Дзверы Цэнтра эстэтычнага выхавання заўжды расчынены перад талентам і майстэрствам. І ў гэтым не прыходзіцца сумнявацца. Іншы раз толькі здзіўляешся, як гэты невялікі па сваёй плошчы будынак месціць столькі творчых ідэй і накірункаў. Вось і зараз, 28-29 кастрычніка, на базе Цэнтра праходзіў навукова-метадычны семінар для работнікаў устаноў культуры, адукацыі і сацыяльнай сферы Вілейскага раёна. А ў госці да нас завіталі выкладчыкі кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Напярэдадні семінара ў Вілейку даставілі выставу вучэбных і творчых работ студэнтаў кафедры. Першымі яе ўбачылі супрацоўнікі Цэнтра, якія да позняга вечара размяшчалі экспанаты. «Разглядалі работы і налюбавацца імі не маглі, – у захапленні адзначыла дырэктар ЦЭВ Таццяна Захарыч. – Гэта – сапраўдны цуд. Цуд, зроблены чалавечымі рукамі і намаганнямі, і ад гэтага ён выклікае яшчэ большае зачараванне».
Выстава, сапраўды, уражвала, але аб усім па чарзе. Адкрыў семінар начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Паўлоўскі:
– Шмат гаварыць не буду, бо,на самой справе, хочацца больш паслухаць нашых гасцей. Але адзначу вось што. Па рабоце даводзіцца наведваць розныя выставы. Так, нядаўна пабывалі на Гродзеншчыне. І я вельмі ганаруся тым, што на Вілейшчыне дастойна прадстаўлена спадчына. У нашым раёне заўжды знаходзяць падтрымку таленавітыя людзі. Напэўна, я выкажу меркаванне многіх землякоў – было б вельмі добра, каб на нашай зямлі не толькі захаваліся традыцыйныя віды мастацтва, але і развіваліся новыя накірункі. Напрыклад, кавальства. Нават ёсць ідэя – стварыць на базе Дома рамёстваў сваю кузню. Пакуль гэта толькі думкі, але не сумняваюся, што ўсё ў нас атрымаецца. Як атрымліваецца кожная справа, калі яе рабіць з любоўю. Увогуле, Вілейшчына багатая сваімі талентамі, нам ёсць што паказаць і чым ганарыцца.
Быццам у падтрымку гэтых слоў начальніка аддзела культуры перад прысутнымі з прыгожай беларускай песняй выступіла дырэктар Палаца культуры Алеся Супрановіч. Яшчэ два гады таму яна з’яўлялася студэнткай інстытута культуры, а сёння Алеся дорыць свой талент усім вілейчанам. Заслухалася выканаўцу, і, ведаеце, хоць чула песню ўпершыню, але навеяла яна нейкія ўспаміны і асацыяцыі. Прыгадалася штосьці асабістае, з дзяцінства. Магчыма, падобную песню даводзілася чуць ад бабулі або прабабулі. І ў такія моманты прыходзіць разуменне таго, што такія беларускія песні і ёсць часцінка нашай спадчыны. І неабходна збіраць гэтыя часцінкі, вывучаць іх, каб захаваць сваю гісторыю і сваю нацыянальную індывідуальнасць.
Такім вось ціхім паляваннем на скарбы нашай спадчыны займаюцца і выкладчыкі ўніверсітэта культуры. Магчыма, большасці чытачоў іх імёны незнаёмы. Але для тых, хто цікавіцца і захапляецца народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, іх імёны на слыху. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рыгор Шаура, дацэнты Тамара Васюк, Людміла Малахава і Ала Непачаловіч. Яны прыехалі, каб падзяліцца з намі сваімі ведамі, тэорыяй і практыкай. Але, як прызнаўся Рыгор Фёдаравіч, не толькі гэта – асноўная мэта іх візіту.
– Мы ведаем, што Вілейшчына – край майстроў, – у чарговы раз высока ацаніў раён прафесар. – І ў гэтым мы пераканаліся ў 2008 годзе, падчас нашай мінулай сустрэчы. Тады ўсе былі ўражаны шматграннымі талентамі вілейчан. Эмоцыі, якія мы атрымалі, нібы жыватворныя крынічкі, натхнялі нас на новыя і новыя творчыя подзвігі.
Запомнілася тая прыемная сустрэча і супрацоўнікам Цэнтра эстэтычнага выхавання. Дырэктар ЦЭВ Таццяна Захарыч і рэжысёр установы Аляксандра Лапацкая нават стварылі з такой нагоды фільм «Па сцяжынках Вілейшчыны – 2008». І зноў нібы кола часу вярнула ў мінулае. Відавочна, госці былі ўражаны. Зацікаўленасць выклікаў і фільм-пераможца рэгіянальнага фестывалю аматарскага краязнаўчага кіно «Вілейка. Горад па-над Віліяй». На адным дыханні прагледзелі стужку. Госці нават пацікавіліся, дзе можна набыць дыскі з фільмам. Міжволі схіляеш галаву перад талентам і майстэрствам людзей, стварыўшых фільм. Гэта – рэжысёр Аляксей Раковіч і супрацоўнікі Вілейскага краязнаўчага музея. Яны шчаслівыя людзі. Шчаслівыя, бо валодаюць дарам укладаць у любімую справу ўсю сваю душу. І ад таго тая справа ажывае, выклікае захапленне ў іншых людзей, і яны таксама становяцца бліжэй да прыгожага і чароўнага свету мастацтва. І такіх людзей шмат, запэўнілі падчас лекцый і майстар-класаў выкладчыкі. Пацвярджэнне таму – выстава вілейскага мастака Мікалая Кучко, якая таксама была арганізавана ў адным з пакояў Цэнтра.
– Вось ён – народны талент! – адзначыў Рыгор Шаура, разглядаючы карціны мастака. Немнагаслоўная адзнака, але, як кажуць, у самую кропку. Іншы раз усё зразумела і без слоў. Трэба толькі любавацца, захапляцца і ганарыцца тым, што не страцілі нашы землякі народнае майстэрства, перанялі яго ў спадчыну, каб узбагаціць і перадаць, ужо ў сваю чаргу, нашчадкам. Каб і яны былі шчаслівымі…
Марына ПУЦЭЙКА,
фота аўтара








