Свечкі, што запальваюцца ў гэтыя дні, закліканы ўспыхнуць недзе там, у вечнасці, знічкамі нашай памяці. Гучаць у храмах памінальныя малітвы. Яны – пасыльныя нашых душ, што пакутуюць болем растання, нябачныя ніці, працягнутыя за мяжу быцця. Толькі ў памяці, акрамя духоўнага, ёсць яшчэ і матэрыяльнае ўвасабленне. Як засведчыла тая акцыя, што напярэдадні «Дзядоў» адбылася ў аграгарадку Лыцавічы, цэнтры акцыянернага таварыства «Чурлёны».
– Пасадзіць дрэўца ў знак ушанавання памяці Мікалая Іванавіча Шайко, былога старшыні калгаса імя Кірава (такую назву некалі мела сельгасарганізацыя – М.К.), задумана было даўно. Хацелася, каб акцыя не стала ініцыятывай мясцовых улад, і выспела ў свядомасці людзей, – дзеліцца старшыня Іжскага сельвыканкама Валянціна Навасёлак. – Вывучалася грамадская думка, праводзіліся неафіцыйныя гутаркі з насельніцтвам. І ўрэшце прынята рашэнне. На ўрачыстасць у знак ушанавання памяці Мікалая Іванавіча Шайко, якая мелася адбыцца на плошчы аграгарадка, сабраліся тыя, хто ведаў яго і цаніў, з гонарам і сёння нясе памяць пра асобу, ролю якой у станаўленні і развіцці Лыцавіч цяжка пераацаніць. Прыйшлі і юныя нашчадкі былога старшыні, вучні Чурлёнскай школы. А Зоя Карыба,мясцовы бібліятэкар, агульнапрызнаны даследчык і знаўца гісторыі свайго краю, узнавіла галоўныя эпізоды з жыцця чалавека, якім па праву ганарыцца чурлёнская зямля, удзячная і благаславёная нябёсамі. Старшынёўства Мікалая Іванавіча пазначана прыкметнымі штрыхамі ў развіцці Лыцавіч. Пры ім пабудаваны былі дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, каля якога нядаўна вёска святкавала сваё 400-годдзе. Мікалай Шайко клапаціўся аб дабрабыце вяскоўцаў, камфорце іх светаадчування. Ён паважаў людзей, верыў у іх магчымасці. На гэтым фоне і будавалася перспектыва гаспадаркі. Мікалай Іванавіч 35 год кіраваў ёю, паказваючы добрыя вынікі гаспадарання. Прызнаннем гэтага – два ордэны «Знак Пашаны» – высокія дзяржаўныя ўзнагароды. – Жыццё і праца Мікалая Іванавіча Шайко – прыклад таго, як трэба кіраўніку адносіцца да людзей і ў кожным працаўніку цаніць чалавека, – зазначыў дырэктар акцыянернага таварыства Пётр Міргалоўскі. Ён і пасадзіў з вучнямі мясцовай школы чырвоны дубок. Месца для яго выбрана публічнае, непадалёку ад памятнага каменя, надпіс на якім сведчыць аб паважаным узросце вёскі. Ён моцна любіў сваю зямлю, дарыў ёй плён свайго прыроднага таленту. І яна аддзячыла Мікалаю Шайко вечнай памяццю. Нівы бацькаўскай руплівец ад Бога, Зерне тваё – гэта дар для сустрэчнага… Прагучалі на заканчэнне акцыі ўразлівыя паэтычныя радкі з вуснаў вядучай, дырэктара сельскага Дома культуры, Марыі Шарафановіч. Здаецца, яны прысвечаны аўтарам менавіта яму, шчыраму рупліўцу Лыцавіцкай зямлі, імя якога цяпер увекавечана на імянной табліцы, побач з чырвоным дубком, што расправіў вецце нібыта новы гаспадар чурлёнскіх ваколіц. Марыя КУЗАЎКІНА. Фота прадастаўлена Лыцавіцкім СДК











