На парадку дня выязнога пасяджэння райвыканкама стаяла некалькі пытанняў. Пачаць работу было вырашана з аб’езду некалькіх гаспадарак раёна, каб убачыць, як там абстаяць справы. А ўжо пазней і ўбачанае абмеркаваць, і разгледзець яшчэ два пытанні парадку дня – аб выкананні мерапрыемстваў па развіцці рэкламнай дзейнасці ў горадзе і раёне, і аб навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Маршрут аб’езду планаваўся працяглым, таму працаваць патрабавалася аператыўна, без прамаруджвання. Пачалі з малочнатаварнай фермы «Язні» аднайменнай гаспадаркі. Старшыня Сяргей Глінскіх расказаў, што тут утрымліваецца 337 галоў буйной рагатай жывёлы. Цяпер ферма і яе тэрыторыя даводзяцца да ладу – мяняюцца малакаправоды, бетаніруюцца сянажныя траншэі. Наводзіцца парадак і на тэрыторыі фермы. На першы погляд, справа робіцца, заўваг быць не можа. Аднак, так меркаваць можа толькі дылетант. У старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгена Сінілы было што сказаць і на што ўказаць. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на недахопы ў рамонце сянажных траншэй, указаў на хібы выгульнага двара, адсутнасць водаадводаў ля фермы, дрэнную пабелку будынкаў, ямы на праездах. Яўген Васільевіч таксама адзначыў, што ўсе працэсы вытворчасці павінны весціся толькі з тыльнага боку.
Нярадаснае ўражанне засталося пасля праезду па тэрыторыі машыннага двара ў Чаромушках: недагледжаныя будынкі, вокны там-сям «зашклілі» плёнкай, нейкі стары прычэп, што адзінока стаіць воддаль…
Зусім іншую карціну ўбачылі на аб’ектах філіяла «Бубны» УП «Мінгаз». Па дарозе ў гаспадарку яе кіраўнік Эдуард Яцкевіч прывёў красамоўную статыстыку: сярэдняя зарплата ў гаспадарцы склала ў красавіку прыкладна дзевяцьсот тысяч рублёў. Гэта, згадзіцеся, нямала. Ці не таму на некаторыя фермы працаўнікоў тут бяруць па конкурсу? Урэшце, пазней я зразумела, чаму гэта адбываецца.
З задавальненнем агледзелі мы мехдвор гаспадаркі. Усюды чысціня, парадак. Зайшлі ў сучасны пакой прыёму ежы; паглядзелі клас па ахове працы, багата аснашчаны плакатамі, належнай літаратурай; зазірнулі ў душавы пакой. Пакуль дзяліліся ўражаннямі, пад’ехалі да свінафермы «Заброддзе». Тут будуць працаваць тры комплексы, першы ўжо запушчаны. Аднак больш за ўсё ўразіў узорна-паказальны дом жывёлавода. Шчыра прызнаюся, такога ў нашым раёне няма. Хатняя ўтульнасць, прыгожыя занавескі на вокнах, мяккая мэбля, тэлевізар, кветкі ў пакоі адпачынку; чысціня і парадак у светлых душавых, пакоі прыёму ежы… Было многа слоў захаплення, аднак, думаю, і без іх зразумела, што такі сацкульбыт на ферме – яскравае пацвярджэнне таго, што тут усё робіцца для таго, каб чалавеку працы было камфортна. А цяпер вернемся да працаўладкаваня на ферму па конкурсе. Веру, што ў гэтай гаспадарцы такое існуе.
А вось у суседняй гаспадарцы – ААТ «Барацьбіт» – кадравая праблема, як адзначыў старшыня Альбін Сяржант, даволі вострая. Вось тут і думай, чаму так…
Сельгаспабудовы тут далёка не новыя, аднак, як адзначыў Яўген Сініла, аглядаючы мільчанскую ферму, выкарыстоўваюцца рацыянальна, затрачваючы мінімум сродкаў.
Калі ж гаварыць пра вёску Мільча, то тут у бягучым годзе пабудавана воданапорная вежа, праведзены водаправод, будуюцца шэсць аднакватэрных дамоў. Так што хоць і не аграгарадок, але дастойны населены пункт, дзе нямала робіцца для камфорту людзей.
І яшчэ на адной малочнатаварнай ферме пабывалі мы ў гэты дзень – «Камена» сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Вілія-агра». Старшыня Максім Тачыцкі адзначыў, што ў гаспадарцы 1760 галоў буйной рагатай жывёлы, 495 свіней. Гэта больш, чым было ў мінулым годзе. У гаспадарцы будуецца таксама малочнатаварная ферма на 500 дойных кароў у Пагосце.
Завяршаўся маршрут у ААТ «Сцешыцы», дзе ў мясцовым доме культуры адбылася сур’ёзная размова і наконт убачанага, і па іншых пытаннях парадку дня.
Эфектыўнасць сельгасвытворчасці ў нашым раёне зусім не такая, якой хацелася б. Гэта адзначыў на пасяджэнні Яўген Сініла. У чым справа? Аб’езд гаспадарак даў адказ на гэтае пытанне. Там, дзе кіраўнікі па-гаспадарску падыходзяць да кожнага пытання, дзе належныя парадак, тэхналогіі і дысцыпліна – там і вытворчасць на ўзроўні. А дзе замест працы – безадказнасць і адгаворкі, высокіх вынікаў чакаць не варта. Нічога новага ў гэтых сцвярджэннях, яны – знаёмыя кожнаму ці не з дзяцінства, а вось жа актуальныя заўсёды. Сэнс іх вядомы: у любой справе выдатных вынікаў дабіваецца сапраўдны гаспадар і неабыякавы чалавек. Іншага не дадзена.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара











