Азі Асланаў – гэта імя сёння з гонарам вымаўляюць у Вілейцы. Бо звязана яно з вызваленнем нашага роднага горада, а камандзір 3-га гвардзейнага сталінградскага механізаванага корпуса, гвардыі генерал-лейтэнант, двойчы Герой Савецкага Саюза Азі Асланаў, навечна застыў у бронзе пад засенню ахопленых майскім полымем дрэў. Летась па вуліцы Савецкай Герою ўстаноўлены помнік. І цяпер кожны віляйчанін, які даражыць памяццю аб вайне, ведае, што вызваленнем горада ён абавязаны 35-й гвардзейскай танкавай брыгадзе і яе камандзіру, ураджэнцу Азербайджана, – Азі Ахадавічу Асланаву.
Мы падтрымалі ініцыятыву таварыства «Габустан» і азербайджанскай дыяспары аб увекавечанні на Вілейшчыне памяці сына азербайджанскай зямлі. І свята шануем гэта месца. А напярэдадні 65-годдзя Перамогі сюды прыбыў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Азербайджана ў Рэспубліцы Беларусь Алі Нагіеў. Са словамі ўдзячнасці за памяць ён звярнуўся да прысутных віляйчан – удзельнікаў мітынгу, і раённых улад. Алі Нагіеў разважаў аб непераходзячай каштоўнасці Вялікай Перамогі для ўсіх народаў Савецкага Саюза, якія змагаліся плячо ў плячо і адстаялі цаною крыві і страт сваю Радзіму, аб важнасці пераможнага 45-ага ў кантэксце сусветнай гісторыі.
Гірлянда жывой зелені, перавітая майскімі кветкамі, легла да пастамента помніка. Вянок ад выканаўчай і прадстаўнічай улады ўсклалі старшыня райвыканкама Яўген Сініла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч.
Засведчылі сваю павагу памяці земляка пасол Алі Нагіеў, прадстаўнікі таварыства «Габустан» і азербайджанскай дыяспары.
Перапляла лёсы народаў тая вайна, звязала повяззю крыві. І гэта, відаць – наймацнейшая сувязь.
Марыя КУЗАЎКІНА,
фота аўтара







