вось тое, што ў сваіх успамінах мы праносім праз усё жыццё.
Гледзячы на тых, хто сабраўся ў двары Любанскай школы, – вучняў, настаўнікаў, бацькоў – думалася менавіта так. Асаблівую ўвагу сваім падабенствам і адначасова кантрастам прыцягвалі тыя, для каго гэты званок сапраўды празвініць у апошні раз (а іх у гэтым годзе адзінаццаць), і тыя, хто першы свой званок пачуў толькі першага верасня мінулага года. Прычоскі выпускніц упрыгожвалі снежна-белыя стужкі – такія самыя былі ўплецены і ў косы будучых адзінаццацікласніц. Але як адрозніваліся сур’ёзныя выпускнікі ад непасрэдных і гарэзлівых «першаклашак»! Вядома ж – наперадзе шмат нязведанага, якое і трывожыць, і кліча… Уступнае слова вядучых, гучаць фанфары. Ад надзвычайнай ўрачыстасці моманту вочы не аднаго з прысутных засмужыла нечаканая госця – слязінка. Дырэктар Любанскай школы Васіль Кісель зачытаў загад аб допуску да здачы дзяржэкзаменаў, адзначыў школьных актывістаў і перадавікоў, чые партрэты трапяць на школьную Дошку гонару. «У добры шлях!» – з такімі словамі звярнуўся да адзінаццацікласнікаў дырэктар, пажадаўшы, каб на ім выпуснікам сустракаліся толькі добрыя і спагадлівыя людзі, на экзаменах (а ў жыцці іх будзе шмат) трапляўся лёгкі білет, і каб кожны ўвасобіў сваю мару ў жыццё. Ганна Уладзіміраўна Дзёміна, старшыня Любанскага сельвыканкама, ўручыла падарункі ад Прэзідэнта тым, хто атрымаў у гэтым годзе пашпарт, пажадала ўсім выпускнікам паступіць у жаданую ўстанову адукацыі і зрабіць у сваім жыцці правільны выбар. З праніклівымі словамі і пажаданнем шчаслівага шляху звярнулася да колішніх сваіх навучэнцаў іх першая настаўніца – Святлана Станкевіч. Першакласнікі таксама выступілі са зваротам да выпускнікоў і ўручыўшы ім на памяць сувенірныя медалі. А ад імя бацькоў выступіла Святлана Шавель. Вершаваныя радкі, якія яна сама склала, выказалі ўсё тое, што ў гэты момант думаў кожны з бацькоў. І, канечне ж, як без пажаданняў выпускнікам ад іх класнага кіраўніка – Юліі Радзевіч? Гэты выпуск для яе – першы, і, як потым яна прызналася, на рэпетыцыях было ўсё – і нават слёзы. Пасля ў адказ выступілі і выпускнікі, што гаварылі пра школу, дзяцінства, сяброўства. І вось яны адпусцілі ў неба паветраныя шары, якія ахвотна падхапіў ветрык, – як знак, што іх мары абавязкова здзейсняцца. Пасля выпускнікам прадставілася добрая магчымасць пакінуць памяць пра сябе, пасадзіўшы на Алеі выпускнікоў, заснаванай у мінулым годзе, дэкаратыўныя расліны. Мяркую, новыя дрэўцы прыжывуцца, як і традыцыя, якую працягваюць ужо не толькі выпускнікі. Маладажоны пасля рэгістрацыі шлюбу таксама наведваюць гэта месца, і прыгажосць, створаная рукамі адных, мае працяг у сэрцах іншых.
Дырэктар школы абвясціў доўгачаканыя канікулы, якія школьнікі сустрэлі дружным «ура!». Апушчаны сцяг школы, блакітны колер на якім атаясамліваецца з вечнасцю, белы – гэта сімвал славянскага народу, а дубовы лісток у цэнтры – прыкмета трываласці нашага народу, яго жыццёвай моцы і сілы. І выпускнікі гэтага года абавязкова праявяць такія якасці ў далейшым. Упэўнены ў гэтым і іх педагогі, якія шчыра жадаюць ім поспеху.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара



















