Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пасадкай дубова-бярозавага гаю заняліся самі дэпутаты раённага Савета

– Вярба – дрэва памяці. Нездарма яе вобраз займае адно са знакавых месцаў у народнай творчасці. А пачэснае, побач з сімваламі-памятнікамі, ёй адвялі арганізатары мерапрыемства, якое адбылося ў мінулую суботу ў ваколіцах Карэкаўцаў. Прайшло яно ў рамках абласнога суботніка і ініцыявана было дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў. На ўнікальным духоўна-культурным комплексе, створаным па ініцыятыве раённых і мясцовых улад, жыхароў вёскі, мелася прадоўжыць работы па ўдасканаленню яго паркавага дызайну. Пасадкай дубова-бярозавага гаю заняліся самі дэпутаты раённага Савета.

Фронт работ загадзя падрыхтавала мясцовая ўлада. Старшыня Касцяневіцкага сельвыканкама Наталля Шавялёва паклапацілася аб саджанцах, інвентары, разметцы. Не пакінула такую ініцыятыву без увагі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч. І сама прыняла актыўны ўдзел у пасадцы дрэў. Згодна задумцы дызайнераў, абрамляць люстраную гладзь сажалкі павінны ніцыя вербы – сімвал стваральнай памяці нашчадкаў. Іх і пасадзіла Святлана Міхайлаўна, прысыпаўшы карані пульхнай, яшчэ набрынялай веснавымі сокамі зямлёй.
…Ля падножжа абеліскаў хутка зашумяць маладыя дрэўцы – будзе цэлы дэпутацкі гай.
У тэму
За час абласнога суботніка, – паведамляе старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, многае зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторый сельскіх Саветаў. У Вязынскім, напрыклад, прыведзены ў парадак вуліцы аграгарадка і вытворчыя аб’екты. Больш дваццаці чалавек займаліся пасадкай лесу, больш сарака – убіралі з палёў каменне. У Іжскім – заняліся ліквідацыяй стыхійнай звалкі, уборкай аварыйных дрэў, ачысткай тэрыторыі каля аб’ектаў інфраструктуры. У Куранецкім рамантаваліся платы, праводзілася частковае амаладжэнне крон дрэў. Нарачанцы прывялі ў парадак свае гістарычныя мясціны, ускапалі клумбы на плошчы аграгарадка. Усюды ўбіраліся могілкі, зоны адпачынку, прыдарожныя палосы.
Па сведчанні кіраўніка ДЭУ-63 Андрэя Квяткевіча, звыш сямідзесяці работнікаў арганізацыі прынялі ўдзел у абласным суботніку. Прыводзіліся ў парадак дарожныя пакрыцці, наводзілася эстэтыка на элементы знешняга афармлення дарог. За афарбоўкай трасавых агароджаў на прымыкаючай да вадасховішча дамбе мы заспелі работнікаў гэтай арганізацыі, начале з начальнікам лінейна-дарожнай дыстанцыі № 631 Дзмітрыем Храмцом.
Немалаважная акалічнасць – здаецца, само Неба спрыяла калектыўнай працы на карысць грамадства. Надвор’е стаяла цёплае, сонечнае, ствараючы адпаведны настрой для людскога старання.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара




Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries