Рэйдавая брыгада пад кіраўніцтвам начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Галіны Кажарновіч у мінулы чацвер вырашыла праехаць па ўжо добра знаёмых адрасах, дзе пабывала раней, выявіла недапрацоўкі і дала пэўны тэрмін на навядзенне парадку. Ці выкананы прадпісанні?
Трымаем курс на Макаўе. У мінулы раз былі дадзены заўвагі лесапункту, ПМС, вучэбна-вытворчаму камбінату наконт беспарадку тэрыторый. Праязджаючы ля гэтых тэрыторый зараз, адзначаем, што парадак усюды наведзены, прадпісанні выкананы. Чаго нельга было сказаць на дзень нашага выезду пра завулак Сасновы ў Макаўі, дзе пакуль што было выканана далёка не ўсё, што патрабавалася. Тое ж назіралася і на вуліцы П.Орліка, дзе было прадпісана некаторым гаспадарам прыбраць дровы, зваленыя на вуліцы. Пакуль што гэта справа не зроблена, хоць часу навесці парадак было дастаткова. На вуліцы Зубовіча, адзначылі, што ля аднаго дома не прыбраны смецце, гравій. На гэта ўказвалася гаспадарам і раней – не прыслухаліся. Усіх тых, для каго прадпісанне адпаведных службаў навесці парадак – пусты гук, чакае адміністратыўнае пакаранне. І ўжо пратакол наўрад ці ўдасца праігнараваць…
А вось на вуліцы Каралёва, дзе рэйдавая ў мінулы раз указвала на звалку дроў, зараснікі ў двары і павалены плот, парадак наведзены.
Праязджаючы па вуліцы, сустрэліся з чалавекам, які вёз на кані смецце, галлё. На пытанне, куды трымае курс, махнуў рукой уперад:
– У яму. Ёсць там такая, куды ўсялякі хлам выкідваюць…
Паехалі ўслед за ім і апынуліся ля чыгункі. Зараснікі ля яе захламлены ўсім, чым можна, а крыху далей воку адкрыліся закіданыя розным бытавым смеццем участкі. Гэтыя тэрыторыі належаць Беларускай чыгунцы, але дзе яна? Да гаспадароў тэрыторыі далёка, а вось тыя, хто выносіць і вывозіць сюды ўсялякую непатрэбшчыну, гаспадарамі сябе адчуваць не жадаюць: сабралася смецце – яго да пуцей або ў яму… Вось так і жывуць. Неаднаразова працавалі тут работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ды гэтага, як відаць, недастаткова, наўрад ці магчыма прытрымліваць у парадку тэрыторыі ля чыгункі, калі такіх вось «гаспадарлівых» ездакоў з вазамі «ў яму» не адзін і не два…
Быць гаспадаром на сваёй зямлі – гэта не толькі ўтрымліваць у парадку ўсё тое, што ў сваім дварэ. Не, сапраўдны гаспадар бачыць шырэй, думае глабальна. Хаця б пра тое, што па гэтай зямлі будуць хадзіць яго ўнукі, праўнукі, якім хочацца пакінуць чыстае паветра, празрыстую ваду, лес і траву, што лечуць, а не атручваюць. Няўжо нехта думае інакш і жыве адным днём, маўляў, пасля мяне – хоць трава не расці? Ёсць падстава задумацца, людзі, над тым, як мы жывем…
Калі выязджалі з Воўкаўшчыны, намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Марына Андрыеўская прапанавала звярнуць на вуліцу Касмадзям’янскай, дзе жыве работнік іх арганізацыі пячнік Эдуард Лабецкі.
– Што на працы, што дома майстар на ўсе рукі, – адзначыла яна. – Урэшце, што тут гаварыць, самі ўсё ўбачыце.
Пад’ехалі да дома №26 і нібыта трапілі ў казку. Выразаныя рукамі гаспадара казачныя персанажы, расфарбаваныя ў розныя колеры архітэктурныя формы, тут ўсё прыгожа, акуратна і прафесіянальна зроблена. Уявілася, як цудоўна выглядае ўсё гэта ў вясновай квецені, у шматколерным кветкавым абрамленнем улетку і ўвосень… Калі шчыра, то на гэту прыгажосць хацелася глядзець доўга-доўга, і знаёмства з сялібай Лабецкіх неяк адціснула назад тое негатыўнае, што мы ўбачылі ў той дзень. Так што, гаспадары бываюць розныя…
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: тут жыве сапраўдны майстар.
Фота аўтара









