Жыхарку Любані Соф’ю Максімовіч у рэдакцыю прывяло пытанне, якое яна не можа вырашыць нідзе, куды б ні звярталася.
– У нас перад домам расце вялізны каштан, які зацямняе сабой усё, – расказвае Соф’я Міхайлаўна. – Ды і не толькі ў гэтым справа. Сама я хварэю, у тым ліку і на бранхіяльную астму, карыстаюся інгалятарам, таму мне цвет дрэва шкодны. Ды вось не жадаюць прыслухоўвацца да гэтага ні ў сельсавеце, ні ў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя… Няўжо дрэва даражэй за здароўе чалавека?
У старшыня Любанскага сельскага Савета Іллі Глускага на праблему такі пункт погляду:
– Каштан гэты знаходзіцца ў чатырох метрах ад дома Соф’і Міхайлаўны. Згодзен, што ён і сапраўды зацямняе, хоць сёлетнім спякотным летам гэта, магчыма, і нядрэнна… А што да просьбы Соф’і Міхайлаўны зрэзаць дрэва, то я не атрымаў на гэта афіцыяльнага дазволу. Будзе ён – зробім.
Не з чыіхсьці слоў ведае пра сітуацыю начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандр Альшэўскі – ён сам выязджаў у Любань, каб усё ўбачыць і ацаніць. Вось якое меркаванне ў Аляксандра Васільевіча:
– Дрэва здаровае, аварыйнай сітуацыяй гаспадарам не пагражае. Таму патрэбна нейкая іншая падстава, каб яго зрэзаць. Нельга ж прымаць да ўвагі проста жаданне… Я раіў Соф’і Міхайлаўне вось што: або звярнуцца ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (тое, што ў доме з-за гэтага дрэва недастаткова святла, павінны адзначыць спецыялісты), або прадаставіць заключэнне ўрача, што каштан аказвае негатыўны ўплыў на здароўе чалавека, у прыватнасці, гаспадыні. І не будзе ніякіх праблем, дрэва будзе зрэзана. Без прычыны ж зрабіць гэта мы не маем права.
Думаецца, Соф’я Міхайлаўна прыме рашэнне, куды ёй звярнуцца далей. Калі дрэва і сапраўды так уплывае на яе здароўе, то неабходна рашаць пытанне з дапамогай урачоў.
Калі будзем з вадой?
Гэта пытанне адрасавалі ў рэдакцыю жыхары дома №141а па вуліцы Стаханаўскай. Ужо працяглы час з-за рамонту ў іх доме, які належыць камбікормаваму заводу, адсутнічае гарачая вада. Ці хутка рамонт закончыцца і вада з’явіцца?
– Хутка, – адказаў дырэктар прадпрыемства Франц Касцевіч. – Закупляем трубы, працуем. Мяркуем, што на працягу двух тыдняў работы будуць закончаны.
Трэба навесці парадак!
Два наступныя звароты ў рэдакцыю – пра добраўпарадкаванне. Пенсіянер з вёскі Сосенка Дзмітрый Іванавіч Русак расказаў вось што:
– Жыву на старой вуліцы Сосенкі. Яна ў нас у такім стане… Калдобіны, ямы – не прайсці і не праехаць. Да таго ж і асвятленне недастатковае. Са страхам чакаем восені і зімы, калі ўпацёмку нам, пенсіянерам, страх і выходзіць з хаты…
А віляйчанка Ала Сяргееўна Бародзіч падзялілася пра свой нядаўні адпачынак ля ракі.
– Пайшлі з унучкамі адпачыць на беразе рэчкі, – расказала яна. – Ішлі ад «Буддэталяў» да так называемага казлінага мосціка. Так зарасло тут усе! Крапіва ў рост чалавека, іншае пустазелле, смецце… Вось куды нам усім трэба прыкласці намаганні. І яшчэ адно. Насупраць «Буддэталяў» быў некалі мосцік, па якім можна было перайсці на другі бок ракі. Цяпер ён зламаны. Можа, яго трэба было аднавіць? Людзі падзякавалі б.
Пакуль рамантуецца магазін…
З нядаўняга часу закрыты на рамонт прадуктовы магазін па вуліцы Мірнай, які віляйчанам больш вядомы як «Каласок». І пенсіянеры, якіх нямала на прылягаючых вуліцах, адчулі пэўны дыскамфорт.
– Мае бацькі – ў тым ліку, – расказала, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, Алена Усціновіч. – Вядома ж, рамонт будзе доўгім. А дзе набыць прадукты немаладым людзям? Хадзіць у «Чыгуначнік»? Праблематычна. Каб быў хоць які-небудзь пераходны мосцік праз чыгунку. Было б вельмі добра, каб адкрылі ў нас якісьці кіёск, дзе можна было б набыць хаця б асноўныя прадукты…
Такія вось пытанні і прапановы. Ці ўвасобяцца яны ў жыццё?
Ірына БУДЗЬКО
Што даражэй: дрэва ці здароўе?
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







