Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свет прыгожы і чысты адчыняць журналістам

Рэдакцыя мая шырокае кола пазаштатных аўтараў. Адны з іх спяшаць падзяліцца цікавай інфармацыяй, сваімі жыццёвымі назіраннямі, таму што маюць у гэтым душэўную патрэбнасць, прывыклі бачыць сваё імя на газетных старонках. Гэтым імкненнем чалавек рэалізуе сваё права на галоснасць і магчымасць быць пачутым.
Допісы рознага характару прыходзяць з афіцыйных устаноў – кантралюючых і праваахоўных органаў, сацыяльнай службы, падатковай інспекцыі.

Змест іх, як правіла, папераджальна-прафілактычны. І ўсім аўтарам рэдакцыйнай пошты, якія мэты яны перад сабой бы не ставілі, мы, журналісты, аднолькава ўдзячны. За давер газеце, за прызнанне яе ролі ў выхаванні чалавека, за нераўнадушша, якое, бывае, хаваецца за скупымі на лірыку радкамі і сухімі лічбавымі радамі. Мы запатрабаваныя – і гэта нас акрыляе, надае ўпэўненасць у тым, што мы робім важную для грамадства справу.
Якой вам бачыцца роля раённай газеты ў сістэме ідэалагічнай работы? І як рэалізуе свае магчымасці раёнка ў гэтым напрамку? – з такімі пытаннямі мы звярнуліся да тых, хто і з дапамогаю прэсы імкнецца вырашыць надзённыя пытанні работы з людзьмі альбо мае свой пункт погляду адносна таго, якімі выхаваўчымі магчымасцямі на гэты конт валодае газета.
Наталля Радзевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Прэса – заўсёды на вастрыні жыццёвых праблем. Яе задача – высвечваць не толькі нашы лепшыя набыткі, але і вокаімгненна фіксаваць недахопы. А, магчыма, нават папярэджваць ход падзей. Выхоўвае людзей не толькі станоўчы прыклад, але і канструктыўная крытыка, якая дае арыенцір на выпраўленне. Карысным мне прадстаўляецца наш новы, сумесны з райвыканкамам і газетай, праект»Падвор’е», мэта якога – добраўпарадкаванне зямлі. Выйшла пакуль некалькі выпускаў, але ва ўсіх прагледжваецца адметная роль чалавека ў навядзенні парадку, павышэнні эфектыўнасці гаспадарання.
Галіна Кутас, жыхарка вёскі Ілья:
– Чытаю і выпісваю раёнку ўжо мо колькі дзесяткаў год. Нарэдзь часу, з’яўляюся і яе аўтарам. Як чалавек, сам схільны да творчасці, радуюся, калі газета прапануе чытачам літаратурныя старонкі, вядзе расказ аб асобах неардынарных, таленавітых. Журналісты не навязваюць чытачам свой пункт гледжання, але ўводзяць іх у адухоўлены свет пачуццяў, ідэй, свет незаплямлены і чысты. Газета мае сваю пазіцыю, што дапамагае раскрыць рэчаіснасць ва ўсім яе прыгостве і супрацьпаставіць распаўсюджаным веянням сучаснасці, сярод якіх – насілле, усеўладнасць грошаў, легкадумнасць і раўнадушша. У гэтым яе выхаваўчая роль. І калі ідэолагі возьмуць яе на ўзбраенне – буду гэта толькі вітаць.
Ігар Кіцікаў, дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа:
– Лічу, што менавіта газета павінна выхоўваць у чытача станоўчы ідэал, асабліва ў маладога. Сіла мускулаў і сіла інтэлекту. Пытанне аб прыярытэтах павінна вырашацца ў карысць апошняга. Газета – гэта своеасаблівы банк карысных ідэй. Іх журналісты павінны акрэсліваць, прапагандаваць, а затым дапамагаць у рэалізацыі. Як было гэта з «Вільяніным хутарам», спадзяюся, будзе з маёй ідэяй «свята судака»… І многімі ініцыятывамі – асобных людзей і ўладных структур. Раёнка распаўсюджвае ў шасцітысячным тыражы ідэі, даводзіць да ведама людзей, разлічваючы на іх калектыўнае ўспрыняцце.
Ад рэдакцыі: З-за недахопу месца многія меркаванні засталіся, як кажуць, па-за кадрам. Мы змесцім іх на нашым сайце: www.peramoga.by

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries