Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Каталіцкі Касцёл успамінае Усіх Святых і моліцца за памерлых

1 лістапада Касцёл урачыста ўспамінае Усіх Святых – вядомых і невядомых, старадаўніх і сучасных. У гэты дзень Касцёл радуецца з таго, што вельмі шмат з памерлых ужо заслужылі збаўленне і прабываюць з Богам у небе. Радуемся вялікай грамадзе святых, памяць пра якіх сярод людзей, можа, ужо знікла.
Урачыстасць Усіх Святых, як і кожнае свята ў Касцёле, мае радасны характар. Некаторыя імёны і біяграфіі святых вядомы, бо яны былі афіцыйна абвешчаны Касцёлам святымі. Аднак колькасць святых вельмі вялікая. Таму на працягу літургічнага года адзначаюцца ўрачыстасці ці ўспаміны паасобных святых ці благаслаўлёных, а вось у гэты дзень – 1 лістапада – ушаноўваюцца адразу ўсе тыя, хто дасягнуў вечнага шчасця. Касцёл бачыць у іх сваіх заступнікаў перад Богам і прыклад для наследавання.
Дзень Усіх Святых нагадвае праўду аб паўсюдным пакліканні да святасці. Кожны хрысціянін, незалежна ад жыццёвага шляху, пакліканы да святасці.
2 лістапада, ва Успамін усіх памерлых вернікаў – успамінаем усіх верных памерлых.
Гэта дзень асаблівы, дзень памяці пра тых, якія нас апярэдзілі на шляху да Дому Айца, і ў гэты дзень мы запрошаны паразважаць над нашым жыццём, над вечнасцю.
Узгадваючы пра памерлых блізкіх, мы прагнем падзякаваць ім за ўсё дабро, якое яны рабілі на зямлі, за прыгожы след, які пакінулі ў нашай памяці, за дар іх прысутнасці ў нашым жыцці.
Трэба звярнуць увагу, што малітва за памерлых, а асабліва ахвяра святой Імшы ў іх інтэнцыі – гэта найбольш моцная і самая лепшая дапамога, якую мы можам аказаць тым, хто ачышчаецца ў чыстцы. Іншыя адзнакі нашай памяці – жывыя кветкі, запаленыя знічы, прыгожыя надмагіллі – з’яўляюцца толькі знешнім праяўленнем нашай удзячнасці і любові, але памерлым не могуць дапамагчы.
Гэты дзень нагадвае таксама, што і нас смерць не абміне, што і нам калісьці трэба будзе пераступіць гэты парог, за якім нас чакае вечнасць. Няхай наша жыццё ўжо тут, на зямлі, будзе пачаткам іншага, лепшага жыцця ў нябеснай Айчыне!
Дзекан Вілейскі і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа  ў Вілейцы ксёндз
Аляксандр БАРЫЛА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries