Згадзіцеся, што, бываючы ў незнаёмай мясцовасці, заўсёды цікава ўбачыць, як жывуць там людзі. І прыемна, калі сядзіба дагледжаная і вабіць вока парадкам, створаным нястомнымі рукамі і адметнай фантазіяй яе гаспадара. Так і ў гэты раз, праязджаючы па Касцяневіцкім сельскім Савеце і пабываўшы ў Людвінова, не магла не завітаць у двор сям’і Вербіловічаў. На вуліцы Палявой сярод, у прынцыпе, падобных адзін да аднаго домікаў іх сядзіба вылучаецца яркай кропкай. Гледзячы здалёк, думаеш: якім чынам у сельскім двары, хай сабе і спякотным летам, вырасла экзатычная пальма і вымахалі большыя за чалавечы рост бялюткія ландышы? Такое дзіва без увагі не пакінеш.
Новы домік, як расказала старшыня Касцяневіцкага сельсавета Наталля Шавялёва, Вербіловічам выдзелілі гады тры назад – у 2008-м. Наталля Леанідаўна гаворыць пра іх з цеплынёй, бо павагу людзей яны заслужылі. Нездарма гэту сям’ю ў мінулым годзе вылучалі на раённы конкурс «Лепшае падвор’е». Іх падвор’е, як заўважыла Наталля Шавялёва, заўжды ў парадку. Заўсёды падкошана, а на роўным зялёным газончыку чаго толькі няма. Тут і розныя грыбочкі,і стракатыя божыя кароўкі, і ярка-зялёныя чарапахі. У чыімсьці двары яны – проста шэрыя камяні, а ў Вербіловічаў – і аздабленне, і цацка для дзяцей. Іх у сям’і трое. Таццяна Тадэушаўна, гаспадыня, да дэкрэтнага адпачынку працавала даяркай у «Першым Беларускім». Гаспадар, Валянцін Францавіч, кіруе ў Людвіноўскай школе гаспадаркай.
Хоць сама гаспадыня паехала з дачушкай да ўрача, папярэдне патэлефанаваўшы (мабільная сувязь – рэч сапраўды незаменная), з яе згоды мы рушылі да веснічак на ўваходзе. Да іх, дарэчы, прышлося ісці не па траве, а па рамонках, што, намаляваныя рукой чалавека, а не прыроды, аздаблялі зручную сцяжынку. Над самімі веснічкамі паўкругам выгнулася арачка – не выключана, што гэта аснова для нейкай дэкаратыўнай расліны. Да самага ганку імкне сцежка з намаляванымі адбіткамі ног, а над ім – тэраса, ды не проста пафарбаваная ў аднастайны колер, як звычайна бывае, – слупы і дах над ганкам расфарбаваныя «ў бярозку». Таму здаецца, што бела-чорна-зялёныя рысачкі трымцяць ад ветрыку, быццам сапраўдныя маладзенькія дрэўцы.
На званок да нас выйшлі два гаспадары: адзін старэйшы – трынаццацігадовы Сярожа, другі малодшы – Андрэйка, якому толькі ў кастрычніку споўніцца тры гадкі. Як пасля прызнаўся Сярожа, заставацца з малодшым брацікам яму зусім не цяжка. І дома пагуляюць, і да бабулі сходзяць – жыве яна недалёка. Відаць, што мужчыны ў сваіх бацькоў падрастаюць сур’ёзныя і самастойныя. Хлопчыкі і пазнаёмілі нас са сваімі «ўладаннямі». І стала зразумела, што пальма і надзвычай высокія ландышы – ніякая не экзотыка, а справа дбайных чалавечых рук, і зроблены яны пры дапамозе звычайных рэчаў – драўлянага бервяна, пластыкавых бутэлек, металічнай арматуры і невялікай колькасці фарбы. А самае галоўнае – з фантазіяй і густам. На нехарактэрнай для нашай шыраты «расліне» распраўляў крылы беларускі сімвал – бусел, збіраючыся ляцець. Крыху наводдаль размясцілася і буслянка з гняздом, у якім, мабыць, і была тая бусліха, да якой імкнуў ён. Самаробныя арэлі, выкапаная сажалка з рознакаляровымі камянямі паабапал, на беразе якой задуменна схілілі галовы зробленыя са звычайных дошак коні, – гэта і многае другое клікала затрымацца, каб разгледзець усе дробязі. Нават гаспадарчыя пабудовы ў двары Вербіловічаў (а гаспадарку яны, як і належыць дбайным жыхарам сяла, трымаюць – ёсць куры, свінні і нават сабака Пірат, названы так не характар, а за знешні выгляд) упрыгожаныя рознакаляровым роспісам. А на дзвярах, што вядуць з хаты на задні двор, з каляровых накрывак з-пад слоічкаў ад дзіцячага харчавання і іншых падручных матэрыялаў выкладзены цудоўны ўзор. Заўважыла, што некаторыя элементы аздаблення сядзібы выкананыя з дапамогай лобзіка. І да іх, сціпла прызнаўся Сярожа, ён таксама прыклаў руку.
Пакуль мы гутарылі са старэйшым братам,маленькі Андрэйка дзівіўся кожнай рэчы, кожнаму малюнку, нібы бачыў іх упершыню. Столькі захаплення было ў яго вачах! Хлопчык толькі адкрывае для сябе свет. І я ўпэўнена, што створаная бацькамі прыгажосць захаваецца ў яго памяці, і ён стане прадаўжальнікам іх захаплення. Вядома ж, што прыгожы свет, створаны чалавекам вакол сябе, аздабляе і ўзвышае яго.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара











